§ 0-27. Сістэма часцін мовы. Назоўнік: агульнае значэнне, марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля.

Практыкаванне № 1

Прачытайце тэкст. Сфармулюйце яго тэму і асноўную думку. Назавіце самастойныя і службовыя часціны мовы. Абгрунтуйце, чым вы кіраваліся пры размеркаванні слоў па гэтых групах. Прывядзіце пачатковую форму для слоў кожнай часціны мовы.

Сярод дрэў, што растуць на нашай зямлі, дуб займае самае пачэснае месца. Людзі спакон вякоў, калі хацелі, каб хата стаяла доўга, будавалі яе на дубовых падрубах. Каб студня была надзейная, каб вада ў ёй не цвіла, была заўсёды сцюдзёнай і чыстай, зруб рабіўся таксама з дубовых плашак.

Яго пускалі на самыя шыкоўныя вырабы — шафы і шафкі, канапы і крэслы, ложкі і куфры, на розную драбязу. Дуб быў не падуладны часу; ён не гніў у вадзе, яго не браў шашаль, не шкодзілі яму ні вецер, ні сонца. Ён нібы валодаў цудадзейнай сілай. А колькі казак, паданняў і легендаў хадзіла ў народзе пра неверагодную сілу гэтага дрэва, пра вечную еднасць яго з роднай зямлёй! (Паводле Я. Пархуты).

Растлумачце сэнс выдзеленых слоў.
● Выпішыце сказ, які адпавядае схеме: [   ], (што…).