§ 21. Мясцовыя і дадатковыя выгляды
Мясцовыя выгляды
Для спрашчэння пабудовы прадмета на чарцяжы дастаткова паказаць толькі яго частку, якая ўдакладняе форму прадмета. У гэтым выпадку выкарыстоўваюць мясцовыя выгляды. Ужыванне мясцовага выгляду дае магчымасць паказаць на чарцяжы форму і памеры толькі асобных элементаў прадмета.
Мясцовы выгляд — адлюстраванне асобнага абмежаванага месца паверхні прадмета
Мясцовы выгляд атрымліваюць праецыраваннем на адну з асноўных плоскасцей праекцый. Відарыс мясцовага выгляду можа быць абмежаваны лініяй абрыву (рыс. 58, а), а калі відарыс адназначны, то дапускаецца адлюстроўваць толькі частку выгляду (рыс. 58, б).