Печатать книгуПечатать книгу

§ 3. Правілы афармлення чарцяжоў: фарматы лістоў чарцяжоў, маштабы

  • Як вы лічыце, якога памеру папера падыходзіць для выканання чарцяжоў?  Ці існуюць стандарты для вызначэння яе памеру?

  • Вы даведаецеся: якія фарматы лістоў паперы выкарыстоўваюць для выканання чарцяжоў, якія маштабы выкарыстоўваюць для графічных відарысаў. 
  • Вы навучыцеся: выконваць унутраную рамку і асноўны надпіс чарцяжа, выкарыстоўваць маштаб пры выкананні чарцяжоў.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Чарчэнне. 10 клас
Книга: § 3. Правілы афармлення чарцяжоў: фарматы лістоў чарцяжоў, маштабы
Напечатано:: Гость
Дата: Пятница, 3 Май 2024, 01:27

Уступ

Як вам ужо вядома, пры выкананні і афармленні чарцяжоў кіруюцца адзінымі правіламі, абавязковымі для ўсіх прадпрыемстваў, арганізацый, навучальных устаноў. Таму чарцяжы вырабаў нельга па-рознаму чытаць ці выконваць. Чарцяжы павінны разумець усе спецыялісты, якія ўдзельнічаюць у стварэнні і рамонце вырабаў. Правілы выканання і афармлення чарцяжоў аб’яднаны ў адзіную сістэму канструктарскай дакументацыі (АСКД). У працэсе вывучэння чарчэння вы будзеце знаёміцца з рознымі стандартамі (напрыклад, на маштабы, лініі чарцяжа, фарматы, шрыфты і інш.). Кожнаму стандарту прысвойваецца свой нумар і год рэгістрацыі (напрыклад, ДАСТ 2.109-73 АСКД. Асноўныя патрабаванні да чарцяжоў).
Пазнаёмімся з асноўнымі стандартамі АСКД, якія ўстанаўліваюць правілы афармлення чарцяжоў.

Фарматы лістоў чарцяжоў

Для зручнасці захоўвання чарцяжоў іх выконваюць на лістах паперы пэўнага памеру, які называецца фарматам. Фармат ліста вызначаецца памерамі яго бакоў. Стандартам ДАСТ 2.301-68 АСКД. Фарматы вызначаны шэраг асноўных і дадатковых фарматаў (рыс. 12). Фарматы лістоў вызначаюцца памерамі знешняй рамкі і абазначаюцца вялікай літарай А і лічбай. На ўроках чарчэння вы будзеце выкарыстоўваць фармат А4, памеры бакоў якога 210 х 297 мм ці А3 з памерамі 420 х 297 мм.

Асноўны надпіс чарцяжа (штамп)

Кожны чарцёж афармляецца рамкай і асноўным надпісам. Рамка абмяжоўвае поле чарцяжа. Яе праводзяць суцэльнай тоўстай лініяй на адлегласці 20 мм ад левай мяжы фармату і на адлегласці 5 мм ад верхняй, ніжняй і правай меж (рыс. 13).

Паводле стандарту ДАСТ 2.301-68 фармат А4 часцей за ўсё размяшчаюць вертыкальна. Лісты іншых фарматаў могуць размяшчацца як вертыкальна, так і гарызантальна. Аднак у вучэбных мэтах мы будзем размяшчаць фармат А4 як вертыкальна, так і гарызантальна.

У правым ніжнім вугле фармату над рамкай змяшчаюць асноўны надпіс. Форму, памеры і змест асноўнага надпісу вызначае стандарт ДАСТ 2.104-68 АСКД. Асноўныя надпісы. Для вытворчых чарцяжоў асноўны надпіс выглядае наступным чынам (рыс. 14).

Выкарыстоўваючы іншыя крыніцы інфармацыі, вызначыце, якімі надпісамі запаўняюцца графы 1—5 асноўнага надпісу вытворчага чарцяжа на рысунку 14.

Для вучэбных чарцяжоў памеры асноўнага надпісу стандартамі не рэгламентуюцца. Асноўны надпіс вучэбнага чарцяжа, які выконваюць на ўроках чарчэння, мае памеры, паказаныя на рысунку 15. Рамка асноўнага надпісу таксама выконваецца суцэльнай тоўстай лініяй.
У асноўным надпісе чарцёжным шрыфтам (яго мы разгледзім пазней) паказваецца: назва вырабу, прозвішча навучэнца і настаўніка, дата прыёмкі чарцяжа, маштаб відарыса, абазначэнне матэрыялу дэталі, школа і клас, нумар задання (рыс. 16).
Літары і лічбы ў асноўным надпісе, як і на ўсім чарцяжы, выконваюць чарцёжным шрыфтам.

 

Маштабы

Часта неабходна выканаць чарцяжы вялікіх ці дробных дэталей. Вялікія па памерах дэталі немагчыма адлюстраваць на лісце паперы, не паменшыўшы іх памеры ў некалькі разоў. Таксама чарцяжы дробных дэталей цяжка выканаць без павелічэння іх памераў. Такім чынам, відарыс дэталі на чарцяжах можа быць большым ці меншым, чым сама дэталь. Пра такі відарыс гавораць, што ён выкананы ў маштабе.

Маштаб — гэта адносіны лінейных памераў прадмета, які адлюстроўваецца на чарцяжы, да яго сапраўдных памераў.

Калі 10 міліметраў на паперы роўна 10 міліметрам велічыні аб’екта, то чарцёж мае маштаб натуральнай велічыні (1:1)

Пры адлюстраванні буйных дэталей карыстаюцца маштабам памяншэння, дробных — маштабам павелічэння (рыс. 17).
Стандартам ДАСТ 2.302-68 АСКД. Маштабы вызначаны наступныя віды маштабаў для чарцяжоў:

Маштаб натуральнай велічыні:

1:1.

Маштаб памяншэння:

1:2;         1:2,5;         1:4; 

1:5;         1:10;          1:15; 

1:20;       1:25;          1:40;

1:50;       1:75;          1:100

1:200;     1:400;        1:500; 

1:800;     1:1000 i iнш.

Маштаб павелічэння:

2:1;         2,5:1;        4:1;

5:1;        10:1;         20:1; 

40:1;      50:1;         100:1 i iнш.

Як вы лічыце, дзе могуць выкарыстоўвацца маштабы 1:2000; 1:5000? Прывядзіце прыклады выкарыстання маштабу 1:10 000.

Памятайце! Пры выкарыстанні маштабу памяншэння ці павелічэння змяняецца толькі велічыня відарыса аб’екта, а лікавыя значэнні памераў на чарцяжэ заўсёды паказваюцца натуральныя (рэчаісныя). Велічыні вугла застаюцца без змянення пры любым маштабе.

Абазначэнне маштабу

Маштаб запісваецца ў асноўным надпісе ў спецыяльнай графе (гл. рыс. 16). Калі адзін з відарысаў на чарцяжы выкананы не ў тым маштабе, які паказаны ў асноўным надпісе, над гэтым відарысам запісваюць маштаб: паказваюць непасрэдна пасля надпісу, што належыць да відарыса, напрыклад: А–А (1:1); Б (5:1); А (2:1).

Замацуем веды

1. Растлумачце, для чаго на чарцяжы выконваюць асноўны надпіс.
2. Якія звесткі падаюцца ў асноўным надпісе вучэбнага чарцяжа?
3. Як вы лічыце, з якой мэтай з левага боку формата рамка вычэрчваецца на адлегласці 20 мм ад краю? Свае меркаванні праверце з дапамогай інфармацыі з іншых крыніц.
4. Для чаго неабходны маштабы?
5. Ці ўплывае маштаб на лікавыя значэнні памераў, паказаныя на чарцяжы? Свой адказ абгрунтуйце.

6. Вызначыце маштаб адлюстраванага на рысунку 18 чарцяжа дэталі. Раскажыце, як вы яго вызначылі.
7. Выкарыстоўваючы рысунак 19, растлумачце, як вызначаюцца памеры фарматаў.