§ 2. Чарцёжныя матэрыялы, інструменты і прылады
Чарцёжныя матэрыялы
Асноўным матэрыялам, на якім выконваюцца графічныя відарысы, з’яўляецца папера.
Папера. Існуюць розныя тыпы паперы, якія выкарыстоўваюцца для выканання тэхнічнага графічнага відарыса. Асноўным тыпам з’яўляецца белая шчыльная чарцёжная папера.
Пры выкананні чарцяжа на чарцёжнай паперы трэба памятаць, што ўсе відарысы выконваюцца на гладкім боку паперы. Свабоднае поле чарцяжа можна закрыць чыстым лістом паперы, каб графітны пыл ад алоўка не пэцкаў паверхню.
Для выканання чарцяжоў не падыходзіць папера для малявання, паколькі на яе паверхні застаюцца шурпатасці і забруджванні ад выкарыстання гумкі, што не дае магчымасці паўторнага правядзення ліній патрэбнай якасці.
На ваш погляд, чаму для выканання чарцяжоў выкарыстоўваецца шчыльная белая папера?