§ 22. Паняцце пра разрэз. Выкананне і абазначэнне разрэзу

Уступ

Шмат якія прадметы маюць унутраныя пустоты, абрысы якіх на чарцяжах паказваюць штрыхавымі лініямі (лініямі нябачнага контуру) (рыс. 62, а). Колькасць гэтых ліній залежыць ад складанасці формы прадмета.

Параўнайце два відарысы дэталі на рысунку 62. На якім з іх лепш за ўсё бачны ўнутраныя контуры дэталі?

Вялікая колькасць гэтых ліній, іх накладанне і перасячэнне пагаршае выразнасць графічнага відарыса і ўскладняе чытанне чарцяжа. Таму, каб выразна паказваць на чарцяжах абрысы ўнутраных контураў прадмета, ужываюць разрэзы. Іх атрымліваюць, рассякаючы прадмет адной ці некалькімі ўяўнымі плоскасцямі (рыс. 63, а). Пярэдняя частка прадмета выдаляецца, частка прадмета, якая знаходзіцца ў сякучай плоскасці, на разрэзе вылучана штрыхоўкай. Пры гэтым відарыс разрэзу, сумешчаны з плоскасцю чарцяжа, змяшчае не толькі фігуру, атрыманую ў сякучай плоскасці, але і тыя контуры прадмета, якія знаходзяцца за ёй (рыс. 63, б).

Памятайце! Мысленны разрэз прадмета сякучай плоскасцю не ўплывае на іншыя відарысы гэтага прадмета. Напрыклад, на рысунку 63, б на галоўным выглядзе паказаны разрэз, а выгляд зверху застаўся без змяненняў.

Разрэз — гэта відарыс прадмета, мысленна рассечанага адной ці некалькімі сякучымі плоскасцямі.
На разрэзе паказваюць тое, што знаходзіцца ў сякучай плоскасці і што размешчана за ёй.