Лірыка Пімена Панчанкі

Верш «Спарышы»

Верш «Спарышы» (1954) пацвярджае ўменне Пімена Панчанкі кароткімі штрыхамі-дэталямі стварыць аб’ёмны, эпічна разгорнуты малюнак, расказаць складаную гісторыю чалавечых узаемаадносін.

У вершы «Спарышы» — гісторыя неўзаемнага кахання юнака да дзяўчыны. У апавядальна-размоўных інтанацыях паказваецца драма двух герояў, раскрываюцца прычыны іх горкіх расчараванняў: у хлопца — гэта вяселле каханай, у дзяўчыны — нешчаслівае, як аказалася пасля, замужжа.

Ключавой мастацкай дэталлю выступае вобраз спарышоў. Спарышамі беларусы называлі спараныя, двайныя прадметы — каласы, грыбы, арэхі. Паводле народных павер’яў, яны прыносілі шчасце іх уладальніку. З надзеяй на шчасце і ўзаемнасць герой твора «абшастаў ценісты арэшнік, // Змок увесь, але знайшоў, знайшоў — // <...> // Пару запаветных спарышоў». Каханая са смехам прыняла падарунак, аднак яго важнасць і значэнне зразумела толькі праз гады. Пры наступнай сустрэчы пасталелая, ужо з маршчынкамі ля вачэй, яна скардзіцца на свой лёс, на гультая і п’яніцу мужа, шкадуе, што некалі не заўважала сапраўды адданага ёй юнака.

З вобразам захаванага хлопцам арэха-спарыша звязана і надзея на магчымы працяг іх адносін: «Вось і ўся гісторыя... А можа, // Гэта толькі першая з дарог? // Нездарма яе так устрывожыў // Ціхі сказ хлапца: “А я збярог”». Такім чынам, Пімен Панчанка паўстае не толькі палымяным паэтам-грамадзянінам, але і тонкім лірыкам.

Верш з назвай «Спарышы» ёсць у Алеся Разанава. Калі ў Пімена Панчанкі спарышы — метафара паяднання хлопца і дзяўчыны, то ў Алеся Разанава — гэта ўвасабленне дваістай сутнасці чалавека: «З дня ў дзень, з году ў год, з веку ў век збіраюся з тайнаю моцай, каб калі-небудзь абвергнуць сваё існаванне, адолець дваістасць i стаць насампраўдзе сабой».