*§ 19-0. Навукі пра духоўную сферу грамадства
Філасофія, культуралогія, рэлігіязнаўства як навукі і прафесійная дзейнасць. Спецыфіка філасофіі заключаецца ў тым, што ў шырокім сэнсе яна вызначаецца як асаблівая форма пазнання свету, якая выпрацоўвае сістэму ведаў пра найбольш агульныя характарыстыкі, гранічна-абагульняльныя паняцці і фундаментальныя прынцыпы рэальнасці (быцця) і пазнання, быцця чалавека, пра адносіны чалавека і свету. Пачынаючы са старажытнасці філасофія разглядалася як «жыццёвая мудрасць». Такім чынам, у першую чаргу філасофія ўяўляе сабой светапогляд, і ў гэтым сэнсе кожны чалавек займаецца філасофіяй.
Таксама філасофію можна вызначаць у вузкім сэнсе як навуку з пэўным прадметам вывучэння. Яна выяўляе праблему, асноўныя элементы цэлага ў аб’екце даследавання, фармулюе прынцыпы іх узаемасувязі і ўзаемазалежнасці і лагічна іх структуруе. Адметнасць філасофіі як навукі заключаецца, на думку філосафа Б. Расела, у тым, што яна звяртаецца не як навука — да розуму, а як рэлігія — да душы чалавека.
У структуру філасофіі ўваходзіць цэлы шэраг філасофскіх раздзелаў (дысцыплін).
Структура філасофіі | |
Анталогія (ад ст.-грэч. ὄν (ὄντος) — сутнасць, λόγος — слова, вучэнне) | Уключае ў сябе такія пытанні, як узнікненне свету, яго ўніверсальныя сувязі, асноўныя характарыстыкі і законы. Самымі агульнымі з’яўляюцца катэгорыі «быцця» і «небыцця» |
Гнасеалогія (ад ст.-грэч. γνῶσις — веды, λόγος — слова, вучэнне) |
Раздзел філасофіі, які займаецца даследаваннямі, крытыкай і тэорыямі пазнання. Разглядае працэс пазнання з пункту гледжання адносін суб’екта пазнання (даследчыка) да аб’екта пазнання, у прыватнасці, праблемы пазнавальнага працэсу, ісціны і яе крытэрыяў, форм і метадаў пазнання. У склад гнасеалогіі ўваходзяць эпістэмалогія (вучэнне пра веды) і метадалогія (вучэнне пра спосабы ажыццяўлення пазнавальнага працэсу) |
Філасофская антрапалогія (ад ст.-грэч. ἄνθρωπος — чалавек; λόγος — слова, вучэнне) | Вучэнне пра чалавека, яго сутнасць, мэты і сэнс жыцця |
Сацыяльная філасофія | Вывучае агульныя прынцыпы існавання грамадства, заканамернасці сусветнай гісторыі чалавецтва, абапіраючыся на такія гуманітарныя навукі, як гісторыя, сацыялогія, паліталогія і інш. Яе задача складаецца ў асэнсаванні развіцця грамадства |
Праксіялогія (ад ст.-грэч. πράξις — дзейнасць + λογία — навука, вучэнне) | Раздзел філасофіі, прадметам якога з’яўляецца даследаванне розных відаў дзейнасці чалавека |
Аксіялогія (ад ст.-грэч. ἀξία — каштоўнасць + λόγος — слова, вучэнне) | Раздзел аб асноўных каштоўнасцях чалавечага быцця, такіх як жыццё, дабро, свабода, справядлівасць, ісціна, карысць і інш. |
Філасофія культуры | Разглядае культуру як цэласнасць |
Этыка (ад ст.-грэч. ἦθος — этас, «нораў, звычай») | Філасофская дысцыпліна, прадметамі даследавання якой з’яўляюцца маральнасць і мараль |
Эстэтыка (ням. Ästhetik, ад ст.-грэч. αἴσθησις — пачуццё, пачуццёвае ўспрыманне) | Філасофскае вучэнне пра сутнасць і формы цудоўнага ў мастацкай творчасці, прыродзе, жыцці, пра мастацтва як асаблівую форму грамадскай свядомасці |
Такім чынам, філасофія паўстае як складаная дысцыпліна, у якой узаемазвязаны самыя розныя аспекты вывучэння чалавека, навакольнага свету і ўзаемасувязі чалавека з навакольным светам.
Яшчэ адной гуманітарнай навукай з’яўляецца культуралогія. Культуралогія (ад лац. cultura — апрацоўка, земляробства; выхаванне + ст.-грэч. λόγος — слова, вучэнне) уяўляе сабой сукупнасць даследаванняў культуры як структурнай цэласнасці. Тэрмін «культуралогія» быў прапанаваны амерыканскім антраполагам ХХ ст. Леслі Уайтам для абазначэння новай навуковай дысцыпліны як самастойнай навукі ў комплексе сацыяльных навук. Культуралогія даследуе феномен культуры як вопыту людзей, які ўвасабляецца ў спецыфічных нормах, законах, перадаецца з пакалення ў пакаленне ў выглядзе каштоўнасных арыенціраў і ідэалаў, інтэрпрэтуецца ў «культурных тэкстах» філасофіі, рэлігіі, мастацтва і права.
Рэлігіязнаўства ўяўляе сабой комплексную навуковую дысцыпліну, якая вывучае ўсе рэлігіі, што існавалі ў мінулым і існуюць зараз. Як параўнальна самастойная галіна ведаў рэлігіязнаўства фарміравалася пачынаючы з XIX ст. на стыку філасофіі, сацыялогіі, антрапалогіі, псіхалогіі, гісторыі і іншых навук. Рэлігіязнаўства даследуе заканамернасці ўзнікнення, развіцця і функцыянавання рэлігіі, яе будову і разнастайныя кампаненты, узаемасувязь і ўзаемадзеянне рэлігіі і іншых галін культуры. Пры гэтым яно адрозніваецца як ад тэалогіі (багаслоўя) — сістэматычнага выкладання і вытлумачэння якога-небудзь рэлігійнага вучэння, так і ад філасофіі рэлігіі, мэтай якой з’яўляецца філасофскае асэнсаванне рэлігіі, раскрыццё яе сутнасці.
У сучасным свеце праблема гуманістычных асноў навукі набывае асаблівую актуальнасць. Значныя поспехі ў прыродазнаўчых і тэхнічных навуках, дасягненні навукова-тэхнічнага прагрэсу сваім адваротным бокам маюць абвастрэнне экалагічных і сацыяльных праблем. Усё большую вастрыню набывае задача гуманізацыі грамадскага жыцця.
У пачатку XXI ст. акадэмік М. М. Майсееў выказаў перакананне, што «новая цывілізацыя павінна пачацца не з новай эканомікі, а з новых навуковых ведаў і з новых адукацыйных праграм. Чалавецтва павінна навучыцца жыць у згодзе з Прыродай, з яе законамі. Людзі павінны ўспрымаць сябе не гаспадарамі, а часткай Прыроды. Новыя маральныя прынцыпы павінны ўвайсці ў кроў і цела Чалавека. Для гэтага неабходна не толькі спецыяльная, але і гуманітарная адукацыя. Я ўпэўнены, што XXI стагоддзе будзе векам гуманітарных ведаў, падобна да таго, як XIX стагоддзе было векам пары і інжынерных навук».
У наш час гуманітарныя веды робяцца запатрабаванымі ў самых разнастайных сферах дзейнасці. Разам з традыцыйнымі гуманітарнымі прафесіямі псіхолага, культуролага, сацыёлага, філосафа, гісторыка з’яўляюцца спецыялісты, якія працуюць з інфармацыяй, праблемамі біяэтыкі і інфармацыйнай этыкі, развіваюць сучасныя медыя — блогеры, рэдактары, капірайтары. Уменне працаваць з тэкстамі і аналізам інфармацыі, выяўляць істотныя сувязі з’яў і падзей, даваць цэласную ацэнку становіцца ўсё больш запатрабаваным.
Мэта гуманітарных ведаў — самаўсведамленне і саматрансфармацыя чалавека, прычым не толькі індывідуума, але і ўсяго чалавецтва. Тэхналогіі крочылі далёка наперад. Гуманітарныя навукі, не абмяжоўваючыся чыста даследчыцкім падыходам, закліканы змяняць тое, што яны вывучаюць. Адсюль адно з самых вострых пытанняў: аб практычным, канструктыўным патэнцыяле гуманітарных навук, іх уздзеянні на свядомасць грамадства, этыку, культуру, літаратуру, мастацтва, мову.