§1-1. Навуковыя падыходы да вывучэння гісторыі Беларусі
4. Канцэптуальныя падыходы да тлумачэння грамадска-гістарычных працэсаў
Стваральнікам беларускай нацыянальнай гісторыі лічыцца ўраджэнец Гомельшчыны М. В. Доўнар-Запольскі (1867—1934). У 1888 г. у газеце «Мінскі лісток» гэты вучоны апублікаваў артыкулы пад агульнай назвай «Беларускае мінулае». У іх гісторык заявіў, што «беларускае племя» мае ўласную гісторыю, этнаграфічныя асаблівасці, а беларуская мова паходзіць ад гаворак крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў.
У
Самай вядомай працай па гісторыі Беларусі ў 20-я гг. ХХ ст. стаў «Кароткі нарыс гісторыі Беларусі» У. М. Ігнатоўскага (1881—1931). Гэтую кнігу выкарыстоўвалі ў якасці падручніка навучэнцы школ, тэхнікумаў, інстытутаў, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У. М. Ігнатоўскі пачынаў беларускую гісторыю з Полацкага княства, якое вяло барацьбу з Кіевам за «ўплыў на Ноўгарад і першынство ва ўсходнеславянскім свеце». У дачыненні да ВКЛ гісторык упершыню выкарыстаў паняцце «Літоўска-Беларуская дзяржава».
У савецкі час беларускія вучоныя напісалі пяцітомную «Гісторыю Беларускай ССР» (1972—1975). Яны даследавалі гісторыю Беларусі на падставе фармацыйнага падыходу і вызначалі ў ёй першабытнаабшчынны, феадальны, капіталістычны і сацыялістычны перыяды.
Змены ў развіцці гістарычнай навукі адбыліся ў 90-я гг. ХХ ст. з утварэннем суверэннай Рэспублікі Беларусь. Вучоныя сфарміравалі беларускую канцэпцыю гісторыі, заснаваную на нацыянальна-дзяржаўнай аснове. Яна прадстаўлена ў шасцітомнай «Гісторыі Беларусі» (2000—2008), пяцітомнай «Гісторыі беларускай дзяржаўнасці» (2018—2020). Айчынную гісторыю абавязкова вывучаюць усе школьнікі і студэнты нашай краіны.