§ 2. Чарцёжныя матэрыялы, інструменты і прылады
- Успомніце, на чым выконвалі графічныя відарысы нашы продкі.
- Вы даведаецеся: якімі чарцёжнымі інструментамі, матэрыяламі і прыладамі карыстаюцца пры выкананні чарцяжоў, як падрыхтаваць інструменты і прылады да работы.
- Вы навучыцеся: падрыхтоўваць чарцёжныя матэрыялы і наладжваць чарцёжныя інструменты і прылады, карыстацца імі.
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Чарчэнне. 10 клас |
Книга: | § 2. Чарцёжныя матэрыялы, інструменты і прылады |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Воскресенье, 22 Декабрь 2024, 08:06 |
Уступ
Графічныя відарысы могуць выконвацца ўручную чарцёжнымі інструментамі ці на камп’ютары. Якасць выкананых графічных відарысаў у значнай ступені залежыць ад наяўнасці і якасці інструментаў, прылад і матэрыялаў.
Чарцёжныя матэрыялы
Асноўным матэрыялам, на якім выконваюцца графічныя відарысы, з’яўляецца папера.
Папера. Існуюць розныя тыпы паперы, якія выкарыстоўваюцца для выканання тэхнічнага графічнага відарыса. Асноўным тыпам з’яўляецца белая шчыльная чарцёжная папера.
Пры выкананні чарцяжа на чарцёжнай паперы трэба памятаць, што ўсе відарысы выконваюцца на гладкім боку паперы. Свабоднае поле чарцяжа можна закрыць чыстым лістом паперы, каб графітны пыл ад алоўка не пэцкаў паверхню.
Для выканання чарцяжоў не падыходзіць папера для малявання, паколькі на яе паверхні застаюцца шурпатасці і забруджванні ад выкарыстання гумкі, што не дае магчымасці паўторнага правядзення ліній патрэбнай якасці.
На ваш погляд, чаму для выканання чарцяжоў выкарыстоўваецца шчыльная белая папера?
Чарцёжныя інструменты
Да іх належаць лінейкі, рэйсшыны, вугольнікі, цыркулі, трафарэты, лякалы, транспарціры.
Лінейкі. Для чарчэння выкарыстоўваюцца пластыкавыя ці драўляныя лінейкі даўжынёй не менш за 30 см. Для правядзення паралельных ліній зручна карыстацца лінейкай з ролікам (інерцыйнай рэйсшынай). |
Выкарыстоўваючы дадатковыя крыніцы, знайдзіце інфармацыю пра прыёмы работы з інерцыйнай рэйсшынай.
Вугольнікі чарцёжныя. Для чарчэння выкарыстоўваюцца два віды вугольнікаў: з вугламі 30°, 60°, 90° і 45°, 45°, 90°; драўляныя або пластыкавыя. |
Выкарыстоўваючы правілы праверкі якасці лінейкі, раскажыце, як праверыць якасць прамога вугла вугольніка..
Цыркулі. Адрозніваюць цыркулі кругавыя (прызначаны для вычэрчвання акружнасцей і дуг) і разметачныя (цыркулі-вымяральнікі — прызначаны для пераносу памераў з лінейкі на чарцёж). Для вычэрчвання акружнасцей і дуг малога дыяметра ўжываецца кронцыркуль (яго яшчэ называюць балерынка). Для захоўвання цыркуляў выкарыстоўваецца спецыяльны футляр — гатавальня.
Правілы выкарыстання цыркуля
- іголка і графітавы стрыжань цыркуля павінны знаходзіцца на адным узроўні;
- графітавы стрыжань павінен быць даўжынёй не менш за 8—10 мм. графітавы стрыжань павінен быць завостраны пад вуглом і ўстаўлены завостраным бокам вонкі;
- пры правядзенні акружнасцей і дуг іголка і графітавы стрыжань павінны быць перпендыкулярныя плоскасці чарцяжа;
- пры рабоце цыркуль трымаюць двума пальцамі за рыфленую галоўку, злёгку нахіліўшы цыркуль наперад прыкладна на 15°.
Выкарыстоўваючы дадатковыя крыніцы, знайдзіце інфармацыю, як з дапамогай кругавога цыркуля вычарціць акружнасці вялікага радыуса.
Трафарэты і лякалы. Трафарэты — пластмасавыя пласцінкі з прарэзамі ў выглядзе геаметрычных фігур, якія палягчаюць і паскараюць выкананне графічных відарысаў. Лякала ўяўляе сабой тонкую пласціну з пластмасы з крывалінейнымі кантамі і прызначана для выканання лякальных (не цыркульных) крывых. |
Дзе выкарыстоўваюцца трафарэты і лякалы?
Чарцёжныя прылады
Да асноўных чарцёжных прылад належаць алоўкі чарцёжныя і гумкі.
Алоўкі чарцёжныя. Для чарчэння выкарыстоўваюцца драўляныя і цангавыя (аўтаматычныя — дыяметр грыфеля 2 мм — або мікрааўтаматычныя — дыяметр грыфеля 0.3, 0.5, 0.7, 0.9 мм) алоўкі з грыфелем рознай цвёрдасці, пазначанай на алоўку літарамі і лічбамі.
М — мяккі; Т — цвёрды; ТМ — цвёрда-мяккі.
Еўрапейская шкала цвёрдасці:
В — мяккі, ад blackness (чарната);
H — цвёрды, ад hardness (цвёрдасць);
F — сярэдні тон паміж НВ і Н (ад англ. fine point — тонкасць);
HB — цвёрда-мяккі (Hardness Blackness — цвёрдасць-чарната).
Ступень мяккасці (цвёрдасці) абазначаецца лічбамі. Чым вышэйшая лічба, тым грыфель мякчэйшы або цвярдзейшы.
Выкананне чарцяжа пачынаюць алоўкам з цвёрдасцю Т, 2Т, а абводку выконваюць больш мяккім алоўкам з цвёрдасцю М. |
У час работы аловак трымайце пад невялікім нахілам да чарцёжнага інструмента. Каб грыфель алоўка ў час работы заставаўся вострым, перыядычна паварочвайце яго вакол сваёй восі. |
Гумкі. Лішнія лініі на чарцяжы выдаляюць мяккімі гумкамі для алоўкаў. Гумкі неабходна выбіраць мяккія, белага ці светла-шэрага колеру, а не каляровыя, паколькі часцей за ўсё каляровыя гумкі не сціраюць, а размазваюць аловак, пакідаючы брудныя сляды на паперы. Перыядычна трэба чысціць гумку аб цвёрдую паверхню, тады яна не будзе пакідаць слядоў. Памятайце: гумкай, прызначанай для выдалення чарніла шарыкавай ручкі, карыстацца нельга, паколькі яна робіць паперу варсістай.
Як вы лічыце, ці можна выкарыстоўваць для абвядзення чарцяжа аловак 6М (6В)?
Чарцяжы можна выконваць не толькі алоўкам, але і тушшу. Туш бывае вадкая і сухая (у выглядзе палачак ці плітак). Чорная туш высокай якасці мае густы чорны колер, лёгка сходзіць з пяра або з рэйсфедара. Рэйсфедар — гэта чарцёжны інструмент для правядзення ліній і знакаў на паперы тушшу ці фарбай. Складаецца з дзвюх створак, злучаных у адным пункце ручкай. Прамежак паміж імі запаўняецца тушшу ці фарбай. Шырыня лініі рэйсфедара рэгулюецца паваротам гайкі.
|
Выкарыстоўваючы дадатковыя крыніцы інфармацыі, знайдзіце звесткі пра прызначэнне і ўжыванне рэйсфедара.
Арганізацыя рабочага месца
Выкананне чарцяжоў — працаёмкі працэс, таму ўвесь час распрацоўваюцца інструменты і прыстасаванні, якія паскараюць і палягчаюць гэту працу. Сучасныя рабочыя месцы канструктараў аснашчаюцца мадэрнізаванымі сталамі, камп’ютарамі з устаноўленымі спецыяльнымі праграмамі (графічнымі рэдактарамі, разліковымі і мадэлюючымі праграмамі), прынтарамі і плотарамі (рыс. 11), што значна паскарае выкананне праектна-канструктарскіх работ. У цяперашні час праграмы, якія выкарыстоўваюцца канструктарамі пры распрацоўцы вырабаў, аб’ядноўваюцца ў сістэмы аўтаматызаванага праектавання (САПР), або CAD-сістэмы.
Для выканання чарцяжоў высокай якасці рабочае месца павінна быць правільна арганізавана. Яго неабходна правільна асвятляць. Святло павінна падаць на чарцёж зверху і злева (для ляўшэй справа). Пры такім становішчы вочы не будуць стамляцца, а на чарцёж не будзе падаць цень. У час працы трэба сядзець прама, падняўшы галаву і выраўнаваўшы спіну, трохі нахіліўшыся наперад. Адлегласць ад вачэй да чарцяжа павінна быць не меншай за 300—350 мм.
Назва «аловак» прыйшла з Усходу і ў перакладзе азначае «чорны камень» або «чорны сланец». Лічыцца, што гісторыя стварэння алоўка пачалася з XIV ст., калі з’явіўся італьянскі аловак. Ён уяўляў сабой гліністы чорнасланцавы стрыжань, загорнуты ў скуру. Пазней сланец быў заменены парашком з паленай косткі, замяшаным з раслінным клеем. А вось прабацькамі алоўка лічацца свінцова-цынкавыя і сярэбраныя палачкі з кавалка дроту, які часам прыпайвалі да ручкі. Яны называліся сярэбранымі алоўкамі. Пісаць імі было цяжка, паколькі немагчыма было сцерці і выправіць надпісы. Такімі алоўкамі карысталіся А. Дзюрэр і С. Бацічэлі.
|
Замацуем веды
1. Пералічыце інструменты і прылады, неабходныя для выканання чарцяжоў.
2. Растлумачце, як падрыхтаваць аловак да работы.
3. Выкарыстоўваючы розныя крыніцы інфармацыі, знайдзіце звесткі пра тое, якія яшчэ чарцёжныя інструменты і прылады, акрамя пералічаных у тэксце параграфа, выкарыстоўваюцца пры выкананні чарцяжоў і іншых графічных відарысаў.