*§ 19-0. Навукі пра духоўную сферу грамадства
Духоўнае жыццё грамадства як аб’ект навуковага даследавання. Сацыягуманітарныя навукі (ад лац. humanus — чалавечы, лац. homo — чалавек) робяць прадметам свайго вывучэння чалавека і яго жыццё ў грамадстве. Гэта абумоўлівае спецыфіку гуманітарных ведаў у параўнанні, напрыклад, з ведамі прыродазнаўчымі. Калі ў прыродазнаўчых навуках пераважаюць суб’ект-аб’ектныя адносіны, бо даследчык вывучае разнастайныя праявы навакольнай рэчаіснасці, то ў гуманітарных навуках акцэнт робіцца на суб’ект-суб’ектных адносінах. Даследчык не можа заставацца староннім назіральнікам, ён непасрэдна ўключаны ва ўзаемадзеянне з аб’ектам, які вывучаецца.
Да сацыягуманітарных навук належаць псіхалогія, гісторыя, філасофія, культуралогія, рэлігіязнаўства, філалогія, сацыялогія, паліталогія, мастацтвазнаўства і інш. Кожная з іх вывучае пэўныя аспекты існавання чалавека і грамадства. Так, псіхалогія вывучае псіхіку і псіхічную дзейнасць чалавека і груп людзей; гісторыя — дзейнасць чалавека і грамадства ў розныя часавыя перыяды; філасофія — найбольш агульныя характарыстыкі быцця і пазнання; культуралогія — формы і заканамернасці развіцця культуры; рэлігіязнаўства — спецыфіку рэлігіі як сацыяльнага інстытута, формы культуры, духоўнага вопыту асобы; сацыялогія — функцыянаванне грамадства і яго сістэм; паліталогія — уладныя адносіны ў грамадстве, мастацтвазнаўства — розныя аспекты існавання мастацтва.
Такім чынам, адна і тая з’ява навакольнай рэчаіснасці будзе разглядацца рознымі даследчыкамі зыходзячы са спецыфікі пэўнай навукі. Напрыклад, карціна Валянціна Волкава «Мінск. 3 ліпеня 1944 года» (1955) можа быць прааналізавана як з’ява жывапісу, якая адлюстроўвае канкрэтную гістарычную падзею, паказвае эмоцыі людзей, прадстаўляе пэўныя сацыяльныя супольнасці і г. д.