§ 24-1. Лексіка беларускай мовы паводле паходжання

Практыкаванне № 7

Прачытайце тэкст, дайце яму загаловак.

У гісторыі ёсць свая «мова». Гэта «мова Зямлі», або геаграфічныя назвы, тапонімы (ад грэчаскіх слоў topos — месца і onoma / onyma — імя, назва). Здараецца так, што нават за адным толькі словам — назвай адпаведнага месца — стаяць надзвычай захапляльныя гістарычныя падзеі. Яны толькі да часу схаваны ад вачэй, як быццам тыя рэшткі старажытнагас жытла, знайсці якія заўсёды марыць археолаг. Менавіта тапонімы часам даносяць да нас такія звесткі, якія не заўсёды дадуць найлепшыям археалагічныя знаходкі. Справа ў тым, што геаграфічныя імёны, асабліва старажытныя, уяўляюць сабой сабраны ў адно слова, зашыфраваны ў мінуўшчыне «тэкст». У гэтым тэксце ёсць тры роды інфармацыі. Інфармацыя першага роду — уласна лінгвістычная, якая дазваляе зразумець моўную прыналежнасць назвы і яе будову. Другая — інфармацыя энцыклапедычная, якая дае магчымасць зразумець падрабязнасці нараджэння слова, расказвае аб гістарычных і геаграфічных умовах яго першапачатковагасл існавання. Інфармацыя трэцяга роду — сітуатыўная — апавядае пра адносіны тых, хто даваў імя, да аб’екта, яго назвы. Яна дапамагае даследчыку ўзнавіць сітуацыю, у якой носьбіты пэўнай мовы выбіралі слова для наймення адпаведнай мясцовасці ці аб’екта на ёй.

Назвы — гэта неад’емная частка нашай спадчыныф, своеасаблівы сімвал, у якім спалучаюцца гістарычныя здабыткі і светапоглядс народа, гэта той таямнічы запіс, які апавядае нам пра мінулыя падзеі і здарэнні. Яны такі ж помнік нашай гісторыі, як і высечаныя з граніту манументы і абеліскі. Нездарма першыя айчынныя тапанімісты яшчэ ў ХІХ стагоддзі называлі геаграфічныя імёны «мовай Зямлі». Гэта метафарычнае абазначэнне ўпершыню выкарыстаў выдатны вучоны М. І. Надзеждзін, які ў адной са сваіх прац заўважыў: «Тапаніміка — гэта мова Зямлі, а Зямля ёсць кніга, дзе гісторыя чалавечая запісваецца ў геаграфічнай наменклатуры» (Паводле А. Рогалева).

Выпішыце з тэксту словы іншамоўнага паходжання, раскрыйце іх лексічныя значэнні. Пры неабходнасці карыстайцеся «Слоўнікам іншамоўных слоў» А. М. Булыкі (1999).
Па якіх прыметах вы вызначылі, што выпісаныя вамі словы запазычаны з іншых моў? Пры адказе на гэта пытанне  можаце карыстацца інфармацыяй, змешчанай у табліцы, што пададзена ніжэй.
 Прывядзіце прыклады беларускіх тапонімаў, якія «ўяўляюць сабой сабраны ў адно слова, зашыфраваны ў мінуўшчыне “тэкст”». Па магчымасці раскрыйце закадзіраваную ў гэтых геаграфічных назвах уласна лінгвістычную, энцыклапедычную і сітуатыўную інфармацыю. Можаце выкарыстаць прыведзены ніжэй абразок Ф. Янкоўскага «Гарывада».

Гарывада

У адной інфармацыі паведамлялі: «Людзі стагоддзямі жылі, хадзілі і не здагадваліся, што тут у нас пад нагамі цудоўнае паліва — нафта... »

Што з нафты цудоўнае паліва — праўда; што з нафты не толькі паліва — праўда; што толькі нядаўна сталі здабываць пад Рэчыцай нафту — праўда. Але наконт «хадзілі і не здагадваліся”»?.. А вёску назвалі — Гарывада! І не сёння, і не ўчора, і не летась, і не пазалетась...

Інфарматар не захацеў (не скажу: не ўмеў) пачуць назву вёскі Гары-вада (Ф. Янкоўскі).

Крыніца запазычання Асноўныя прыметы запазычанняў
Неславянскія мовы

• пачатковае спалучэнне дж: джынсы, джаз; частка складанага слова -мен: спартсмен, бізнесмен; спалучэнні -ер/-ёр/-эр/-ар на канцы слова: баксёр, дыспетчар (англ.);

• спалучэнні бю, фю, пю, ею: бюлетэнь, капюшон, гравюра; спалучэнні уа, уэ: дуэль, мемуары, буржуа; націск на канцавых галосных: панó, бюрó, кашнэ' (франц.);

• спалучэнні [шт], [шп], [хт] у пачатку ці сярэдзіне слова: штаб, шахта, вахта, муштра (ням.)

• пачатковыя гукі [э], [а]: эпоха, эпас, аптэка; гук [ф] у пачатку слова: фізіка, фтор, фаза; спалучэнні галосных: біялогія, геаграфія, геаметрыя, дыялект (грэч.);

• часткі складаных слоў аква-, аэра-, контр-, рэ-: акваланг, аэразоль, рэканструкцыя, контратака (лац.).

Славянскія мовы

• спалучэнні ен (эн), ён (он): маёнтак; спалучэнні дл, тл: рыдлёўка, тлусты, тлум: гук [ц] на месцы ўсходнеславянскага [ч]: моцны, цудоуны, цотны (польск.); 

• словы без змен ці са зменай марфалагічнай будовы (да каранёў дадаваліся беларускія суфіксы, прыстаўкі): вопыт, дагавор, дваранін; плошча, выключны, адсутнасць (руск.).