Паэзія Уладзіміра Дубоўкі
* Паэзія Уладзіміра Дубоўкі
Віртуознае паэтычнае майстэрства Уладзімір Дубоўка паказаў ужо ў сваёй першай кнізе «Строма» (1923): там дамінавалі лірычны пейзаж, вытанчаная музычнасць вершаванага радка, «нервовы» рытм, часам няроўны, нечаканы, і складаная асацыятыўнасць, за якую літаратурныя крытыкі то хвалілі, то папракалі паэта.
Наступныя кнігі («Трысцё» (1925), «Там, дзе кіпарысы» (1925), «Credo» (1926), «Наля» (1927)) былі тыпова «маладнякоўскія» і па факце (паэт у той час быў удзельнікам «Маладняка»), і па эстэтыцы.
У ранняй творчасці Уладзіміра Дубоўкі адзначаліся «маладнякоўская пафаснасць і рамантыка, малады камсамольскі запал ва ўслаўленні Кастрычніцкай рэвалюцыі і новай, савецкай, явы, перавага ўсхваляваных, бадзёрых, але часта прызвычаена-ўмоўных і нібы “аголеных” эмоцый», — пісаў літаратуразнавец Дзмітрый Бугаёў.
Навукоўцы гавораць. «Цётка сваім вопытам адкрыла шырыню чалавечых жаданняў, паказала вобраз імкнёнасці; Колас у сваім — паказаў каштоўнасць рэальных жаданняў і асалоду ад іх ператварэння ў дзейнасць; Купала ў сваім — адкрыў вобраз існага як прадстаўленне прыроды і наогул усяго існага ў іх станоўчым і адмоўным пачатках, паказаў бязмежнасць імкнёнасці чалавека да станоўчага; Дубоўка ж, як бы сінтэзуючы ўсё гэта і робячы адпаведны вывад, гаворыць далей: раз ёсць дынаміка жыцця, то яна толькі ад змагання вось тых самых сіл, якія пазнаў і Купала, а таксама адчувалі Цётка і Колас. <…> Што ж тут дзіўнага, што жыццё без змагання не дынаміць? Хіба гэта перашкаджае існаваць прыгожаму?» (Адам Бабарэка). |
Навукоўцы гавораць. Кніга Уладзіміра Дубоўкі «Наля» прысвечана Налі (Настассі) Маркавай — сапраўднай музе аўтара, якая была паэткай, удзельніцай магілёўскага філіяла «Маладняка». У 1929 годзе яна выйшла замуж і разам з мужам з’ехала ў Ленінград (цяпер Санкт-Пецярбург, Расія) (Паводле Ірыны Багдановіч). |
Паступова паэт перарос маладнякоўскую эстэтыку і разам з калегамі ў 1926 годзе заснаваў літаратурнае аб’яднанне «Узвышша». Менавіта ў гэты час ён напісаў свае самыя значныя творы — паэмы «Кругі», «І пурпуровых ветразей узвівы», «Штурмуйце будучыні аванпосты!», найбольш арыгінальныя і найменш ацэненыя сучаснікамі.
У творах аўтар вельмі часта звяртаўся да асобных момантаў літаратурнай барацьбы таго часу, адлюстроўваў пераход сялянскай краіны да калектывізацыі і індустрыялізацыі, звяртаўся і да тэмы беларускай мінуўшчыны, прыроды, кахання, але разумеў, якія тэксты будуць больш запатрабаваныя чытачамі і крытыкамі: «Што пісаць пра каханне вершы, // госіздат друкаваць не будзе».
Любімыя метафары Уладзіміра Дубоўкі звязаны са словамі «пялёсткі», «дзіды», «кляновае лісце», «летуценні». |
Лірызм быў сутнасцю яго паэтычнага таленту, адсюль прыхільнасць да народнай песні, напеўнасць вершаў. Некаторыя свае творы называў «мелодыямі». Шэдэўр патрыятычнай лірыкі «О Беларусь, мая шыпшына» (1925) — своеасаблівая малітва за Беларусь: амаль у кожнай страфе лірычны герой сцвярджаў, што Беларусь будзе заўсёды («У ветры дзікім не загінеш»), што ніякія перашкоды не знішчаць яе («Ніколі пройме з дзікім ветрам // не развіваць дзявочых кос»; «Варожасць шляху не зачыніць»). Па-маладому самаўпэўнена ў творы абвяшчалася, што «ў перашкодах дух расце».
У гэтым вершы, які ў 1920-я гады быў візітнай карткай паэта, Дубоўка дасягнуў выключнай дасканаласці паэтычнай формы. У тэксце паяднаны самаахвярная пяшчота («Пялёсткамі тваімі стану»), рамантызм, адданасць («На дзіды сэрца накалю»), халоднасць сучаснасці («Тваіх вачэй — пад колер сталі»), Камуна Свету як даніна часу і цёмнае прароцтва («чарнобылем1 не зарасцеш»).
Уладзімір Дубоўка разумеў мастацтва як адлюстраванне хараства, прыгажосці жыцця. Калі ў 1920-я гады паэты ў асноўным пісалі ўзнёслыя творы пра новую рэчаіснасць, Дубоўка казаў яшчэ і пра гармонію, дабро і праўду.
Лірычнае светаадчуванне паэта выдатна перададзена ў пейзажна-філасофскім вершы «Залатая асенняя раніца...» (1922). Уладзімір Дубоўка прадэманстраваў майстэрства гукавога афармлення, лёгкасць паэтычнага радка: «Прытулі, прыхіні на апошняе // і згадай гэты дзень залаты». Паэт упэўнена і творча абышоўся з мовай: у яго дзвіна1 матылькоў «распаветрыцца», і берагі «беражыстыя». Сумны восеньскі час замірання прыроды запаралеліўся з момантамі развітання ў чалавечым жыцці («Развітальная хвіля найгоршая, // яна можа і сэрца спаліць») і адначасова натхніў лірычнага героя на светлыя, нават аптымістычныя думкі: «Не гаруй! Ты дарэмна заплакала: // я прыйду, я вярнуся ізноў. // Лёс для ўсіх не бывае аднакавы, // як для тых засмучоных лістоў».
У 1964 годзе Уладзімір Дубоўка пісаў крытыку Дзмітрыю Бугаёву пра верш «Залатая асенняя раніца»: «Калі я, у канцы 1957 года ў Сібіры, пачаў ператрасаць сваю бедную “Строму”, дык сустрэўся з вершам “Мітусіцца лісцё па аселіцы, мітульжыннае, быццам дзвіна”. Перарабіў яго, а фактычна на яго аснове напісаў новы верш, таго ж настрою. Дату паставіў тую самую». |
Пра каханне Уладзімір Дубоўка пісаў так смела, што праз шмат гадоў сам жа гэту адкрытасць з твораў прыбіраў. У вершы «Цягнік спяшаўся» паэт выкарыстаў псіхалагічны паралелізм «каліна белая... нявеста маладая...», каб расказаць пра любоўнае імгненне, каханне-расстанне, якому нібыта перашкаджаў здзейсніцца цягнік, пра нетрываласць пачуцця на адлегласці. Верш прысвечаны паэтцы Налі Маркавай. Паміж закаханымі творцамі сапраўды былі не толькі пачуцці, але і цягнікі, і дарогі. Праз шмат гадоў Уладзімір Дубоўка перапрацаваў апошнія радкі верша. У першым варыянце было: «Каліна водарыла белым цветам, // каліну звалі тую: Наля… Наля…», у апошнім аўтар прыбраў згадку пра імя каханай і замяніў аказіянальны (аўтарскі) дзеяслоў на больш звыклы, але і больш банальны: «Каліна красавала белым цветам, // пялёсткі следам ціха абляталі...».
Пасля рэабілітацыі Уладзімір Дубоўка вярнуўся ў літаратуру з новымі вершамі і апрацоўкамі фальклорных твораў. Трэба ўлічыць, што пакуль пісьменнік знаходзіўся далёка ад Беларусі, літаратура развівалася далей, і па вяртанні паэту трэба было «дагнаць» літаратурны працэс амаль за трыццаць гадоў. Гэта ў яго атрымалася, і ў 1962 годзе ён быў ушанаваны вышэйшай пісьменніцкай узнагародай таго часу — Літаратурнай прэміяй імя Янкі Купалы за кнігу паэзіі «Палеская рапсодыя».
Але, заплаціўшы за сваю творчую смеласць трыццаццю гадамі жыцця, ён зрабіўся недаверлівым: нават у сяброўскіх размовах успамінаў з высылкі толькі гумарыстычныя выпадкі, у прыватных лістах быў асцярожны. Некаторыя эпізоды лагернага жыцця Уладзіміра Дубоўкі даследчыкі аднавілі па ўспамінах іншых пісьменнікаў у другой палове ХХ стагоддзя.
У нейкім сэнсе верш «Родная мова, цудоўная мова!..» (1966) з’яўляецца адначасова і выражэннем уласнага меркавання паэта, і асцярожным, правільным тэкстам. «Ты нашых думак уток і аснова! » — сцвярджаў лірычны герой, як і паэт, апантаны беларускай мовай. Паколькі сам Дубоўка жыў у натуральным беларускамоўным асяроддзі толькі ў дзяцінстве і падлеткавым узросце (праўда, нярэдка па справах, сяброўстве або сваяцтве бываў у Беларусі), то пасля пераезду ў Маскву галоўным носьбітам беларускай мовы для яго стала маці, а сама мова адпаведна — «Матчын дарунак ад самай калыскі» (параўнайце з назвай зборніка Алеся Гаруна «Матчын дар»).
З успамінаў. «Мая маці была непісьменная, але мела ясны прыродны розум, вельмі добра ведала беларускую мову і, паўжыцця прыжыўшы ў Маскве, гаварыла толькі па-беларуску. <...> Вось чаму я маю поўную падставу называць беларускую мову — матчынай мовай» (Уладзімір Дубоўка). |
Але калі лірычны герой паэта прызнаваўся, што беларуская мова «мне заўсёды была дапамогай, // дзе б і якой ні хадзіў я дарогай», то тут шляхі героя і самога паэта нібыта разыходзяцца, таму што свой прысуд Дубоўка атрымаў якраз за творчасць на беларускай мове. Інакш склаўся лёс у яго паплечнікаў, якія спынілі ўдзел у літаратурным працэсе і з’ехалі з Беларусі, — Янкі Бобрыка, Наталлі Вішнеўскай, Арыны Глінскай, Зінаіды Бандарынай. Постаць жа самога Дубоўкі была вельмі значная ў беларускай літаратуры 1920-х гадоў, і яго творчасць не магла застацца незаўважанай.
Пакуль лірычны герой пафасна пераконваў чытачоў, што «Кожнай драбнічкай ты (беларуская мова. — Аўт.) варта пашаны, // кожнае слова вякамі стварана», сам Дубоўка-авангардыст і яго сябры-паплечнікі значна ўзбагацілі сінтаксіс беларускай мовы, а таксама вельмі смела карысталіся яе граматычнымі магчымасцямі (нечаканыя прыналежныя прыметнікі («дэльфінавы», «аўтаравы»), нязвыклыя формы ступеней параўнання («сіньшы»)), словаўтваральнымі і лексічнымі сродкамі мясцовых гаворак («адляйцаць», «ажыргаць», «астрыжонак», «брыж», «буталь», «водзыўкі», «зблоціць», «калюжа», «лактаць», «нажутка», «пагурачак», «разыгранка»).
Літаратурныя сувязі. «Творчасць Уладзіміра Дубоўкі тых гадоў аказала плённы ўплыў на развіццё беларускай літаратуры, у першую чаргу паэзіі. П. Глебка, М. Лужанін, як яны не раз пасведчылі, а таксама П. Трус, С. Дарожны, Я. Бобрык, М. Дубовік, часткова Ю. Лявонны і некаторыя іншыя знаходзіліся на арбіце непасрэднага паэтычнага прыцягнення Дубоўкі, паэзія якога вабіла маладзейшых таварышаў высокай культурай мовы і слова, верша, рытму, рыфмы, палымянай любоўю да Беларусі» (Дзмітрый Бугаёў).
Уладзімір Дубоўка любімым паэтам называў Купалу: «Янка Купала зрабіў незвычайна вялікую справу, як ніводзін больш беларускі паэт: абудзіў, згуртаваў моладзь, якая зараз працуе над развіццём і пашырэннем беларускае працоўнае культуры» (1925). Купала быў блізкі Дубоўку па тыпе таленту — трапяткі паэт-лірык, схільны да ўзнёслых, размашыстых інтанацый і фальклорна-рамантызаванай сімволікі. |