§1-1. Навуковыя падыходы да вывучэння гісторыі Беларусі

2. Крыніцы па гісторыі Беларусі да канца ХVIII ст.

Сродкам пазнання гістарычнага мінулага з’яўляюцца гістарычныя крыніцы. Яны ўзнікаюць у пэўных гістарычных умовах і таму адлюстроўваюць свой час. Крыніцы могуць адносіцца да ўсіх сфер жыцця чалавека: эканомікі, палітыкі, права, культуры, навукі, рэлігіі і г. д. Вучоныя вылучаюць некалькі асноўных відаў гістарычных крыніц:

Асноўнымі для гісторыкаў з’яўляюцца археалагічныя і пісьмовыя крыніцы. Да археалагічных крыніц адносяць розныя знаходкі: старажытныя стаянкі, гарадзішчы, рэшткі будынкаў, выкапнёвыя прылады працы, гідратэхнічныя збудаванні, месцы старажытнага земляробства, дарогі, зброю, абарончыя збудаванні, могільнікі і інш. На ўсёй тэрыторыі Беларусі зарэгістравана каля 6 тыс. буйных археалагічных помнікаў.

Пісьмовыя крыніцы складаюць самую вялікую групу крыніц, пры дапамозе якіх вывучаецца гісторыя. Менавіта яны з дапамогай графічных знакаў перадаюць нам інфармацыю аб мінулым.

Звесткі па гісторыі Беларусі ў VІ—XII стст. змешчаны ў летапісным зводзе «Аповесць мінулых гадоў». Адным з яго складальнікаў быў манах Кіева-Пячэрскага манастыра Нестар, які працаваў над тэкстам каля 1113 г. Дадзены літаратурны помнік захаваўся ў больш позніх летапісных спісах (зборніках): Лаўрэнцьеўскім (1377 г.), Іпацьеўскім (пачатак ХV ст.)  і з’яўляецца важнейшым гістарычна-мастацкім творам усходніх славян.

У «Аповесці мінулых гадоў» упершыню ўпамінаецца Полацкая зямля, у прыватнасці, раздача Рурыкам гарадоў сваім дружыннікам, удзел палачан у паходзе Алега на Царград, забойства Рагвалода, напад Брачыслава на Ноўгарад, бітва на Нямізе і іншыя падзеі.

Працягам «Аповесці мінулых гадоў» з’явіліся пазнейшыя мясцовыя летапісы: Кіеўскі, Галіцка-Валынскі, Наўгародскі, Суздальскі. Кожны з гэтых летапісаў пачынаецца з паўтору тэксту «Аповесці мінулых гадоў», а потым змяшчае запіс мясцовых падзей у храналагічным парадку.

Найбольшую цікавасць выклікае Кіеўскі летапіс. У ім невядомы аўтар асуджае княжацкія ўсобіцы, апісвае барацьбу ўсходніх славян з полаўцамі. Пад 1159 г. апісаны дзейнасць веча ў Полацку і Друцку, узаемаадносіны паміж вечам і князямі. Таксама ёсць звесткі аб Тураве, Пінску, Берасці. Даследчыкі мяркуюць, што Кіеўскі летапіс утрымлівае ўрыўкі са страчанага ў ХVIII ст. Полацкага летапісу. Не дайшоў да нас таксама Смаленскі летапіс.

Галіцка-Валынскі летапіс змяшчае ўнікальныя звесткі аб Новагародку, Берасці, Гародні, Ваўкавыску і іншых заходнебеларускіх гарадах, аб асобных помніках беларускай культуры (Лаўрышаўскі манастыр, Камянецкая вежа), аб дзейнасці першых князёў Вялікага Княства Літоўскага.

Некаторыя звесткі па гісторыі Беларусі захаваліся ў скандынаўскіх сагах (паданнях), нямецкіх і польскіх хроніках. Скандынаўскія сагі былі запісаны каталіцкімі манахамі ў ХІІ ст. Гэтыя сярэдневяковыя творы сведчаць аб уплыве варагаў на ўсходніх славян, своеасабліва тлумачаць узаемаадносіны паміж Полацкам і Кіевам у пачатку ХІ ст., пацвярджаюць хрысціянізацыю Полацкай зямлі ў канцы Х ст.

Важнай крыніцай для вывучэння агрэсіі нямецкіх рыцараў супраць Усходняй Прыбалтыкі, працэса хрысціянізацыі мясцовых плямён, узаемаадносін з Полацкім княствам з’яўляецца «Хроніка Лівоніі» Генрыха Латвійскага, якая была складзена ў ХІІІ ст.

Польскі гісторыі Ян Длугаш (1415—1480) у сваёй хроніцы «Гісторыя Польшчы» падрабязна апісаў гісторыю ВКЛ, барацьбу з крыжакамі і татарамі. Ён жа з’яўляецца аўтарам легенды аб паходжанні вялікіх князёў літоўскіх ад старажытных рымлян.

У XV—XVI стст. складваецца беларуска-літоўскае летапісанне. Першым агульнадзяржаўным летапісам ВКЛ з’яўляецца Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г. Невядомы аўтар абгрунтоўваў у ім ідэю заканамернасці аб’яднання балцкіх і славянскіх зямель у складзе Вялікага Княства. У 20-я гг. XVІ ст., магчыма, у Вільні, была складзена «Хроніка Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага». Невядомы аўтар гэтага летапісу раскрыў гісторыю дзяржавы ад бегства «рымлян» (першых літоўскіх князёў) да праўлення Гедзіміна.

У XVІІ—XVIІІ стст. развіваецца мясцовае летапісанне. Сярод напісаных у гэты час твораў  Баркулабаўская хроніка, складзеная ў пачатку ХVII ст., магчыма, праваслаўным святаром. Летапіс пачынаецца са звестак пра сойм 1545 г. у Берасці, пабудову Магілёўскага замка і завяршаецца 1608 г.

Помнікам гарадскога летапісання ХVІІІ ст. з’яўляецца Віцебскі летапіс. Гэты твор складаецца пераважна з кароткіх паведамленняў, прысвечаных гісторыі Віцебска, што разглядаецца ў люстэрку дзейнасці каралёў Рэчы Паспалітай і войнаў. Таму летапіс зафіксаваў амаль усё: пастаўкі харчавання, пастой войскаў, удзел гараджан у бітвах. Таксама адзначаны выпадкі пажараў і эпідэмій.

Апошнім мясцовым беларуска-літоўскім летапісам з’яўляецца Магілёўская хроніка. Яна была складзена ў Магілёве на працягу ХІІІ—ХІХ стст. Хроніка ўсебакова адлюстроўвае жыццё Магілёва. У цэнтры ўвагі аўтараў — справы і клопаты гараджан у сувязі са знешнімі падзеямі. Запісы аб Паўночнай вайне (1700—1721 гг.) паказваюць цяжкае становішча горада і яго жыхароў. Створаны вобразы расійскага цара Пятра І, шведскага караля Карла ХІІ, украінскага гетмана І. Мазепы.

Да ліку важнейшых крыніц па гісторыі Беларусі часоў ВКЛ адносяцца заканадаўчыя помнікі: Судзебнік Казіміра Ягайлавіча 1468 г., Статуты 1529, 1566 і 1588 гг. Паводле іх можна ўявіць развіццё грамадска-палітычных і сацыяльна-эканамічных адносін паміж людзьмі ў той час. Каштоўнымі крыніцамі па гісторыі Беларусі лічацца прывілеі (жалаваныя граматы), якія выдаваліся вялікімі князямі літоўскімі і каралямі Рэчы Паспалітай гарадам на самакіраванне. Выдаваліся таксама абласныя прывілеі.

Значная частка пісьмовых крыніц захоўваецца ў спецыяльных установах — архівах. Самым старажытным сховішчам гістарычных дакументаў на беларуска-літоўскіх землях лічыцца Метрыка Вялікага Княства Літоўскага. Гэта быў архіў канцылярыі дзяржавы ў XV—XVIII стст. У ім змяшчаліся копіі дакументаў, якія выдаваліся ад імя вялікага князя, Паноў-Рады, соймаў і падлягалі не абмежаванаму ў часе захаванню.

Публікаваць пісьмовыя крыніцы па гісторыі Беларусі пачалі ў ХІХ ст. Першы зборнік дакументаў пад назвай «Беларускі архіў старажытных грамат» выдаў у 1824 г. І. І. Грыгаровіч. З 1864 па 1915 гг. у Вільні працавала Камісія для разбору і выдання старажытных актаў (Віленская археаграфічная камісія). Яна выдала 49 тамоў дакументаў. У навуковы зварот былі ўведзены матэрыялы судоў, магістратаў, інвентары маёнткаў. Выданні Віленскай археаграфічнай камісіі з’яўляюцца важнейшай крыніцай па гісторыі Беларусі. Таксама ў БССР і Рэспубліцы Беларусь быў апублікаваны шэраг зборнікаў дакументаў і матэрыялаў па айчыннай гісторыі.