§ 6. Фарміраванне беларускай народнасці

5. Адзінства матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускай народнасці

На працягу XIV—XVI стст. складваліся агульныя рысы ў гаспадарчай дзейнасці жыхароў беларускіх зямель. Асноўнымі іх заняткамі былі земляробства, жывёлагадоўля, рамяство. Галоўнымі землеапрацоўчымі прыладамі з’яўляліся валовая ці радзей конная саха, матыка, серп, барана. Зерне малацілі цапамі. Двухпольны севазварот паступова змяніўся трохпольным (азімыя, яравыя культуры, папар), пад ворыва займаліся новыя землі. Сяляне вырошчвалі жыта, пшаніцу, проса, авёс, грэчку, боб, гарох, каноплі, лён і іншыя культуры.

Дапаможнымі заняткамі да земляробства былі промыслы: збіральніцтва, паляванне, бортніцтва, рыбалоўства. У XIV—XVI стст. пашырыліся некаторыя віды промыслаў, якія больш за іншыя былі звязаны з працай на заказ ці з рынкам: апрацоўка дрэва, выраб жалеза, паташу, шкла, смалы.

Кліматычныя асаблівасці, традыцыі, сацыяльна-эканамічныя ўмовы жыцця садзейнічалі ўтварэнню на беларускіх землях своеасаблівых тыпаў паселішчаў і жытла людзей. Да новых тыпаў паселішчаў, якія сфарміраваліся да канца ХVI ст., адносіліся мястэчкі (паселішчы пераходнага тыпу паміж вёскай і горадам), фальваркі (цэнтры гаспадаркі феадалаў), засценкі (пасяленні шляхты за межамі палёў вёскі), ваколіцы (абнесеныя плотам пасяленні шляхты за вёскай).

Большасць сялян Беларусі жылі ў драўляных дамах з двума ці трыма памяшканнямі (святліца, сенцы, клець). Дамы на «падрубе» (фундаменце) пераважалі ў паўночных раёнах, зрубы на зямлі ці на драўляных плахах часцей будаваліся на поўдні. Страха накрывалася саломай або драніцай, вокны закрываліся засоўкай, бычыным пузыром, зрэдку шклом. Жылыя дамы заможных мяшчан ці шляхты былі больш складанымі, часам двухпавярховымі, абаграваліся кафельнымі «галанд­камі», мелі шкляныя вокны, дашчаную падлогу і г. д.

Вусная народная творчасць (фальклор) заўсёды раскрывала ўспрыняцце людзьмі навакольнага свету, іх пачуцці і спадзяванні. Найбольш пашыранымі жанрамі фальклору былі песні, казкі, загадкі, выслоўі, прыказкі і прымаўкі.

Асобную групу складалі абрадавыя песні. У залежнасці ад змен у прыродзе і сель­скагаспадарчай дзейнасці яны былі веснавымі, летнімі, восеньскімі, зімовымі. Асабліва вылучалася сямейна-абрадавая паэзія, якая несла моцны эмацыянальны зарад. Самымі шматлікімі былі вясельныя песні. Яны гучалі часцей за ўсё ўвосень, калі завяршаліся палявыя работы. У вясельных песнях выкарыстоўваліся многія сімвалы-параўнанні. Жаніх атаясамліваўся з месяцам, голубам, яварам, нявеста — ​з зоркай, бярозай. Найбольш радаваліся нашы продкі нараджэнню дзіцяці.

Вельмі папулярнымі ў народзе былі казкі. У адрозненне ад песень яны пабудаваны на выдумцы, якая ў фантастычнай форме адлюстроўвала барацьбу герояў з пачварамі, што ўвасаблялі варожыя чалавеку сілы прыроды і грамадства. У загадках, прыказках праяўляліся гістарычны вопыт народа, яго адносіны да грамадскіх падзей і нават да надвор’я.

Абрадавыя песні, карагоды суправаджаліся граннем на музычных інструментах, такіх як гуслі, труба, рог, дудкі. Прыкладна ў ХVI ст. атрымаў шырокае распаўсюджанне традыцыйны духавы мужчынскі інструмент — ​дуда. Яна выкарыстоўвалася ў народных абрадах, напрыклад, на хрэсьбінах, вяселлях. Пазней з’явіліся цымбалы, скрыпіцы, ліра. Народныя танцы насілі масавы характар, пераважалі карагоды. Яны суправаджаліся драматургічнымі дзеяннямі: імітаваліся звычкі жывёл і птушак, адлюстроўваліся працоўныя працэсы.

Мастацкі густ народа выяўляўся ў дойлідстве, ганчарстве, ткацтве, мастацкай разьбе, вышыўцы, пляценні. Значнае месца займалі рамёствы, звязаныя з вырабам адзення, абутку, апрацоўкай скуры, тканін. У часы караля Стафана Баторыя на беларускіх землях атрымаў пашырэнне мужчынскі зімовы галаўны ўбор — ​магерка. Яе спачатку насілі шляхціцы, пазней — ​сяляне і мяшчане. Маляўнічымі ўзорамі ўпрыгожвалі святочнае жаночае адзенне — ​кашулі, спадніцы, фартухі. З прад­метаў хатняга ўжытку найбольш багата аздабляліся ручнікі, якія былі атрыбутамі шматлікіх абрадаў.

Такім чынам, народная культура беларусаў грунтавалася на іх матэрыяльнай вытворчай дзейнасці, адпавядала духоўным патрэбам, густам і талентам народа, забяспечвала пераемнасць і развіццё культурных традыцый, жыццёвага вопыту.