§ 2. Чарцёжныя матэрыялы, інструменты і прылады
Чарцёжныя інструменты
Да іх належаць лінейкі, рэйсшыны, вугольнікі, цыркулі, трафарэты, лякалы, транспарціры.
Лінейкі. Для чарчэння выкарыстоўваюцца пластыкавыя ці драўляныя лінейкі даўжынёй не менш за 30 см. Для правядзення паралельных ліній зручна карыстацца лінейкай з ролікам (інерцыйнай рэйсшынай). |
Выкарыстоўваючы дадатковыя крыніцы, знайдзіце інфармацыю пра прыёмы работы з інерцыйнай рэйсшынай.
Вугольнікі чарцёжныя. Для чарчэння выкарыстоўваюцца два віды вугольнікаў: з вугламі 30°, 60°, 90° і 45°, 45°, 90°; драўляныя або пластыкавыя. |
Выкарыстоўваючы правілы праверкі якасці лінейкі, раскажыце, як праверыць якасць прамога вугла вугольніка..
Цыркулі. Адрозніваюць цыркулі кругавыя (прызначаны для вычэрчвання акружнасцей і дуг) і разметачныя (цыркулі-вымяральнікі — прызначаны для пераносу памераў з лінейкі на чарцёж). Для вычэрчвання акружнасцей і дуг малога дыяметра ўжываецца кронцыркуль (яго яшчэ называюць балерынка). Для захоўвання цыркуляў выкарыстоўваецца спецыяльны футляр — гатавальня.
Правілы выкарыстання цыркуля
- іголка і графітавы стрыжань цыркуля павінны знаходзіцца на адным узроўні;
- графітавы стрыжань павінен быць даўжынёй не менш за 8—10 мм. графітавы стрыжань павінен быць завостраны пад вуглом і ўстаўлены завостраным бокам вонкі;
- пры правядзенні акружнасцей і дуг іголка і графітавы стрыжань павінны быць перпендыкулярныя плоскасці чарцяжа;
- пры рабоце цыркуль трымаюць двума пальцамі за рыфленую галоўку, злёгку нахіліўшы цыркуль наперад прыкладна на 15°.
Выкарыстоўваючы дадатковыя крыніцы, знайдзіце інфармацыю, як з дапамогай кругавога цыркуля вычарціць акружнасці вялікага радыуса.
Трафарэты і лякалы. Трафарэты — пластмасавыя пласцінкі з прарэзамі ў выглядзе геаметрычных фігур, якія палягчаюць і паскараюць выкананне графічных відарысаў. Лякала ўяўляе сабой тонкую пласціну з пластмасы з крывалінейнымі кантамі і прызначана для выканання лякальных (не цыркульных) крывых. |
Дзе выкарыстоўваюцца трафарэты і лякалы?