ТЭОРЫЯ ЛІТАРАТУРЫ. Раман у вершах

Раман у вершах

Раман у вершах — ліра-эпічны твор, напісаны вершаванай мовай з захаваннем усіх прымет празаічнага рамана.

Акрамя эпічных сродкаў адлюстравання рэчаіснасці (маштабнасць праблематыкі, шырыня ўзнаўлення жыццёвых падзей, разгорнутая сістэма вобразаў), у вершаваным рамане выкарыстоўваюцца лірычныя (адкрытае выяўленне пачуццяў і перажыванняў аўтара, яго адносін да герояў, эмацыянальнасць, наяўнасць шматлікіх лірычных адступленняў).

Для рамана ў вершах характэрны пераходы з узвышанай паэтычнай да іранічнай, часам — гутарковай мовы. Свабода выкладання матэрыялу спалучаецца са строгай страфічнай формай, што надае творам гэтага жанру мастацкую завершанасць.

У рамане ў вершах шырока ахопліваюцца істотныя жыццёвыя падзеі пэўнага сацыяльнага асяроддзя, нацыі, эпохі, паказваюцца характары ў іх развіцці і псіхалагічнай напоўненасці.

Гэта жанравая разнавіднасць звязана з вытокамі еўрапейскага рамана, які спачатку быў вершаваным. Пасля еўрапейскі раман стаў традыцыйна празаічным, а адхіленне ад традыцыі стала ўспрымацца як наватарства.

Раман у вершах Н. Гілевіча «Родныя дзеці» — твор наватарскі ў беларускай літаратуры. Выяўленню аўтарскай канцэпцыі свету і чалавека ў рамане садзейнічаюць вобразна-лексічная разнароднасць выкарыстанага матэрыялу, стракатасць стылістыкі, адкрытае выяўленне аўтарскага «я» ў творы.