§ 2. Чарцёжныя матэрыялы, інструменты і прылады
Арганізацыя рабочага месца
Выкананне чарцяжоў — працаёмкі працэс, таму ўвесь час распрацоўваюцца інструменты і прыстасаванні, якія паскараюць і палягчаюць гэту працу. Сучасныя рабочыя месцы канструктараў аснашчаюцца мадэрнізаванымі сталамі, камп’ютарамі з устаноўленымі спецыяльнымі праграмамі (графічнымі рэдактарамі, разліковымі і мадэлюючымі праграмамі), прынтарамі і плотарамі (рыс. 11), што значна паскарае выкананне праектна-канструктарскіх работ. У цяперашні час праграмы, якія выкарыстоўваюцца канструктарамі пры распрацоўцы вырабаў, аб’ядноўваюцца ў сістэмы аўтаматызаванага праектавання (САПР), або CAD-сістэмы.
Для выканання чарцяжоў высокай якасці рабочае месца павінна быць правільна арганізавана. Яго неабходна правільна асвятляць. Святло павінна падаць на чарцёж зверху і злева (для ляўшэй справа). Пры такім становішчы вочы не будуць стамляцца, а на чарцёж не будзе падаць цень. У час працы трэба сядзець прама, падняўшы галаву і выраўнаваўшы спіну, трохі нахіліўшыся наперад. Адлегласць ад вачэй да чарцяжа павінна быць не меншай за 300—350 мм.