«Сэрца на далоні»
Вобраз Антона Яраша. Партызанскае мінулае героя
Антон Яраш — былы ўдзельнік падполля, выдатны хірург. Адначасова гэта і асілак («Пад яго цяжкім целам натужліва рыпнулі слупы веранды, забрынчалі шыбы»; жонка «тысячны раз» любавалася «яго асілкавай постаццю, што ўся імкнецца ў неба за галубамі»), і па-дзіцячы непасрэдны, апантаны рамантычнымі марамі летуценнік, юнак («Доктар Яраш стаяў на даху веранды і свістаў, залажыўшы пальцы ў рот. Свістаў так, што здавалася, з дубоў пасыплецца лісце», «Яраш засланяўся ад яго [сонца] не далоняй, а неяк па-дзіцячы, локцем»). Герой высокі, стройны і прыгожы. Такім запомніўся ён і Зосі Савіч у вайну, калі тая схавала яго ад фашысцкай пагоні. Такім застаўся, калі стаў знакамітым хірургам.
Пісьменнік неаднойчы звяртаў увагу чытача на прыгажосць яго дужых і ўмелых рук. Невыпадкова самы блізкі чалавек, жонка, захапляецца гэтымі «дужымі голымі рукамі», а таксама «шырокім і мужным тварам» (звернем увагу на эпітэты) і «валасамі каштанавага колеру», яго зграбнай і дарагой сэрцу постаццю. Невыпадкова ў гэтых дужых прыгожых руках аказвалася не адно прааперыраванае сэрца ўратаваных Ярашам людзей.
У ліку многіх трымае ён на далоні і сэрца сваёй выратавальніцы ў вайну, пакалечанай, пазбаўленай здароўя Зосі Савіч, запісанай у здрадніцы. Шамякін даверыў прыгожаму чалавеку з дужымі і чыстымі рукамі сэрца сваёй гераіні, нібы сказаўшы тым самым, што толькі людзі з чыстым сумленнем і такімі ж рукамі могуць вырашаць лёс іншых.
Сімвалічнай назвай твора сцвярджаецца, што трэба быць шчырым, даверлівым, толькі тады ты зможаш заваяваць прыхільнасць і любоў людзей. Менавіта такі Яраш. Ён уратаваў ад смерці Зосю, выканаў просьбу падпольшчыка Паўла паклапаціцца пра яго сына Та[1]раса і выхоўвае яго як роднага са сваімі дзецьмі Віктарам і Наташай.
Сцэна аперацыі на сэрцы Зосі Савіч падрабязна апісана ў рамане. У момант перад аперацыяй ён здаецца прысутнаму Шыковічу «звышчалавекам, богам», паўстае ў белым адзенні, у белай шапачцы, якая «аж ззяла ў святле раніцы». Такім богам сваёй справы і быў Яраш. Таму яму зайздросціць урач Гаецкая, зайздросціць і заляцаецца да яго. Таму і не падабаецца ён Гукану, які адчувае перад ім сваю мізэрнасць, лічыць свайго відавочнага саперніка па народным аўтарытэце «анархістам» і ворагам (так ён яго выстаўляе перад Шыковічам).
Адстойваць свае прафесійныя патрабаванні Яраш можа не менш тэмпераментна і настойліва, чым Шыковіч: яму ўдалося атрымаць лепшае абсталяванне ў хірургічнае аддзяленне, менавіта ён крытыкуе непарадкі ў пастаноўцы медыцынскіх спраў у горадзе і гаворыць пра гэта публічна. Менавіта з дапамогай Яраша Шыковіч устанаўлівае праўду пра падполле і выкрывае кар’ерыста Гукана.
Яраш не баіцца ўзяць на сябе адказнасць за лёс Зосі, бо ён высокамаральны чалавек і не можа дапусціць, каб жанчына, якая некалі ўратавала яго, адпакутавала несправядліва многія гады, памерла. З яго даппамогай Зося атрымала кватэру, хоць Яраш ведаў, з якой варожасцю паставіцца да гэтага яго раўнівая жонка. Яраш страшэнна перажывае непаразуменне з жонкай. Яе недавер яго глыбока раніць.
У вайну Яраш быў смелым маладым чалавекам. Працаваў пажарным і санітарам, бачыў на свае вочы, як каралі смерцю сяброў-падпольшчыкаў: «Карнікі ўтварылі першы ланцуг вакол шыбеніц. Воддаль, таксама ланцугом, стала паліцыя ўнутранага парадку — “бобікі”. Яны ж выконвалі другую ганебную місію: зганялі народ.
Праўда, першымі з’явіліся добраахвотнікі, тыя, хто хацеў выслужыцца перад акупантамі. Яны прыходзілі па адным, па два, нясмела аглядаючыся, не давяраючы адзін аднаму, ціснуліся бліжэй да паліцыі, але стаялі асобнымі кучкамі. Потым паліцаі прыгналі рабочых станкабудаўнічага завода і друкарні. Рабочыя адразу зліліся ў адну групу. Сталі яны каля самай пажарнай сцяны, наблізіўшыся да бронетранспарцёра. Паліцыя адціснула рабочых, а бронетранспарцёр адсунуўся заднім ходам бліжэй да шыбеніц, і кулямёт... быў скіраваны на рабочых. Жанчынам, якіх паліцаі прыгналі з другога боку, не дазволілі зліцца з рабочымі. Іх паставілі асобна».
Пасля гэтай трагічнай сцэны ён пайшоў на прыём да начальніка гарадской паліцыі Лучынскага і здзейсніў, рызыкуючы жыццём, смяротны прысуд.
Даследчыкі адзначаюць, што «асноўная ўвага ў рамане “Сэрца на далоні” скіравана на доктара Яраша і яго сябра, пісьменніка і журналіста Шыковіча. Характары іх распрацоўваюцца галоўным чынам дынамічна — праз дыялогі, спрэчкі, характэрныя паводзіны і ўчынкі. Дыялогі нярэдка выходзяць за межы сацыяльна-побытавай канкрэтыкі, закранаюць сферу маралі і філасофіі. Пэўную ролю ў раскрыцці характараў адыгрывае прырода». Яраш «умеў не толькі любавацца прыродай, ён заўсёды стараўся помніць законы яе з’яў». Рамантычна-ўзнёслы малюнак прыроды, адлюстраваны аўтарам у пачатку рамана, дазваляе глыбей пранікнуць у псіхалогію герояў, рамантызуе іх аблічча, асабліва Яраша.
Героі змагаюцца за аднаўленне праўды гісторыі, праўды падполля, у якім удзельнічалі і сам доктар Яраш, і Зося Савіч, і дэмагог-кар’ерыст Гукан. Пісьменнікам падкрэсліваліся «разумовасць» Яраша, яго рацыяналізм і «пачуццёвасць», імпульсіўнасць Шыковіча. З мэтай зрабіць характар Антона Яраша больш «гнуткім», заземленым аўтар ставіў яго ў адмоўныя сітуацыі: фатальнае каханне, або, дакладней, нейкая паталагічная страсць Гаецкай, пакутніцкая рэўнасць жонкі Галіны. Аднак нішто адмоўнае не ўплывае на Яраша, ва ўсіх сітуацыях ён застаецца крыштальна чыстым.