§ 35. Генетыка пола
У большасці раздзельнаполых арганізмаў мужчынскія і жаночыя асобіны маюць адрозненні ў адной пары храмасом. Гэтыя храмасомы называюцца палавымі, паколькі іх спалучэнне вызначае пол арганізма. Астатнія храмасомы прынята называць аўтасомамі. Пол, які мае дзве аднолькавыя палавыя храмасомы, называецца гомагаметным, а той, у якога розныя палавыя храмасомы, — гетэрагаметным. У большасці млекакормячых, у тым ліку ў чалавека, і шэрага іншых арганізмаў гомагаметным полам з’яўляецца жаночы (набор палавых храмасом — ХХ), а гетэрагаметным — мужчынскі (XY). У птушак і некаторых іншых жывёл, наадварот, гомагаметнымі з’яўляюцца самцы (ZZ), а гетэрагаметнымі — самкі (ZW). Паколькі гомагаметны пол у адносінах да палавых храмасом фарміруе адзін тып гамет, а гетэрагаметны — два, у патомстве назіраецца расшчапленне па поле 1 : 1. Прыметы, якія вызначаюцца генамі, размешчанымі ў палавых храмасомах, называюцца прыметамі, счэпленымі з полам. Пры наследаванні такіх прымет рэцыпрокныя скрыжаванні даюць розныя вынікі. Генатып арганізма ўяўляе сабой цэласную сістэму генаў, якія ўзаемадзейнічаюць.