Печатать книгуПечатать книгу

§ 2-23. Антонімы, іх роля ў маўленні. Вобразна-выяўленчыя магчымасці антонімаў. Слоўнікі антонімаў

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская мова. 10 клас
Книга: § 2-23. Антонімы, іх роля ў маўленні. Вобразна-выяўленчыя магчымасці антонімаў. Слоўнікі антонімаў
Напечатано:: Гость
Дата: Воскресенье, 5 Май 2024, 05:53

Практыкаванне 18

Прачытайце тэкст. Падрыхтуйце на яго аснове вуснае паведамленне пра антонімы.

Антонімы (грэч. anti — супраць, onyma — імя, назва) — словы з супрацьлеглым значэннем: добры — злы, дзень — вечар, далёка — блізка. Антонімы могуць мець не ўсе словы, а толькі тыя, якім уласціва агульнае значэнне якасці, часу, прасторы, колькасці. Не ўтвараюць антанімічных пар уласныя назоўнікі (Міхась, Мінск, Венера), канкрэтныя назоўнікі (стол, дуб, сшытак), лічэбнікі (тры, сем, пяцёра) і інш.

У антанімічныя пары ўваходзяць словы адной часціны мовы: назоўнікі (святло — цемра), прыметнікі (вялікі — малы), дзеясловы (пачынаць — заканчваць), прыслоўі (цёпла — холадна).

Паводле структуры антонімы бываюць аднакаранёвыя (праўда — няпраўда, цяжкі — няцяжкі, рэлігійны — антырэлігійны) і рознакаранёвыя (верх — ніз, чорны — белы).

Словы могуць уступаць у антанімічныя адносіны ў адпаведных кантэкстах. Гэта кантэкстуальныя антонімы — такія пары слоў, супрацьлеглае значэнне якіх выяўляецца толькі ў пэўным кантэксце: Варвара, па натуры добрая і мяккая жанчына — на слова была вострая і рэзкая (Паводле А. Васілевіч).

Практыкаванне 19

Складзіце з прыведзеных слоў антанімічныя пары, запішыце іх.

Верх, далёка, купіць, браць, варожы, блізка, праўдзівы, ніз, крывадушны, аддаваць, дружалюбны, прадаць.

Практыкаванне 20

Запішыце сказы, устаўляючы прапушчаныя літары і раскрываючы дужкі.
Пастаўце неабходныя знакі прыпынку.
Падкрэсліце ў сказах антанімічныя пары.
Назавіце словы, якія выступаюць у якасці антонімаў толькі у пэўным кантэксце.

1. Сэрца маткі заўсёды чуе і кепскае і добрае (З. Бядуля).
2. Большы брат згатаваў добры абе(д/т) нава(д/т) два скруткі каўбасы на стол паклаў а меншым тол..кі пазірае (А. Якімовіч).
3. Не трэба думаць пра тое што было і больш не вернецца н(і/е)колі. Калі добрае то можна (у/ў)спомніць і пацешыцца а калі дрэн..ае дык забыцца на яго трэба (К. Чорны).
4. Як дзень ад..ходзіцьсл пр..ходзіць нябыт начных заспако..ных слоў (А. Куляшоў).
5. Ты з Заходн..й я з Усходн..й нашай Беларусі больш з табою ўжо н(і/е)колі я не разлучус.. (Я. Купала).

Практыкаванне 21

Утварыце ад прыведзеных слоў аднакаранёвыя, карыстаючыся пададзенымі ў дужках прыстаўкамі. Запішыце словы, падкрэсліце тыя, што складаюць антанімічныя пары.

Адчыніць (дзверы) — (пры-, рас-, за-);

ускочыць — (за-, ад-, вы-, пера-, на-);

наступаць — (вы-, за-, пера-, ад-, у-);

загарнуць — (з-, пера-, раз-, пры-, вы-).

Звярніце ўвагу!

Мнагазначныя словы маюць некалькі антонімаў: кожнаму значэнню адпавядае пэўны антонім.
Напрыклад: свежы хлеб — чэрствы хлеб; свежая газета — старая газета; свежы вецер — цёплы вецер; свежы след — даўні, учарашні след.

Практыкаванне 22

Падбярыце да прыведзеных словазлучэнняў антанімічныя.
Запішыце пары, якія ў вас атрымаліся.

Старая кніга, спелы яблык, глухая восень, правая партыя, мяккі зычны, моцны характар, вялікія падзеі, залатыя рукі, стары чалавек, старая газета.

Ha выкарыстанні антонімаў заснаваны некаторыя стылістычныя фігуры.

Антытэза (ад грэч. antithesis — супрацьпастаўленне) — выраз, у якім супрацьпастаўляюцца розныя паняцці: Сыты галоднаму не спагадае (Прыказка).

Аксю̀маран — наўмыснае спалучэнне супрацьлеглых па сэнсе, несумяшчальных паняццяў, якія лагічна ўзаемавыключаюцца, але ствараюць новы паэтычны вобраз, калі ўжываюцца разам: звонкая цішыня, гарачы снег.

I антонімы, і антытэза, і аксюмаран шырока выкарыстоўваюцца ў творах вуснай народнай творчасці, мастацкай літаратуры, у публіцыстыцы ў якасці мастацкіх сродкаў выразнасці з мэтай характарыстыкі асоб, прадметаў, падзей, а таксама для стварэння каламбураў, гумарыстычных замалёван (Паводле В. Краснея).

Практыкаванне 23

Спалучыце пачатак і заканчэнне прыказак. Зачытайце іх. 

1)  Добрая слава людзей збірае,

2)  Лёгка пасварыцца,

3) Хто не шануе чужога,

4) Мякка сцеле,

5) Згодаю двор збудуеш,

6) Рыхтуй летам сані,

а) той і свайго не мае.

б) а нязгодаю — гатовае разбурыш.

в) а дрэнная — разганяе.

г)  а зімой калёсы.

д) цяжка памірыцца.

е) ды мулка спаць.

Выпішыце з прыказак пары антонімаў.

Практыкаванне 24

Дапішыце прыказкі, устаўляючы патрэбныя антонімы. 

1. Сыты … не спагадае.
2. Лепш трошкіс зрабіць, чым … нагаварыць.
3. Старасць слабая на ногі, ды … на розум.
4. На свята падумай пра будзень, а ўлетку пра … .
5. Чорнае …  не стане.
6. Лепш адзін прыяцель, чым дзесяць … .
7. Што аднаму цяжкаф, тое гуртам … .
8. Сухі марац, … май — будзе жыта, нібы гай.

 Назве якога вясенняга месяца адпавядае слова марац?

Раскажыце, на чым заснаваны стылістычны прыём антытэза.

Практыкаванне 25

Прачытайце верш.
Выпішыце з яго прыклады аксюмарана.
Абгрунтуйце сваё меркаванне.

Ці доўга было гэта?
Можа, хвіліна,
Можа, паўвека, а можа, больш…
Але пакінула ты, дзяўчына,
Смутную радасць і светлы боль.

                       М. Лужанін.

Практыкаванне 26

 Прачытайце артыкул са слоўніка антонімаў. Раскажыце на яго аснове, як падаюцца антонімы ў слоўніку.

ВЕТЛІВАСЦЬ — ГРУБАСЦЬ

Пачцівасць, прыветлівасць

у адносінах з людзьмі

Непачцівасць, непрыветлівасць

у адносінах з людзьмі

Ветлівасць (грубасць) уласціва, характэрна; людская, спадчынная.

Грубасць адных ураўнаважваецца ветлівасцю другіх («Чырвоная змена»).

Лазоўскі У. М. Слоўнік антонімаў беларускай мовы: канкрэтныя выпадкі ўжывання. Мінск: Універсітэцкае, 1994.

Практыкаванне 27

Выпішыце са слоўніка антонімаў тры артыкулы. Вызначце, з якой стылістычнай мэтай выкарыстаны антонімы ў аўтарскіх тэкстах, прыведезеных у слоўнікавых артыкулах у якасці прыкладаў.