Печатать книгуПечатать книгу

ТЭОРЫЯ ЛІТАРАТУРЫ. Раман у вершах

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская літаратура. 11 клас
Книга: ТЭОРЫЯ ЛІТАРАТУРЫ. Раман у вершах
Напечатано:: Гость
Дата: Четверг, 21 Ноябрь 2024, 21:32

Раман у вершах

Раман у вершах — ліра-эпічны твор, напісаны вершаванай мовай з захаваннем усіх прымет празаічнага рамана.

Акрамя эпічных сродкаў адлюстравання рэчаіснасці (маштабнасць праблематыкі, шырыня ўзнаўлення жыццёвых падзей, разгорнутая сістэма вобразаў), у вершаваным рамане выкарыстоўваюцца лірычныя (адкрытае выяўленне пачуццяў і перажыванняў аўтара, яго адносін да герояў, эмацыянальнасць, наяўнасць шматлікіх лірычных адступленняў).

Для рамана ў вершах характэрны пераходы з узвышанай паэтычнай да іранічнай, часам — гутарковай мовы. Свабода выкладання матэрыялу спалучаецца са строгай страфічнай формай, што надае творам гэтага жанру мастацкую завершанасць.

У рамане ў вершах шырока ахопліваюцца істотныя жыццёвыя падзеі пэўнага сацыяльнага асяроддзя, нацыі, эпохі, паказваюцца характары ў іх развіцці і псіхалагічнай напоўненасці.

Гэта жанравая разнавіднасць звязана з вытокамі еўрапейскага рамана, які спачатку быў вершаваным. Пасля еўрапейскі раман стаў традыцыйна празаічным, а адхіленне ад традыцыі стала ўспрымацца як наватарства.

Раман у вершах Н. Гілевіча «Родныя дзеці» — твор наватарскі ў беларускай літаратуры. Выяўленню аўтарскай канцэпцыі свету і чалавека ў рамане садзейнічаюць вобразна-лексічная разнароднасць выкарыстанага матэрыялу, стракатасць стылістыкі, адкрытае выяўленне аўтарскага «я» ў творы.

Пытанні

1. Параўнайце праблематыку і кампазіцыю раманаў Н. Гілевіча «Родныя дзеці» і А. С. Пушкіна «Яўгеній Анегін».
2. Выявіце творчую пераемнасць і наватарства беларускага пісьменніка.