Паэзія Уладзіміра Дубоўкі

* Паэзія Уладзіміра Дубоўкі

Віртуознае паэтычнае майстэрства Уладзімір Дубоўка паказаў ужо ў сваёй першай кнізе «Строма» (1923): там дамінавалі лірычны пейзаж, вытанчаная музычнасць вершаванага радка, «нервовы» рытм, часам няроўны, нечаканы, і складаная асацыятыўнасць, за якую літаратурныя крытыкі то хвалілі, то папракалі паэта.

Наступныя кнігі («Трысцё» (1925), «Там, дзе кіпарысы» (1925), «Credo» (1926), «Наля» (1927)) былі тыпова «маладнякоўскія» і па факце (паэт у той час быў удзельнікам «Маладняка»), і па эстэтыцы.

У ранняй творчасці Уладзіміра Дубоўкі адзначаліся «маладнякоўская пафаснасць і рамантыка, малады камсамольскі запал ва ўслаўленні Кастрычніцкай рэвалюцыі і новай, савецкай, явы, перавага ўсхваляваных, бадзёрых, але часта прызвычаена-ўмоўных і нібы “аголеных” эмоцый», — пісаў літаратуразнавец Дзмітрый Бугаёў.

Навукоўцы гавораць. «Цётка сваім вопытам адкрыла шырыню чалавечых жаданняў, паказала вобраз імкнёнасці; Колас у сваім — паказаў каштоўнасць рэальных жаданняў і асалоду ад іх ператварэння ў дзейнасць; Купала ў сваім — адкрыў вобраз існага як прадстаўленне прыроды і наогул усяго існага ў іх станоўчым і адмоўным пачатках, паказаў бязмежнасць імкнёнасці чалавека да станоўчага; Дубоўка ж, як бы сінтэзуючы ўсё гэта і робячы адпаведны вывад, гаворыць далей: раз ёсць дынаміка жыцця, то яна толькі ад змагання вось тых самых сіл, якія пазнаў і Купала, а таксама адчувалі Цётка і Колас. <…> Што ж тут дзіўнага, што жыццё без змагання не дынаміць? Хіба гэта перашкаджае існаваць прыгожаму?» (Адам Бабарэка).

Навукоўцы гавораць. Кніга Уладзіміра Дубоўкі «Наля» прысвечана Налі (Настассі) Маркавай — сапраўднай музе аўтара, якая была паэткай, удзельніцай магілёўскага філіяла «Маладняка». У 1929 годзе яна выйшла замуж і разам з мужам з’ехала ў Ленінград (цяпер Санкт-Пецярбург, Расія) (Паводле Ірыны Багдановіч).


Паступова паэт перарос маладнякоўскую эстэтыку і разам з калегамі ў 1926 годзе заснаваў літаратурнае аб’яднанне «Узвышша». Менавіта ў гэты час ён напісаў свае самыя значныя творы — паэмы «Кругі», «І пурпуровых ветразей узвівы», «Штурмуйце будучыні аванпосты!», найбольш арыгінальныя і найменш ацэненыя сучаснікамі. 

У творах аўтар вельмі часта звяртаўся да асобных момантаў літаратурнай барацьбы таго часу, адлюстроўваў пераход сялянскай краіны да калектывізацыі і індустрыялізацыі, звяртаўся і да тэмы беларускай мінуўшчыны, прыроды, кахання, але разумеў, якія тэксты будуць больш запатрабаваныя чытачамі і крытыкамі: «Што пісаць пра каханне вершы, // госіздат друкаваць не будзе».

Любімыя метафары Уладзіміра Дубоўкі звязаны са словамі «пялёсткі», «дзіды», «кляновае лісце», «летуценні».


Лірызм быў сутнасцю яго паэтычнага таленту, адсюль прыхільнасць да народнай песні, напеўнасць вершаў. Некаторыя свае творы называў «мелодыямі». Шэдэўр патрыятычнай лірыкі «О Беларусь, мая шыпшына» (1925) — своеасаблівая малітва за Беларусь: амаль у кожнай страфе лірычны герой сцвярджаў, што Беларусь будзе заўсёды («У ветры дзікім не загінеш»), што ніякія перашкоды не знішчаць яе («Ніколі пройме з дзікім ветрам // не развіваць дзявочых кос»; «Варожасць шляху не зачыніць»). Па-маладому самаўпэўнена ў творы абвяшчалася, што «ў перашкодах дух расце».

У гэтым вершы, які ў 1920-я гады быў візітнай карткай паэта, Дубоўка дасягнуў выключнай дасканаласці паэтычнай формы. У тэксце паяднаны самаахвярная пяшчота («Пялёсткамі тваімі стану»), рамантызм, адданасць («На дзіды сэрца накалю»), халоднасць сучаснасці («Тваіх вачэй — пад колер сталі»), Камуна Свету як даніна часу і цёмнае прароцтва («чарнобылем1 не зарасцеш»).

Уладзімір Дубоўка разумеў мастацтва як адлюстраванне хараства, прыгажосці жыцця. Калі ў 1920-я гады паэты ў асноўным пісалі ўзнёслыя творы пра новую рэчаіснасць, Дубоўка казаў яшчэ і пра гармонію, дабро і праўду. 

Лірычнае светаадчуванне паэта выдатна перададзена ў пейзажна-філасофскім вершы «Залатая асенняя раніца...» (1922). Уладзімір Дубоўка прадэманстраваў майстэрства гукавога афармлення, лёгкасць паэтычнага радка: «Прытулі, прыхіні на апошняе // і згадай гэты дзень залаты». Паэт упэўнена і творча абышоўся з мовай: у яго дзвіна1 матылькоў «распаветрыцца», і берагі «беражыстыя». Сумны восеньскі час замірання прыроды запаралеліўся з момантамі развітання ў чалавечым жыцці («Развітальная хвіля найгоршая, // яна можа і сэрца спаліць») і адначасова натхніў лірычнага героя на светлыя, нават аптымістычныя думкі: «Не гаруй! Ты дарэмна заплакала: // я прыйду, я вярнуся ізноў. // Лёс для ўсіх не бывае аднакавы, // як для тых засмучоных лістоў».

У 1964 годзе Уладзімір Дубоўка пісаў крытыку Дзмітрыю Бугаёву пра верш «Залатая асенняя раніца»: «Калі я, у канцы 1957 года ў Сібіры, пачаў ператрасаць сваю бедную “Строму”, дык сустрэўся з вершам “Мітусіцца лісцё па аселіцы, мітульжыннае, быццам дзвіна”. Перарабіў яго, а фактычна на яго аснове напісаў новы верш, таго ж настрою. Дату паставіў тую самую».

Пра каханне Уладзімір Дубоўка пісаў так смела, што праз шмат гадоў сам жа гэту адкрытасць з твораў прыбіраў. У вершы «Цягнік спяшаўся» паэт выкарыстаў псіхалагічны паралелізм «каліна белая... нявеста маладая...», каб расказаць пра любоўнае імгненне, каханне-расстанне, якому нібыта перашкаджаў здзейсніцца цягнік, пра нетрываласць пачуцця на адлегласці. Верш прысвечаны паэтцы Налі Маркавай. Паміж закаханымі творцамі сапраўды былі не толькі пачуцці, але і цягнікі, і дарогі. Праз шмат гадоў Уладзімір Дубоўка перапрацаваў апошнія радкі верша. У першым варыянце было: «Каліна водарыла белым цветам, // каліну звалі тую: Наля… Наля…», у апошнім аўтар прыбраў згадку пра імя каханай і замяніў аказіянальны (аўтарскі) дзеяслоў на больш звыклы, але і больш банальны: «Каліна красавала белым цветам, // пялёсткі следам ціха абляталі...». 

Пасля рэабілітацыі Уладзімір Дубоўка вярнуўся ў літаратуру з новымі вершамі і апрацоўкамі фальклорных твораў. Трэба ўлічыць, што пакуль пісьменнік знаходзіўся далёка ад Беларусі, літаратура развівалася далей, і па вяртанні паэту трэба было «дагнаць» літаратурны працэс амаль за трыццаць гадоў. Гэта ў яго атрымалася, і ў 1962 годзе ён быў ушанаваны вышэйшай пісьменніцкай узнагародай таго часу — Літаратурнай прэміяй імя Янкі Купалы за кнігу паэзіі «Палеская рапсодыя».

Але, заплаціўшы за сваю творчую смеласць трыццаццю гадамі жыцця, ён зрабіўся недаверлівым: нават у сяброўскіх размовах успамінаў з высылкі толькі гумарыстычныя выпадкі, у прыватных лістах быў асцярожны. Некаторыя эпізоды лагернага жыцця Уладзіміра Дубоўкі даследчыкі аднавілі па ўспамінах іншых пісьменнікаў у другой палове ХХ стагоддзя.

У нейкім сэнсе верш «Родная мова, цудоўная мова!..» (1966) з’яўляецца адначасова і выражэннем уласнага меркавання паэта, і асцярожным, правільным тэкстам. «Ты нашых думак уток і аснова! » — сцвярджаў лірычны герой, як і паэт, апантаны беларускай мовай. Паколькі сам Дубоўка жыў у натуральным беларускамоўным асяроддзі толькі ў дзяцінстве і падлеткавым узросце (праўда, нярэдка па справах, сяброўстве або сваяцтве бываў у Беларусі), то пасля пераезду ў Маскву галоўным носьбітам беларускай мовы для яго стала маці, а сама мова адпаведна — «Матчын дарунак ад самай калыскі» (параўнайце з назвай зборніка Алеся Гаруна «Матчын дар»).

З успамінаў. «Мая маці была непісьменная, але мела ясны прыродны розум, вельмі добра ведала беларускую мову і, паўжыцця прыжыўшы ў Маскве, гаварыла толькі па-беларуску. <...> Вось чаму я маю поўную падставу называць беларускую мову — матчынай мовай» (Уладзімір Дубоўка).


Але калі лірычны герой паэта прызнаваўся, што беларуская мова «мне заўсёды была дапамогай, // дзе б і якой ні хадзіў я дарогай», то тут шляхі героя і самога паэта нібыта разыходзяцца, таму што свой прысуд Дубоўка атрымаў якраз за творчасць на беларускай мове. Інакш склаўся лёс у яго паплечнікаў, якія спынілі ўдзел у літаратурным працэсе і з’ехалі з Беларусі, — Янкі Бобрыка, Наталлі Вішнеўскай, Арыны Глінскай, Зінаіды Бандарынай. Постаць жа самога Дубоўкі была вельмі значная ў беларускай літаратуры 1920-х гадоў, і яго творчасць не магла застацца незаўважанай. 

Пакуль лірычны герой пафасна пераконваў чытачоў, што «Кожнай драбнічкай ты (беларуская мова. — Аўт.) варта пашаны, // кожнае слова вякамі стварана», сам Дубоўка-авангардыст і яго сябры-паплечнікі значна ўзбагацілі сінтаксіс беларускай мовы, а таксама вельмі смела карысталіся яе граматычнымі магчымасцямі (нечаканыя прыналежныя прыметнікі («дэльфінавы», «аўтаравы»), нязвыклыя формы ступеней параўнання («сіньшы»)), словаўтваральнымі і лексічнымі сродкамі мясцовых гаворак («адляйцаць», «ажыргаць», «астрыжонак», «брыж», «буталь», «водзыўкі», «зблоціць», «калюжа», «лактаць», «нажутка», «пагурачак», «разыгранка»).

Літаратурныя сувязі. «Творчасць Уладзіміра Дубоўкі тых гадоў аказала плённы ўплыў на развіццё беларускай літаратуры, у першую чаргу паэзіі. П. Глебка, М. Лужанін, як яны не раз пасведчылі, а таксама П. Трус, С. Дарожны, Я. Бобрык, М. Дубовік, часткова Ю. Лявонны і некаторыя іншыя знаходзіліся на арбіце непасрэднага паэтычнага прыцягнення Дубоўкі, паэзія якога вабіла маладзейшых таварышаў высокай культурай мовы і слова, верша, рытму, рыфмы, палымянай любоўю да Беларусі» (Дзмітрый Бугаёў).

Уладзімір Дубоўка любімым паэтам называў Купалу: «Янка Купала зрабіў незвычайна вялікую справу, як ніводзін больш беларускі паэт: абудзіў, згуртаваў моладзь, якая зараз працуе над развіццём і пашырэннем беларускае працоўнае культуры» (1925). Купала быў блізкі Дубоўку па тыпе таленту — трапяткі паэт-лірык, схільны да ўзнёслых, размашыстых інтанацый і фальклорна-рамантызаванай сімволікі.