Печатать книгуПечатать книгу

*§ 19-0. Навукі пра духоўную сферу грамадства

Сайт: Профильное обучение
Курс: Грамадазнаўства. 10 клас
Книга: *§ 19-0. Навукі пра духоўную сферу грамадства
Напечатано:: Гость
Дата: Воскресенье, 22 Декабрь 2024, 07:13

Духоўнае жыццё грамадства як аб’ект навуковага даследавання. Сацыягуманітарныя навукі (ад лац. humanus — чалавечы, лац. homo — чалавек) робяць прадметам свайго вывучэння чалавека і яго жыццё ў грамадстве. Гэта абумоўлівае спецыфіку гуманітарных ведаў у параўнанні, напрыклад, з ведамі прыродазнаўчымі. Калі ў прыродазнаўчых навуках пераважаюць суб’ект-аб’ектныя адносіны, бо даследчык вывучае разнастайныя праявы навакольнай рэчаіснасці, то ў гуманітарных навуках акцэнт робіцца на суб’ект-суб’ектных адносінах. Даследчык не можа заставацца староннім назіральнікам, ён непасрэдна ўключаны ва ўзаемадзеянне з аб’ектам, які вывучаецца.

Да сацыягуманітарных навук належаць псіхалогія, гісторыя, філасофія, культуралогія, рэлігіязнаўства, філалогія, сацыялогія, паліталогія, мастацтвазнаўства і інш. Кожная з іх вывучае пэўныя аспекты існавання чалавека і грамадства. Так, псіхалогія вывучае псіхіку і псіхічную дзейнасць чалавека і груп людзей; гісторыя — дзейнасць чалавека і грамадства ў розныя часавыя перыяды; філасофія — найбольш агульныя характарыстыкі быцця і пазнання; культуралогія — формы і заканамернасці развіцця культуры; рэлігіязнаўства — спецыфіку рэлігіі як сацыяльнага інстытута, формы культуры, духоўнага вопыту асобы; сацыялогія — функцыянаванне грамадства і яго сістэм; паліталогія — уладныя адносіны ў грамадстве, мастацтвазнаўства — розныя аспекты існавання мастацтва.

Такім чынам, адна і тая з’ява навакольнай рэчаіснасці будзе разглядацца рознымі даследчыкамі зыходзячы са спецыфікі пэўнай навукі. Напрыклад, карціна Валянціна Волкава «Мінск. 3 ліпеня 1944 года» (1955) можа быць прааналізавана як з’ява жывапісу, якая адлюстроўвае канкрэтную гістарычную падзею, паказвае эмоцыі людзей, прадстаўляе пэўныя сацыяльныя супольнасці і г. д.

icon-discussions
Прааналізуйце дадзеныя медыятэксты з пункту гледжання прадстаўнікоў розных навук. На якія моманты вы будзеце звяртаць асаблівую ўвагу як псіхолаг, гісторык, сацыёлаг, культуролаг, рэлігіязнаўца, мастацтвазнаўца, палітолаг, філосаф?

Філасофія, культуралогія, рэлігіязнаўства як навукі і прафесійная дзейнасць. Спецыфіка філасофіі заключаецца ў тым, што ў шырокім сэнсе яна вызначаецца як асаблівая форма пазнання свету, якая выпрацоўвае сістэму ведаў пра найбольш агульныя характарыстыкі, гранічна-абагульняльныя паняцці і фундаментальныя прынцыпы рэальнасці (быцця) і пазнання, быцця чалавека, пра адносіны чалавека і свету. Пачынаючы са старажытнасці філасофія разглядалася як «жыццёвая мудрасць». Такім чынам, у першую чаргу філасофія ўяўляе сабой светапогляд, і ў гэтым сэнсе кожны чалавек займаецца філасофіяй.

Таксама філасофію можна вызначаць у вузкім сэнсе як навуку з пэўным прадметам вывучэння. Яна выяўляе праблему, асноўныя элементы цэлага ў аб’екце даследавання, фармулюе прынцыпы іх узаемасувязі і ўзаемазалежнасці і лагічна іх структуруе. Адметнасць філасофіі як навукі заключаецца, на думку філосафа Б. Расела, у тым, што яна звяртаецца не як навука — да розуму, а як рэлігія — да душы чалавека.

У структуру філасофіі ўваходзіць цэлы шэраг філасофскіх раздзелаў (дысцыплін).

Структура філасофіі
Анталогія (ад ст.-грэч. ὄν (ὄντος) — сутнасць, λόγος — слова, вучэнне) Уключае ў сябе такія пытанні, як узнікненне свету, яго ўніверсальныя сувязі, асноўныя характарыстыкі і законы. Самымі агульнымі з’яўляюцца катэгорыі «быцця» і «небыцця»
Гнасеалогія (ад ст.-грэч. γνῶσις — веды, λόγος — слова, вучэнне)

Раздзел філасофіі, які займаецца даследаваннямі, крытыкай і тэорыямі пазнання. Разглядае працэс пазнання з пункту гледжання адносін суб’екта пазнання (даследчыка) да аб’екта пазнання, у прыватнасці, праблемы пазнавальнага працэсу, ісціны і яе крытэрыяў, форм і метадаў пазнання.

У склад гнасеалогіі ўваходзяць эпістэмалогія (вучэнне пра веды) і метадалогія (вучэнне пра спосабы ажыццяўлення пазнавальнага працэсу)

Філасофская антрапалогія (ад ст.-грэч. ἄνθρωπος — чалавек; λόγος — слова, вучэнне) Вучэнне пра чалавека, яго сутнасць, мэты і сэнс жыцця
Сацыяльная філасофія Вывучае агульныя прынцыпы існавання грамадства, заканамернасці сусветнай гісторыі чалавецтва, абапіраючыся на такія гуманітарныя навукі, як гісторыя, сацыялогія, паліталогія і інш. Яе задача складаецца ў асэнсаванні развіцця грамадства
Праксіялогія (ад ст.-грэч. πράξις — дзейнасць + λογία — навука, вучэнне) Раздзел філасофіі, прадметам якога з’яўляецца даследаванне розных відаў дзейнасці чалавека
Аксіялогія (ад ст.-грэч. ἀξία — каштоўнасць + λόγος — слова, вучэнне) Раздзел аб асноўных каштоўнасцях чалавечага быцця, такіх як жыццё, дабро, свабода, справядлівасць, ісціна, карысць і інш.
Філасофія культуры Разглядае культуру як цэласнасць
Этыка (ад ст.-грэч. ἦθος — этас, «нораў, звычай») Філасофская дысцыпліна, прадметамі даследавання якой з’яўляюцца маральнасць і мараль
Эстэтыка (ням. Ästhetik, ад ст.-грэч. αἴσθησις — пачуццё, пачуццёвае ўспрыманне) Філасофскае вучэнне пра сутнасць і формы цудоўнага ў мастацкай творчасці, прыродзе, жыцці, пра мастацтва як асаблівую форму грамадскай свядомасці

Такім чынам, філасофія паўстае як складаная дысцыпліна, у якой узаемазвязаны самыя розныя аспекты вывучэння чалавека, навакольнага свету і ўзаемасувязі чалавека з навакольным светам.

Яшчэ адной гуманітарнай навукай з’яўляецца культуралогія. Культуралогія (ад лац. cultura — апрацоўка, земляробства; выхаванне + ст.-грэч. λόγος — слова, вучэнне) уяўляе сабой сукупнасць даследаванняў культуры як структурнай цэласнасці. Тэрмін «культуралогія» быў прапанаваны амерыканскім антраполагам ХХ ст. Леслі Уайтам для абазначэння новай навуковай дысцыпліны як самастойнай навукі ў комплексе сацыяльных навук. Культуралогія даследуе феномен культуры як вопыту людзей, які ўвасабляецца ў спецыфічных нормах, законах, перадаецца з пакалення ў пакаленне ў выглядзе каштоўнасных арыенціраў і ідэалаў, інтэрпрэтуецца ў «культурных тэкстах» філасофіі, рэлігіі, мастацтва і права.

Рэлігіязнаўства ўяўляе сабой комплексную навуковую дысцыпліну, якая вывучае ўсе рэлігіі, што існавалі ў мінулым і існуюць зараз. Як параўнальна самастойная галіна ведаў рэлігіязнаўства фарміравалася пачынаючы з XIX ст. на стыку філасофіі, сацыялогіі, антрапалогіі, псіхалогіі, гісторыі і іншых навук. Рэлігіязнаўства даследуе заканамернасці ўзнікнення, развіцця і функцыянавання рэлігіі, яе будову і разнастайныя кампаненты, узаемасувязь і ўзаемадзеянне рэлігіі і іншых галін культуры. Пры гэтым яно адрозніваецца як ад тэалогіі (багаслоўя) — сістэматычнага выкладання і вытлумачэння якога-небудзь рэлігійнага вучэння, так і ад філасофіі рэлігіі, мэтай якой з’яўляецца філасофскае асэнсаванне рэлігіі, раскрыццё яе сутнасці.

У сучасным свеце праблема гуманістычных асноў навукі набывае асаблівую актуальнасць. Значныя поспехі ў прыродазнаўчых і тэхнічных навуках, дасягненні навукова-тэхнічнага прагрэсу сваім адваротным бокам маюць абвастрэнне экалагічных і сацыяльных праблем. Усё большую вастрыню набывае задача гуманізацыі грамадскага жыцця.

У пачатку XXI ст. акадэмік М. М. Майсееў выказаў перакананне, што «новая цывілізацыя павінна пачацца не з новай эканомікі, а з новых навуковых ведаў і з новых адукацыйных праграм. Чалавецтва павінна навучыцца жыць у згодзе з Прыродай, з яе законамі. Людзі павінны ўспрымаць сябе не гаспадарамі, а часткай Прыроды. Новыя маральныя прынцыпы павінны ўвайсці ў кроў і цела Чалавека. Для гэтага неабходна не толькі спецыяльная, але і гуманітарная адукацыя. Я ўпэўнены, што XXI стагоддзе будзе векам гуманітарных ведаў, падобна да таго, як XIX стагоддзе было векам пары і інжынерных навук».

У наш час гуманітарныя веды робяцца запатрабаванымі ў самых разнастайных сферах дзейнасці. Разам з традыцыйнымі гуманітарнымі прафесіямі псіхолага, культуролага, сацыёлага, філосафа, гісторыка з’яўляюцца спецыялісты, якія працуюць з інфармацыяй, праблемамі біяэтыкі і інфармацыйнай этыкі, развіваюць сучасныя медыя — блогеры, рэдактары, капірайтары. Уменне працаваць з тэкстамі і аналізам інфармацыі, выяўляць істотныя сувязі з’яў і падзей, даваць цэласную ацэнку становіцца ўсё больш запатрабаваным.

Мэта гуманітарных ведаў — самаўсведамленне і саматрансфармацыя чалавека, прычым не толькі індывідуума, але і ўсяго чалавецтва. Тэхналогіі крочылі далёка наперад. Гуманітарныя навукі, не абмяжоўваючыся чыста даследчыцкім падыходам, закліканы змяняць тое, што яны вывучаюць. Адсюль адно з самых вострых пытанняў: аб практычным, канструктыўным патэнцыяле гуманітарных навук, іх уздзеянні на свядомасць грамадства, этыку, культуру, літаратуру, мастацтва, мову.