*§ 12-1. Эканоміка і яе роля ў жыцці чалавека і грамадства

Эканамічная сістэма. Цэнтральная праблема эканомікі — гэта праблема выбару, што, як і для каго вырабляць ва ўмовах абмежаванасці рэсурсаў. Праблема выбару з’яўляецца ўніверсальнай для любой эканамічнай сістэмы, аднак спосабы яе вырашэння ў кожнай эканамічнай сістэме адрозніваюцца. Асноўныя пытанні, на якія павінна адказаць эканамічная сістэма: што? як? для каго вырабляць?

Элементы эканамічных сістэм:

1) суб’ектны падыход вылучае тры групы эканамічных суб’ектаў: прадпрыемствы, дамашнія гаспадаркі, дзяржава;

2) сістэмны падыход падзяляе эканамічную сістэму на цэх, прадпрыемства, галіну, нацыянальную эканоміку, сусветную эканоміку;

3) марксісцкі падыход вылучае прадукцыйныя сілы (рэчавыя, асобасныя і іншыя фактары, што забяспечваюць вытворчасць) і вытворчыя адносіны (устойлівыя сувязі і ўзаемадзеянне людзей у працэсе вытворчасці, размеркавання, абмену і спажывання).

У наш час існуе мноства падыходаў да класіфікацыі эканамічных сістэм. Крытэрыямі выдзялення эканамічных сістэм у розных падыходах з’яўляюцца: уласнасць на сродкі вытворчасці, ступень уцягнутасці ў міжнародны падзел працы, перавага пэўнага тыпу гаспадарання, узровень развіцця тэхнікі і тэхналогій і інш. Найбольш распаўсюджаным падыходам з’яўляецца выдзяленне эканамічных сістэм паводле спосабаў рэгулявання гаспадарчага жыцця: традыцыйная эканоміка, рыначная эканоміка, камандна-адміністрацыйная эканоміка, змешаная эканоміка.

Эканамічная сістэма Рыначная Камандная
Пазітыўныя характарыстыкі

● Эфектыўнасць вытворчасці;

● шырокае ўкараненне дасягненняў НТР;

● шырокі асартымент, высокая якасць прадукцыі;

● энергічны і ініцыятыўны работнік

● Поўная занятасць;

● стабільныя цэны;

● сацыяльная абароненасць;

● жыццёвая ўпэўненасць работніка

Негатыўныя характарыстыкі

● Крызісы перавытворчасці;

● беспрацоўе;

● маёмаснае расслаенне;

● эгаізм работніка

● Нізкая эфектыўнасць вытворчасці;

● татальны дэфіцыт тавараў;

● нізкі ўзровень жыцця;

● безыніцыятыўнасць работніка

icon-discussions
Чаму ў табліцы не прыводзяцца перавагі і недахопы традыцыйнай і змешанай эканамічных сістэм? Ці згодныя вы з дадзеным вызначэннем негатыўных і пазітыўных характарыстык?
icon-discussions

Сучасная эканоміка — эканоміка ведаў?

Згодна з тэорыяй абсалютных пераваг кожная краіна павінна вырабляць тое, што ў яе атрымоўваецца лепш, чым у іншых. Высокая мабільнасць вытворчых фактараў у XXI ст. прывяла да таго, што сёння не мае вялікага значэння наяўнасць уласных сыравінных рэсурсаў (прыродны капітал) і назапашаных зберажэнняў (фінансавы капітал), не такое важнае і геаграфічнае становішча (транспартна-лагістычны капітал). Сучасная эканоміка пераходзіць ад канкурэнцыі на аснове параўнальных пераваг (танная рабочая сіла і багатыя прыродныя рэсурсы) да канкурэнцыі на аснове ўнікальных вырабаў і працэсаў. Таму надзвычай важныя толькі два фактары: 1) чалавечы капітал — веды і навыкі насельніцтва; 2) уменне іх выкарыстоўваць, інакш кажучы, дзяржаўная палітыка па вытворчасці, назапашванні і выкарыстанні ведаў.

Эканамічны рост у XXI ст. набыў новую якасць, калі найбольш эфектыўнай нормай накаплення стала развіццё людзьмі ўласных здольнасцей, а найбольш выгаднымі ўкладаннямі — інвестыцыі ў чалавека, яго веды і таленты. Даследаванні паказваюць, што нормы прыбытку ў гэтым выпадку больш чым удвая перавышаюць нормы прыбытку ў тэхналогіі.

Станаўленне грамадства, у якім веды служаць найважнейшым рэсурсам, патрабуе максімальнага развіцця кожнай асобы (чалавечы капітал), робіць эканамічны прагрэс краіны вытворнай ад крэатыўных дасягненняў (інтэлектуальны капітал) эканамічных агентаў (грамадзян і прадпрыемстваў), а таксама ад эфектыўнасці функцыянавання яго інавацыйнай сістэмы. Для таго каб веды былі выкарыстаны ў эканоміцы, трэба ператварыць іх у інавацыю. Эканоміка ведаў — гэта эканоміка, якая забяспечвае бесперапынны працэс вытворчасці ведаў і іх ператварэння ў новыя тэхналогіі, тавары і паслугі. У выніку ўзнікае сацыяльна-эканамічная сістэма, якая аказваецца найбольш дынамічнай з усіх вядомых у гісторыі, што павялічвае адрыў інавацыйных краін ад астатняга свету і робіць надзвычай цяжкім пераход у разрад інавацыйных.

Ці можна пагадзіцца са словамі,  што перавагай Беларусі з’яўляецца адсутнасць у яе запасаў нафты. Як гэта сцвярджэнне суадносіцца з характарыстыкамі эканомікі ведаў?