*§ 12-1. Эканоміка і яе роля ў жыцці чалавека і грамадства

Эканамічныя суб’екты. Становішча і роля кожнага эканамічнага суб’екта вызначаецца яго адносінамі да фактараў вытворчасці, якімі ён валодае. Адны маюць капітал і валодаюць эканамічнай уладай, вызначаюць формы гаспадарання, удзельнічаюць у кіраванні, другія займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю.

Дамашнія гаспадаркі, як правіла, распараджаюцца толькі ўласнай рабочай сілай, іх магчымасці ўплыву на арганізацыю вытворчасці, размеркаванне даходаў, удзел у кіраванні абмежаваны. Дамашнія гаспадаркі выконваюць у асноўным функцыю спажывання, а значыць, атрыманыя даходы выкарыстоўваюцца для набыцця неабходных тавараў. Акрамя гэтай функцыі, яны фарміруюць зберажэнні, якія ў эканоміцы з’яўляюцца крыніцай інвестыцый.

Асноўная роля прадпрыемства — ажыццяўленне вытворчай і інвестыцыйнай дзейнасці. Прадпрыемствы класіфікуюцца па розных прыметах: формах уласнасці; памерах фірмы; аб’ёмах вытворчасці; відах дзейнасці і інш.

Дзяржава мае вялізнае значэнне для рэгулявання эканамічных працэсаў. Эканамічныя функцыі дзяржавы фарміруюцца пад уплывам патрэб грамадства і развіцця рынку. Апошнім часам да асноўных функцый дзяржавы дадаліся такія, як рэгуляванне «знешніх эфектаў» (прыродаахоўная дзейнасць), карэкціроўка непажаданых сацыяльных эфектаў (беспрацоўе, сацыяльная няроўнасць і інш.).

Асноўныя суб’екты эканомікі і іх функцыі
Дамашнія гаспадаркі

Гэта эканамічная адзінка ў складзе адной або некалькіх асоб, якія з’яўляюцца:

● уласнікамі (і асноўнымі прадаўцамі) вытворчых рэсурсаў (працы, зямлі, капіталу і прадпрымальніцкай здольнасці);

● асноўнымі пакупнікамі спажывецкіх тавараў і паслуг;

● асноўнымі зберагальнікамі (і таму крэдыторамі), забяспечваючы прапанову крэдытных сродкаў у эканоміцы

Прадпрыемствы (фірмы)

Гэта асноўная вытворчая ячэйка эканомікі або эканамічная адзінка:

● выкарыстоўвае фактары вытворчасці для вырабу прадукцыі з мэтай яе продажу;

● самастойна прымае рашэнні;

● нефінансавыя фірмы з’яўляюцца: пакупнікамі эканамічных рэсурсаў; вытворцамі тавараў і паслуг у эканоміцы; пазычальнікамі, якія прад’яўляюць попыт на крэдытныя рэсурсы; пакупнікамі інвестыцыйных тавараў;

● фінансавыя ўстановы — гэта юрыдычныя асобы, якія на камерцыйнай аснове займаюцца пасрэдніцкай дзейнасцю ў галіне фінансаў, абслугоўваючы адносіны паміж зберагальнікамі і інвестарамі (банкі, страхавыя кампаніі, пенсійныя фонды і інш.)

Дзяржава

Эканамічны суб’ект, які:

● арганізуе вытворчасць грамадскіх даброт;

● з’яўляецца пакупніком тавараў і паслуг, неабходных для функцыянавання дзяржаўнага сектара;

● пераразмяркоўвае нацыянальны даход (праз сістэму падаткаў і трансфертаў);

● з’яўляецца ў залежнасці ад стану дзяржаўнага бюджэту крэдыторам ці пазычальнікам на фінансавым рынку;

● з’яўляецца рэгулятарам функцыянавання нацыянальнай эканомікі

icon-task
Апішыце магчымую матывацыю эканамічнай дзейнасці кожнага з суб’ектаў.