§ 6-1. Побыт насельніцтва Беларусі ў XІV – XVІ стст.

3. Адзенне

У XV—XVI стст. склаліся асаблівасці беларускага адзення. Аснову мужчынскага і жаночага касцюмаў складала белая палатняная кашуля (сарочка). Паверх яе жанчыны апраналі андарак (суконную доўгую саматканую спадніцу з паласатай ці клетчатай тканіны), фартух, гарсэт (безрукаўку). Галаву прыкрывалі наміткамі, хусткамі, чапцамі (каптурамі).

Мужчыны апраналі нагавіцы (штаны), кашулю, кафтан і каляровы пояс, а на галаву надзявалі капялюш або шапку.

У халодную пару года і мужчыны, і жанчыны выкарыстоўвалі аднолькавае верхняе адзенне: суконныя світы, аўчынныя кажухі. Абуткам служылі скураныя ці лыкавыя лапці, скураныя боты, чаравікі, валёнкі.

Адзенне заможных людзей адлюстроўвала іх статус, знатнасць і багацце. Мясцовыя шаўцы ўмелі вырабляць з замежных тканін выдатныя касцюмы. Знатнасць падкрэслівалася не толькі пышнасцю адзення, але і яго колькасцю на чалавеку.