§ 36. Мадыфікацыйная зменлівасць
Вывучэнне мадыфікацыйнай зменлівасці хатніх раслін
- Парасткі пеларгоніі (колеусу, бальзаміны, традэсканцыі ці іншай хатняй расліны, здольнай размнажацца сцябловымі чаранкамі) разрэжце на чаранкі прыкладна роўнай даўжыні так, каб кожны з іх меў па 3—4 вузлы.
- Лісты з ніжніх вузлоў выдаліце і пастаўце чаранкі ў пасудзіны з вадой. Тыя ўчасткі сцябла, з якіх вы выдалілі лісты, павінны знаходзіцца ў вадзе.
- Кожныя 3—4 дні ваду ў пасудзінах мяняйце. Назірайце за ўтварэннем прыдатачных каранёў. Калі яны дасягнуць даўжыні каля 2 см, высадзіце расліны ў вазоны з глебай.
- Змясціце вазоны з раслінамі ва ўмовы рознай асветленасці (тэмпературы і г. д.). Напрыклад, частку раслін можна перанесці ў добра асветленае месца (падаконнік, балкон), а іншыя — у зацененае. Ці некаторыя расліны вырошчвайце ў цёплым памяшканні, а іншыя — у халаднаватым.
- Можна вырошчваць расліны пры рознай вільготнасці глебы, г. зн. адны паліваць багата, другія ўмерана, а трэція мала. Яшчэ адзін магчымы варыянт: частку раслін падкормліваць мінеральнымі ўгнаеннямі, а іншыя не. Назірайце за ростам і развіццём раслін.
- Праз 2—3 месяцы параўнайце экзэмпляры, якія развіваліся ў розных умовах. Для гэтага выкарыстайце такія прыметы, як вышыня і ступень галінавання сцёблаў, колькасць лістоў, іх памер і інтэнсіўнасць афарбоўкі, час пачатку цвіцення, колькасць і памер кветак і г. д.
● Прааналізуйце атрыманыя даныя і зрабіце вывад пра тое, як той ці іншы фактар асяроддзя (колькасць святла, тэмпература, вільготнасць глебы і інш.) паўплываў на фенатып раслін. Паспрабуйце растлумачыць прычыны ўзнікнення адрозненняў.
● Якія прыметы дадзенага віду раслін маюць параўнальна шырокую норму рэакцыі, а якія — больш вузкую? Як вы думаеце, з чым гэта звязана?