§ 6. Фарміраванне беларускай народнасці

4. Саманазвы беларусаў

Аб фарміраванні этнічнай самасвядомасці народа сведчыць з'яўленне яго назваў і саманазваў. У дачыненні да насельніцтва Беларусі ўжываліся розныя назвы. Найбольш пашыранымі былі «русіны», «рускі люд», «рускі народ». Саманазвы таксама былі рознымі. Напрыклад, Францыск Скарына за межамі дзяржавы ў адных дакументах называў сябе «ліцвінам», у другіх — «русінам», а ў трэціх — проста «палачанінам».

Самай пашыранай саманазвай беларускага народа ў ХІІІ—ХVІІІ стст. лічыцца «рускія», што было абумоўлена гістарычнай памяццю аб Старажытнарускай дзяржаве і значнай роляй у грамадстве праваслаўнай царквы. Гэтая саманазва аддзяляла беларусаў ад іншага насельніцтва ВКЛ і Рэчы Паспалітай, найперш неславянскага.

«Ліцвінамі» лічылі жыхароў Віленскага і Трокскага ваяводстваў і тых ураджэнцаў Княства, якія знаходзіліся па-за межамі краіны. Напрыклад, у дакуменце 1623 г. адзначалася: «…прыехаў з Полацка да Пскова на гасцінны нямецкі двор гандлёвы ліцвін Спырыдонка Кандрацьеў», ці «родам ліцвін Гродцкого [Гарадзенскага] павету, цяглага мужыка сын». З другой паловы ХVІ ст. ліцвінамі называлі прадстаўнікоў шляхецкага саслоўя, незалежна ад іх паходжання.

Тэрмін «беларусцы» сустракаецца ў пісьмовых крыніцах з ХVІІ ст., напрыклад, у кантэкстах такога кшталту: «Выхадзец з Мсціслаўскага павета беларусец Сцяпанка Цімафееў» (1633 г.). Так у Расіі называлі палонных з беларускіх зямель.

Фарміраванне беларускай народнасці праявілася ў складванні асобнага менталітэту — характэрных асаблівасцей успрымання чалавекам навакольнага свету і яго разумення. У кожнага народа — свой менталітэт. Характар беларусаў вызначалі такія агульначалавечыя рысы, як любоў да радзімы і сям’і, ушанаванне продкаў і прыроды, устойлівасць старажытных абрадаў, спалучэнне язычніцтва з хрысціянствам, імкненне гарманічна падладзіць працу і адпачынак пад пэўныя перыяды года, высокая духоўнасць, цярпімасць, патрыятызм, шчырасць.

Беларусы заўсёды былі вялікімі міралюбамі, працавітымі, спагадлівымі, гасціннымі, спачувальнымі да чужых бед людзьмі. Невыпадкова ў нашай духоўнай спадчыне мала вершаў, паэм, песень, звязаных з войнамі, забойствамі, сутыкненнямі. Затое шырока прадстаўлены балады, чарадзейныя казкі, у якіх услаўляецца кемлівасць, гумар, вынаходлівасць, асуджаецца несумленна нажытае багацце, распуснае жыццё.