§ 3. Правілы афармлення чарцяжоў: фарматы лістоў чарцяжоў, маштабы
Асноўны надпіс чарцяжа (штамп)
Кожны чарцёж афармляецца рамкай і асноўным надпісам. Рамка абмяжоўвае поле чарцяжа. Яе праводзяць суцэльнай тоўстай лініяй на адлегласці 20 мм ад левай мяжы фармату і на адлегласці 5 мм ад верхняй, ніжняй і правай меж (рыс. 13).
Паводле стандарту ДАСТ 2.301-68 фармат А4 часцей за ўсё размяшчаюць вертыкальна. Лісты іншых фарматаў могуць размяшчацца як вертыкальна, так і гарызантальна. Аднак у вучэбных мэтах мы будзем размяшчаць фармат А4 як вертыкальна, так і гарызантальна.
У правым ніжнім вугле фармату над рамкай змяшчаюць асноўны надпіс. Форму, памеры і змест асноўнага надпісу вызначае стандарт ДАСТ 2.104-68 АСКД. Асноўныя надпісы. Для вытворчых чарцяжоў асноўны надпіс выглядае наступным чынам (рыс. 14).
Выкарыстоўваючы іншыя крыніцы інфармацыі, вызначыце, якімі надпісамі запаўняюцца графы 1—5 асноўнага надпісу вытворчага чарцяжа на рысунку 14.
Для вучэбных чарцяжоў памеры асноўнага надпісу стандартамі не рэгламентуюцца. Асноўны надпіс вучэбнага чарцяжа, які выконваюць на ўроках чарчэння, мае памеры, паказаныя на рысунку 15. Рамка асноўнага надпісу таксама выконваецца суцэльнай тоўстай лініяй.
У асноўным надпісе чарцёжным шрыфтам (яго мы разгледзім пазней) паказваецца: назва вырабу, прозвішча навучэнца і настаўніка, дата прыёмкі чарцяжа, маштаб відарыса, абазначэнне матэрыялу дэталі, школа і клас, нумар задання (рыс. 16).
Літары і лічбы ў асноўным надпісе, як і на ўсім чарцяжы, выконваюць чарцёжным шрыфтам.