Лірыка Пімена Панчанкі

* Верш «Родная мова»

Заўсёды актуальная для беларускага грамадства і нацыянальнай літаратуры праблема захавання мовы па-новаму загучала ў сярэдзіне ХХ стагоддзя. У гэты час у СССР быў узяты курс на русіфікацыю, што, згодна з уяўленнямі кіраўніка краіны Мікіты Хрушчова, павінна было наблізіць утапічную мару пра ўсеагульнае шчасце — паскорыць пабудову камунізму. На жаль, найбольш актыўна і паспяхова нацыянальная мова выцяснялася ў Беларусі. Верш «Родная мова» (1964) — балючы водгук Пімена Панчанкі на тагачасныя рэаліі, востры пратэст супраць іх.

Для лірычнага героя родная мова з’яўляецца натуральнай жыццёвай стыхіяй, «як раса, як сляза, як зара», яна неаддзельная ад прыроднага свету («ластавак шчабятання», «звону світальнага палескіх крыніц», «сіні чабору», «барваў зарніц»). У сітуацыі, калі вынішчэнне мовы паўстае як непазбежнае, ён прапануе пайсці на нявыгадны, але ўсё ж кампраміс: «Толькі месяцаў назвы пакіньце, // Назвы родныя роднай зямлі». У эпоху бяспамяцтва старажытныя назвы застануцца апошнімі знакамі беларускай самабытнасці: «Студзень — з казкамі снежных аблокаў, // Люты — шчодры на сіні мароз, // Сакавік — з сакатаннем і сокам // Непаўторных вясновых бяроз...»

Натуральнае патрабаванне чалавека-патрыёта ў вершы гучыць як балючая просьба пра апошнюю літасць: «Ці плачу я, ці пяю?.. // Восень. На вуліцы цёмна... // Пакіньце мне мову маю, // Пакіньце жыццё мне!» Але і ў гэтай першапачатковай канцоўцы твора савецкія цэнзары ўбачылі дзёрзкасць. Каб зменшыць катэгарычны тон, паэту прыйшлося замяніць фінал на больш «нейтральныя» і лірычныя радкі: «Ці плачу я, ці пяю, // Ці размаўляю з матуляю — // Песню сваю, мову сваю // Я да грудзей прытульваю».

Літаратурныя сувязі. У канцы 1980-х гадоў, праз некалькі дзесяцігоддзяў пасля верша «Родная мова», у Пімена Панчанкі з’явіўся поўны расчаравання твор на тую ж тэму — «Развітанне»:

Рoдны Янкa Кyпaлa,                    
Bы пicaлi: «Я вepy — нacтaнe...» 
Дapaгi мoй Івaн Дaмiнiкaвiч,        
Нe, нe нacтaнe!                           
Гэтa ўжo нe cвiтaннe,                  
Гэтa нaшa нacтaлa змяpкaннe,    
Гэтa з мoвaй мaёй,                      
Гэтa з пecняй мaёй                     
Рaзвiтaннe.                                

Верш меў вялікі рэзананс. Малады паэт Анатоль Сыс нават напісаў твор-адказ «Прачытаўшы верш Пімена Панчанкі “Развітанне”»:

скрозь расстанне і скрозь змярканне
на агеньчык паэт прыстане,             
скажа: родны мой Пімен Панчанка,  
я Вам верыў, ды вера страчана.       
˂…˃                                               

Вы жывымі слязамі заплачаце,           
за паэтам народ убачыце                   
скрозь расстанне і скрозь змярканне,
Вам за смерць сваю прыкра стане,    

бо пад небам Сафіі Полацкай            
на народных паэтаў моляцца.           

Потым Анатоль Сыс прасіў у класіка прабачэння за свой паэтычны водгук, а Пімен Панчанка прызнаўся, што пісаў «Развітанне» якраз з разлікам на тое, каб нехта запярэчыў.