§ 2-23. Антонімы, іх роля ў маўленні. Вобразна-выяўленчыя магчымасці антонімаў. Слоўнікі антонімаў
Практыкаванне 18
Прачытайце тэкст. Падрыхтуйце на яго аснове вуснае паведамленне пра антонімы.
Антонімы (грэч. anti — супраць, onyma — імя, назва) — словы з супрацьлеглым значэннем: добры — злы, дзень — вечар, далёка — блізка. Антонімы могуць мець не ўсе словы, а толькі тыя, якім уласціва агульнае значэнне якасці, часу, прасторы, колькасці. Не ўтвараюць антанімічных пар уласныя назоўнікі (Міхась, Мінск, Венера), канкрэтныя назоўнікі (стол, дуб, сшытак), лічэбнікі (тры, сем, пяцёра) і інш.
У антанімічныя пары ўваходзяць словы адной часціны мовы: назоўнікі (святло — цемра), прыметнікі (вялікі — малы), дзеясловы (пачынаць — заканчваць), прыслоўі (цёпла — холадна).
Паводле структуры антонімы бываюць аднакаранёвыя (праўда — няпраўда, цяжкі — няцяжкі, рэлігійны — антырэлігійны) і рознакаранёвыя (верх — ніз, чорны — белы).
Словы могуць уступаць у антанімічныя адносіны ў адпаведных кантэкстах. Гэта кантэкстуальныя антонімы — такія пары слоў, супрацьлеглае значэнне якіх выяўляецца толькі ў пэўным кантэксце: Варвара, па натуры добрая і мяккая жанчына — на слова была вострая і рэзкая (Паводле А. Васілевіч).