§ 6. Фарміраванне беларускай народнасці
2. Складванне этнічнай тэрыторыі і агульнай мовы беларускага этнасу
Тэрыторыя, на якой сфарміравалася беларуская народнасць, склалася да XVI ст. Паўночная мяжа этнічных зямель — на поўнач ад Браслава, Азярышча, Нешчарды — амаль поўнасцю супадала з дзяржаўнай граніцай ВКЛ з Лівонскім ордэнам, пскоўскімі і наўгародскімі землямі.
Пасля Крэўскай уніі 1385 г. заходняя мяжа Беларусі з Польшчай у асноўным усталявалася. Але тут меўся своеасаблівы рэгіён поліэтнічнага насельніцтва (беларусы, палякі, літоўцы, яцвягі, украінцы) — Заходняе Падляшша, якое прымыкала да Гарадзенскай і Берасцейскай зямель.
Паўднёвы рэгіён Беларусі — Палессе — быў геаграфічна размежаваны з Украінай па басейне ракі Прыпяць з яе паўднёвымі прытокамі.
Найбольш зменлівымі ў ХIV—ХVI стст. былі ўсходнія межы ВКЛ. Тут у перыяд максімальнага пашырэння ВКЛ у яго ўваходзілі бранскія, смаленскія і некаторыя іншыя землі. Таму насельніцтва гэтых княстваў было часова ўцягнута ў этнічныя працэсы, што адбываліся на тэрыторыі Беларусі.
У гэты час склаліся асаблівасці старабеларускай мовы. Яе асновай стала сярэднебеларуская група гаворак. Сярод гукавых змяненняў асабліва заўважнымі сталі дзеканне, цеканне, цвёрдае вымаўленне гука «р», аканне, яканне, выкарыстанне прыстаўных зычных і галосных гукаў у пачатку слова.
Дзяржаўны статус старабеларускай мовы садзейнічаў яе ўзбагачэнню новымі словамі, якія адлюстроўвалі розныя бакі палітычнага і сацыяльна-эканамічнага жыцця. Сфарміраваліся новыя тэрміны: назвы павіннасцяў і падаткаў, службовых асоб і органаў дзяржаўнай улады. У мову траплялі запазычанні з іншых моў: напрыклад, слова «праца» прыйшло з польскай, слова «дойлід» — з літоўскай, а слова «дах» — з нямецкай.