Паэзія Уладзіміра Дубоўкі
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Беларуская літаратура. 10 клас |
Книга: | Паэзія Уладзіміра Дубоўкі |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Воскресенье, 20 Апрель 2025, 21:09 |
* Паэзія Уладзіміра Дубоўкі
Віртуознае паэтычнае майстэрства Уладзімір Дубоўка паказаў ужо ў сваёй першай кнізе «Строма» (1923): там дамінавалі лірычны пейзаж, вытанчаная музычнасць вершаванага радка, «нервовы» рытм, часам няроўны, нечаканы, і складаная асацыятыўнасць, за якую літаратурныя крытыкі то хвалілі, то папракалі паэта.
Наступныя кнігі («Трысцё» (1925), «Там, дзе кіпарысы» (1925), «Credo» (1926), «Наля» (1927)) былі тыпова «маладнякоўскія» і па факце (паэт у той час быў удзельнікам «Маладняка»), і па эстэтыцы.
У ранняй творчасці Уладзіміра Дубоўкі адзначаліся «маладнякоўская пафаснасць і рамантыка, малады камсамольскі запал ва ўслаўленні Кастрычніцкай рэвалюцыі і новай, савецкай, явы, перавага ўсхваляваных, бадзёрых, але часта прызвычаена-ўмоўных і нібы “аголеных” эмоцый», — пісаў літаратуразнавец Дзмітрый Бугаёў.
|
|
Паступова паэт перарос маладнякоўскую эстэтыку і разам з калегамі ў 1926 годзе заснаваў літаратурнае аб’яднанне «Узвышша». Менавіта ў гэты час ён напісаў свае самыя значныя творы — паэмы «Кругі», «І пурпуровых ветразей узвівы», «Штурмуйце будучыні аванпосты!», найбольш арыгінальныя і найменш ацэненыя сучаснікамі.
У творах аўтар вельмі часта звяртаўся да асобных момантаў літаратурнай барацьбы таго часу, адлюстроўваў пераход сялянскай краіны да калектывізацыі і індустрыялізацыі, звяртаўся і да тэмы беларускай мінуўшчыны, прыроды, кахання, але разумеў, якія тэксты будуць больш запатрабаваныя чытачамі і крытыкамі: «Што пісаць пра каханне вершы, // госіздат друкаваць не будзе».
![]() |
Лірызм быў сутнасцю яго паэтычнага таленту, адсюль прыхільнасць да народнай песні, напеўнасць вершаў. Некаторыя свае творы называў «мелодыямі». Шэдэўр патрыятычнай лірыкі «О Беларусь, мая шыпшына» (1925) — своеасаблівая малітва за Беларусь: амаль у кожнай страфе лірычны герой сцвярджаў, што Беларусь будзе заўсёды («У ветры дзікім не загінеш»), што ніякія перашкоды не знішчаць яе («Ніколі пройме з дзікім ветрам // не развіваць дзявочых кос»; «Варожасць шляху не зачыніць»). Па-маладому самаўпэўнена ў творы абвяшчалася, што «ў перашкодах дух расце».
У гэтым вершы, які ў 1920-я гады быў візітнай карткай паэта, Дубоўка дасягнуў выключнай дасканаласці паэтычнай формы. У тэксце паяднаны самаахвярная пяшчота («Пялёсткамі тваімі стану»), рамантызм, адданасць («На дзіды сэрца накалю»), халоднасць сучаснасці («Тваіх вачэй — пад колер сталі»), Камуна Свету як даніна часу і цёмнае прароцтва («чарнобылем1 не зарасцеш»).
Уладзімір Дубоўка разумеў мастацтва як адлюстраванне хараства, прыгажосці жыцця. Калі ў 1920-я гады паэты ў асноўным пісалі ўзнёслыя творы пра новую рэчаіснасць, Дубоўка казаў яшчэ і пра гармонію, дабро і праўду.
Лірычнае светаадчуванне паэта выдатна перададзена ў пейзажна-філасофскім вершы «Залатая асенняя раніца...» (1922). Уладзімір Дубоўка прадэманстраваў майстэрства гукавога афармлення, лёгкасць паэтычнага радка: «Прытулі, прыхіні на апошняе // і згадай гэты дзень залаты». Паэт упэўнена і творча абышоўся з мовай: у яго дзвіна1 матылькоў «распаветрыцца», і берагі «беражыстыя». Сумны восеньскі час замірання прыроды запаралеліўся з момантамі развітання ў чалавечым жыцці («Развітальная хвіля найгоршая, // яна можа і сэрца спаліць») і адначасова натхніў лірычнага героя на светлыя, нават аптымістычныя думкі: «Не гаруй! Ты дарэмна заплакала: // я прыйду, я вярнуся ізноў. // Лёс для ўсіх не бывае аднакавы, // як для тых засмучоных лістоў».
|
Пра каханне Уладзімір Дубоўка пісаў так смела, што праз шмат гадоў сам жа гэту адкрытасць з твораў прыбіраў. У вершы «Цягнік спяшаўся» паэт выкарыстаў псіхалагічны паралелізм «каліна белая... нявеста маладая...», каб расказаць пра любоўнае імгненне, каханне-расстанне, якому нібыта перашкаджаў здзейсніцца цягнік, пра нетрываласць пачуцця на адлегласці. Верш прысвечаны паэтцы Налі Маркавай. Паміж закаханымі творцамі сапраўды былі не толькі пачуцці, але і цягнікі, і дарогі. Праз шмат гадоў Уладзімір Дубоўка перапрацаваў апошнія радкі верша. У першым варыянце было: «Каліна водарыла белым цветам, // каліну звалі тую: Наля… Наля…», у апошнім аўтар прыбраў згадку пра імя каханай і замяніў аказіянальны (аўтарскі) дзеяслоў на больш звыклы, але і больш банальны: «Каліна красавала белым цветам, // пялёсткі следам ціха абляталі...».
Пасля рэабілітацыі Уладзімір Дубоўка вярнуўся ў літаратуру з новымі вершамі і апрацоўкамі фальклорных твораў. Трэба ўлічыць, што пакуль пісьменнік знаходзіўся далёка ад Беларусі, літаратура развівалася далей, і па вяртанні паэту трэба было «дагнаць» літаратурны працэс амаль за трыццаць гадоў. Гэта ў яго атрымалася, і ў 1962 годзе ён быў ушанаваны вышэйшай пісьменніцкай узнагародай таго часу — Літаратурнай прэміяй імя Янкі Купалы за кнігу паэзіі «Палеская рапсодыя».
Але, заплаціўшы за сваю творчую смеласць трыццаццю гадамі жыцця, ён зрабіўся недаверлівым: нават у сяброўскіх размовах успамінаў з высылкі толькі гумарыстычныя выпадкі, у прыватных лістах быў асцярожны. Некаторыя эпізоды лагернага жыцця Уладзіміра Дубоўкі даследчыкі аднавілі па ўспамінах іншых пісьменнікаў у другой палове ХХ стагоддзя.
У нейкім сэнсе верш «Родная мова, цудоўная мова!..» (1966) з’яўляецца адначасова і выражэннем уласнага меркавання паэта, і асцярожным, правільным тэкстам. «Ты нашых думак уток і аснова! » — сцвярджаў лірычны герой, як і паэт, апантаны беларускай мовай. Паколькі сам Дубоўка жыў у натуральным беларускамоўным асяроддзі толькі ў дзяцінстве і падлеткавым узросце (праўда, нярэдка па справах, сяброўстве або сваяцтве бываў у Беларусі), то пасля пераезду ў Маскву галоўным носьбітам беларускай мовы для яго стала маці, а сама мова адпаведна — «Матчын дарунак ад самай калыскі» (параўнайце з назвай зборніка Алеся Гаруна «Матчын дар»).
|
Але калі лірычны герой паэта прызнаваўся, што беларуская мова «мне заўсёды была дапамогай, // дзе б і якой ні хадзіў я дарогай», то тут шляхі героя і самога паэта нібыта разыходзяцца, таму што свой прысуд Дубоўка атрымаў якраз за творчасць на беларускай мове. Інакш склаўся лёс у яго паплечнікаў, якія спынілі ўдзел у літаратурным працэсе і з’ехалі з Беларусі, — Янкі Бобрыка, Наталлі Вішнеўскай, Арыны Глінскай, Зінаіды Бандарынай. Постаць жа самога Дубоўкі была вельмі значная ў беларускай літаратуры 1920-х гадоў, і яго творчасць не магла застацца незаўважанай.
Пакуль лірычны герой пафасна пераконваў чытачоў, што «Кожнай драбнічкай ты (беларуская мова. — Аўт.) варта пашаны, // кожнае слова вякамі стварана», сам Дубоўка-авангардыст і яго сябры-паплечнікі значна ўзбагацілі сінтаксіс беларускай мовы, а таксама вельмі смела карысталіся яе граматычнымі магчымасцямі (нечаканыя прыналежныя прыметнікі («дэльфінавы», «аўтаравы»), нязвыклыя формы ступеней параўнання («сіньшы»)), словаўтваральнымі і лексічнымі сродкамі мясцовых гаворак («адляйцаць», «ажыргаць», «астрыжонак», «брыж», «буталь», «водзыўкі», «зблоціць», «калюжа», «лактаць», «нажутка», «пагурачак», «разыгранка»).
Уладзімір Дубоўка любімым паэтам называў Купалу: «Янка Купала зрабіў незвычайна вялікую справу, як ніводзін больш беларускі паэт: абудзіў, згуртаваў моладзь, якая зараз працуе над развіццём і пашырэннем беларускае працоўнае культуры» (1925). Купала быў блізкі Дубоўку па тыпе таленту — трапяткі паэт-лірык, схільны да ўзнёслых, размашыстых інтанацый і фальклорна-рамантызаванай сімволікі. |
*Пытанні
1. Назавіце, якія адкрыцці ў літаратуры зрабіў майстар слова. | |
2. Акрэсліце значэнне хараства і гармоніі ў творчасці паэта. З якім аўтарам гэта яднае Уладзіміра Дубоўку? | |
3. Знайдзіце анафары ў вершы «Родная мова, цудоўная мова!..». З якой мэтай яны ўжыты? | |
4. Вылучыце з тэксту прароцтвы, зробленыя ў вершы «О Беларусь, мая шыпшына» асабіста для аўтара і наогул для краіны. | |
5. Апішыце настрой, які пануе ў вершы «Залатая асенняя раніца...», з дапамогай трох колераў, трох эмоцый, трох гукаў прыроды. | |
6. Высветліце значэнне слоў, якія ўвёў у беларускую мову Уладзімір Дубоўка. Зрабіце вывад пра ўплыў развіцця прыгожага пісьменства на фарміраванне літаратурнай мовы. | |
![]() |
Кросенс — табліца-загадка з малюнкамі (звычайна на 9 ячэек). Рашыць кросенс — знайсці сэнсавую сувязь паміж малюнкамі і адгадаць агульнае для іх паняцце (імя, назву твора) (гл. прыклад кросенса на верш Максіма Багдановіча «Летапісец»). |
*7–1. Прачытайце ўрывак з ліста Уладзіміра Дубоўкі крытыку Дзмітрыю Бугаёву: «…каб хто добрасумленна параўнаў слоўнік беларускай літаратурнай мовы да пачатку нашай працы, дык ён знайшоў бы вялікі ўплыў гэтай нашай працы на агульную плынь. <…> Вы справядліва адзначылі словы, якія сёння выбіваюцца з агульнага рэчышча, але Вас не маглі ўразіць словы, якія аказаліся трапнымі, якія набылі… усе праявы грамадзянства, а ў свой час аказаліся ўведзенымі ў мову літаратурную мною ці маімі таварышамі па працы». |
|
8. Вывучыце на памяць верш Уладзіміра Дубоўкі «О Беларусь, мая шыпшына». |