§ 3. Правілы афармлення чарцяжоў: фарматы лістоў чарцяжоў, маштабы

Уступ

Як вам ужо вядома, пры выкананні і афармленні чарцяжоў кіруюцца адзінымі правіламі, абавязковымі для ўсіх прадпрыемстваў, арганізацый, навучальных устаноў. Таму чарцяжы вырабаў нельга па-рознаму чытаць ці выконваць. Чарцяжы павінны разумець усе спецыялісты, якія ўдзельнічаюць у стварэнні і рамонце вырабаў. Правілы выканання і афармлення чарцяжоў аб’яднаны ў адзіную сістэму канструктарскай дакументацыі (АСКД). У працэсе вывучэння чарчэння вы будзеце знаёміцца з рознымі стандартамі (напрыклад, на маштабы, лініі чарцяжа, фарматы, шрыфты і інш.). Кожнаму стандарту прысвойваецца свой нумар і год рэгістрацыі (напрыклад, ДАСТ 2.109-73 АСКД. Асноўныя патрабаванні да чарцяжоў).
Пазнаёмімся з асноўнымі стандартамі АСКД, якія ўстанаўліваюць правілы афармлення чарцяжоў.