«Сямнаццатай вясной»
Раскрыццё ў творы характараў Цімоха, Стасі і іншых герояў
Герой-апавядальнік Цімох з любасцю расказвае, якімі шчырымі, наіўнымі, чыстымі ў пару юнацтва былі ён сам і яго сябры: «Мы ні разу не паддаліся на прыманку маладосці, не пайшлі танцаваць, не зналіся з дзяўчатамі. Мы рыхтавалі з сябе барацьбітоў, бязлітасных, мужных, зацятых. І хоць на зямлі была вясна, хоць так прывабна расцвітаў бэз, мы трымаліся стойка, адкладваючы сардэчныя справы на час пасля вайны». Нягледзячы на тое, што героі апавядання аб’яднаны агульнай ідэяй змагання, кожны з іх паказаны пісьменнікам як адметная асоба, індывідуальнасць. Мікола Біцюг быў рэзкі ў меркаваннях, «заўсёды выказваў самыя крайнія погляды». Гэта ён здраднікамі называе дзяўчат і хлопцаў, што танцуюць у скверы, і ненавідзіць іх. Цішка Дрозд, наадварот, «любіў пасмяяцца, любіў вясёлыя гісторыі». У яго няма спачування да равеснікаў, якія не прагнуць помсты, як іх група.
Самы спакойны і разважлівы ў чацвёрцы — Сымон Біцюг. Менавіта ён наладжвае сувязь з партызанамі, з аптэкаркай Стасяй, а пасля падрыву моста наведвае параненага Цімоха, прыносіць медыкаменты, забінтоўвае яго параненую нагу і папярэджвае, што нельга дзейнічаць так неабачліва. Сымон здольны рэальна ацэньваць свае паводзіны і паводзіны сяброў. Такая ж самакрытыка ўласціва і Цімоху, які не мог зразумець учынкі каханай дзяўчыны, імкнучыся зрабіць на яе ўражанне сваім знешнім выглядам.
Герой вымушаны быў прызнаць: «Цяпер я ведаў усё. Ведаў, якім быў сляпым і недалёкім. Такую дзяўчыну хацеў прывабіць сінімі штанамі. Эх ты, дурніца...» Сярод сяброў галоўны герой апавядання вылучаецца засяроджанасцю на сваіх інтымных пачуццях, перажываннях, хоць лічыць іх з’яўленне ў ваенны час здрадай агульнай справе: «Першым здрадзіў нашай агульнай справе я. У гэты час, калі ішла вайна і калі там, на фронце, паміралі сапраўдныя героі, я, чалавек, які не зрабіў у жыцці яшчэ ніводнага подзвігу, закахаўся самым ганебным чынам».
Лірычны герой твора ўзнаўляе ў сваім аповедзе працэс нараджэння першага кахання. Цімох убачыў у скверы незнаёмую дзяўчыну, якая яму «адразу кінулася ў вочы. Яна была зусім непадобная на дзяўчат», якіх ён сустракаў дагэтуль. «Першы час я праходзіў міма дзяўчыны з самым незалежным выглядам. Я не кінуў у яе бок ніводнага прыязнага позірку, стараўся на яе не паглядаць. Я лічыў яе асобай пустой, нікчэмнай, не вартай увагі наогул. У думках я вінаваціў тоненькую дзяўчыну за яе бестурботны смех, за яе звонкае шчабятанне. Як магла яна смяяцца ў такі час!» Жаданне «перавыхаваць» гэта бестурботнае дзяўчо абуджае фантазію Цімоха, які хоць «яшчэ і не зрабіў ніводнага подзвігу, але ў глыбіні душы лічыў сябе здольным на гераічныя ўчынкі». Хлопец не толькі прыдумвае для сябе розныя сітуацыі, дзе ён мог бы праявіць свой гераізм і нават загінуць, але і адчувае сябе здольным суняць не зусім дарэчную ў вайну весялосць дзяўчыны: «У сваім уяўленні я маляваў сябе ў розных геройскіх ролях. Вось я на вачах у дзяўчыны забіваю нямецкага каменданта, забіваю Кірылу Сёхмана, забіваю цэлы дзясятак фашыстаў, нарэшце, падаю забіты сам… Белая дзяўчына перастала смяяцца, у яе вачах захапленне, роспач, пакута. Яна плача, вінаваціць сябе за свой смех. Яна становіцца другой…»
Аднак планам юнака не суджана было здзейсніцца. Не жадаючы таго, Цімох трапіў у сілкі дзявочай прыгажосці і абаяльнасці. Выпадкова ён убачыў Стасю з вясновымі кветкамі, якія яна трымала «беражна, як трымаюць якую-небудзь вельмі каштоўную рэч», пачуў, як дзяўчына спявала («яе голас можна было пазнаць сярод тысячы другіх галасоў»). Гэтай сваёй вытанчанасцю і незвычайнасцю Стася паланіла сэрца Цімоха. Глыбока псіхалагічна пісьменнік перадаў пачуцці і адчуванні закаханага юнака: «І вось хутка я адчуў, што мне няма куды схавацца ад жывых сініх вачэй… ад звонкага шчэбету, ад гэтай цудоўнай белай птушкі. Яе вобраз стаяў перад маімі вачыма, дзе б я ні быў, што б ні рабіў. Я ўжо не мог пражыць дня, каб… не пабачыць тоненькай дзяўчыны. <…> Я нячутна паўтараў імя Стасі тысячу разоў у дзень, яно звінела ў маіх вушах як музыка. Я мог думаць пра сваю дзяўчыну цэлымі гадзінамі, прыдумваў розныя варыянты нашай размовы, нашай сустрэчы», калі ж бачыў яе, «сэрца ў грудзях пачынала біцца, нібы птушка, злоўленая ў сіло».
Аўтар акцэнтаваў увагу на зменах у паводзінах «закаханага рыцара»: ён «стаў задумлівы, разгублена адказваў на пытанні сваіх сяброў і свой душэўны стан не змог схаваць ад іх вачэй», але і праўды расказаць ім не мог, бо лічыў сваё каханне ў ваенны час ганьбай і здрадай агульнай справе. Мастаку слова ўдалося вельмі тонка і далікатна перадаць нюансы душэўных зрухаў закаханага маладога чалавека. Герой-апавядальнік з любоўю і цёплым гумарам апісвае ўспрыманне самога сябе і навакольных, у тым ліку і Стасі.
Пісьменнік паказаў, што каханне здольна абудзіць душу чалавека, вызваліць яе ад эгаізму і самаўпэўненасці, узвысіць над іншымі. Праз выяўленне тонкага адчування Цімохам прыгажосці прыроды і дзявочай красы раскрываецца мяккасць і далікатнасць натуры героя-апавядальніка.
Праз хлапечае ўспрыманне каханай дзяўчыны падаецца ў апавяданні рамантызаваны і ўзнёслы вобраз Стасі. Падкрэсліваючы незвычайнасць дзяўчыны, яе выключнасць сярод іншых, паэтызуючы вобраз Стасі, аўтар не толькі акцэнтаваў увагу на яе белай вопратцы, параўноўваў гераіню з белай птушкай, але выяўляў выключнасць у яе характары і паводзінах: «трымалася яна смела, незалежна». Калі Цімох даведаўся пра тое, што хавала Стася за сваёй весялосцю, «тоненькая белая дзяўчына» паўстала ў яго вачах «у нейкім новым, казачным святле».
Узнёслае захапленне героем сваёй каханай сведчыць пра тое, што страшная ваенная рэчаіснасць у чулай душы не знішчыла светлае і прыгожае, што каханне і прырода ў драматычных умовах вайны якраз і ратавалі чалавечую душу.