ТЭОРЫЯ ЛІТАРАТУРЫ. Рамантычнае і рэалістычнае адлюстраванне жыцця ў літаратуры. Гістарычны раман
Рамантычнае і рэалістычнае адлюстраванне жыцця ў літаратуры
Рамантычнае і рэалістычнае адлюстраванне жыцця ў літаратуры. Гістарычны раман
Рамантычнае адлюстраванне жыцця вызначаецца асаблівай цікавасцю пісьменніка да ўнутранага свету асобы, засяроджанасцю на ўвасабленні высокіх адносін, прыгожых пачуццяў, душэўных пераўтварэнняў, імкненнем да ідэальнага, справядлівага светаўладкавання. |
Не прымаючы трагічную недасканаласць свету, рамантычны герой лічыць, што ў жыцці пануе наканаванасць, змагацца з якой няма сэнсу. Герой-рамантык — яркая асоба, якая перажывае моцныя пачуцці, супрацьстаіць бездухоўнаму. Мастак-рамантык не ставіць перад сабой мэты дакладна ўзнавіць жыццё — гэта задача пісьменніка-рэаліста. Рамантыку важней выказаць свае адносіны да свету, стварыць малюнак жыцця і праз яго данесці да чытача свой ідэал. Пісьменнікі-рамантыкі выяўляюць павышаную ўвагу да фальклору і міфалогіі.
Рэалістычнае адлюстраванне жыцця характарызуецца глыбокім раскрыццём чалавечых характараў, абумоўленых сацыяльна-бытавымі і гістарычнымі абставінамі. |
Пісьменнік-рэаліст імкнецца да праўдзівага адлюстравання жыцця. У творах пісьменнікаў-рэалістаў захоўваюцца аб’ектыўнасць, дакладнасць, праўдзівасць. Герой рэалістычнага твора — гэта тыповы прадстаўнік канкрэтнай гістарычнай эпохі, пэўнага сацыяльнага асяроддзя. Ён надзелены індывідуальным характарам, раскрытым з псіхалагічнай дакладнасцю. Гэта дзейсная асоба, здольная ўплываць на свой лёс і перамагаць абставіны.