§ 2. Чарцёжныя матэрыялы, інструменты і прылады
Чарцёжныя прылады
Да асноўных чарцёжных прылад належаць алоўкі чарцёжныя і гумкі.
Алоўкі чарцёжныя. Для чарчэння выкарыстоўваюцца драўляныя і цангавыя (аўтаматычныя — дыяметр грыфеля 2 мм — або мікрааўтаматычныя — дыяметр грыфеля 0.3, 0.5, 0.7, 0.9 мм) алоўкі з грыфелем рознай цвёрдасці, пазначанай на алоўку літарамі і лічбамі.
М — мяккі; Т — цвёрды; ТМ — цвёрда-мяккі.
Еўрапейская шкала цвёрдасці:
В — мяккі, ад blackness (чарната);
H — цвёрды, ад hardness (цвёрдасць);
F — сярэдні тон паміж НВ і Н (ад англ. fine point — тонкасць);
HB — цвёрда-мяккі (Hardness Blackness — цвёрдасць-чарната).
Ступень мяккасці (цвёрдасці) абазначаецца лічбамі. Чым вышэйшая лічба, тым грыфель мякчэйшы або цвярдзейшы.
У час работы аловак трымайце пад невялікім нахілам да чарцёжнага інструмента. Каб грыфель алоўка ў час работы заставаўся вострым, перыядычна паварочвайце яго вакол сваёй восі. |
Гумкі. Лішнія лініі на чарцяжы выдаляюць мяккімі гумкамі для алоўкаў. Гумкі неабходна выбіраць мяккія, белага ці светла-шэрага колеру, а не каляровыя, паколькі часцей за ўсё каляровыя гумкі не сціраюць, а размазваюць аловак, пакідаючы брудныя сляды на паперы. Перыядычна трэба чысціць гумку аб цвёрдую паверхню, тады яна не будзе пакідаць слядоў. Памятайце: гумкай, прызначанай для выдалення чарніла шарыкавай ручкі, карыстацца нельга, паколькі яна робіць паперу варсістай.
Як вы лічыце, ці можна выкарыстоўваць для абвядзення чарцяжа аловак 6М (6В)?
Выкарыстоўваючы дадатковыя крыніцы інфармацыі, знайдзіце звесткі пра прызначэнне і ўжыванне рэйсфедара.