*§ 12-0. Эканоміка як навука

Эканамічныя школы. Аснову падзелу эканамістаў паводле напрамкаў і школ складаюць адрозненні ў разуменні прадмета і задач даследавання, у метадах аналізу, падыходах да вывучэння эканамічных праблем і вывадах, якія лагічна вынікаюць для эканамічнай палітыкі. Эканамічныя школы атрымліваюць сваё найменне паводле геаграфічнай прыметы, паводле імя свайго заснавальніка або ў адпаведнасці з рысамі метадалогіі.

Падзел на школы і напрамкі ў пэўным сэнсе ўмоўны. У межах аднаго напрамку можа існаваць некалькі школ. Пазіцыі і погляды многіх эканамістаў не застаюцца нязменнымі, яны эвалюцыянуюць.

Школы Прадстаўнікі Асноўныя ідэі
Меркантылізм (XVI−XVIII стст.) Томас Ман, Антуан Манкрэцьен Меркантылісты (ад лац. mercari — гандляваць) назапашванне золата і срэбра разглядалі ў якасці галоўнай гаспадарчай мэты і найважнейшага клопату дзяржавы. На іх думку, неабходна менш тавараў увозіць у краіну і больш вывозіць, а для таго каб вывозіць тавары, трэба развіваць іх вытворчасць і абараняць айчыннага вытворцу (пратэкцыянізм)
Фізіякратызм (XVIII ст.) Франсуа Кенэ Фізіякраты (ад франц. physiocrates, ст.-грэч. φύσις — прырода і κράτος — моц, улада, панаванне, інакш кажучы, панаванне прыроды) даследавалі ўплыў прыродных з’яў на эканоміку грамадства, асноўнай крыніцай багацця з’яўляецца вытворчасць, хаця і існуе толькі адна яго галіна — сельская гаспадарка, дзе багацце ўзнікае натуральным шляхам і ўяўляецца дарункам прыроды. Аднак сама па сабе прырода, без укладання капіталу і працы, не можа пастаянна прымнажаць багацце грамадства
Класічная школа (к. XVIII — 1−я пал. XIX ст.) Адам Сміт, Давыд Рыкарда, Жан-Батыст Сэй, Томас Мальтус У экономіцы дзейнічае натуральны парадак, таму рынку не патрэбна дзяржаўнае рэгуляванне. Прадстаўнікі класічнай школы вызначылі, што крыніцай багацця з’яўляецца не толькі сельская гаспадарка, але і праца ва ўсіх сферах грамадскай вытворчасці. Рост багацця адбываецца тады, калі першапачаткова затрачаная сума прырастае на дадатковую велічыню (прыбавачны кошт, ці прыбытак)
Марксізм (2-я пал. XIX — XX ст.) Карл Маркс, Фрыдрых Энгельс Карл Маркс і Фрыдрых Энгельс стварылі арыгінальныя вучэнні і канцэпцыі: тавару, грошай, вытворчасці працы, аднаўлення, эканамічных крызісаў, грамадска-эканамічных фармацый і інш. Аснова развіцця грамадства — матэрыяльная вытворчасць. Пры капіталістычным спосабе вытворчасці прыбавачны кошт прысвойваецца капіталістам у выглядзе прыбытку, у чым і выражаецца эксплуатацыя ім працоўнага
Неакласічная школа (к. XIX — XX ст.) Альфрэд Маршал Распрацавана сучасная тэорыя рынку: прааналізаваны механізмы рыначнага цэнаўтварэння, фарміравання рыначнай раўнаважнай цаны, узаемадзеянне попыту і прапановы, уплыў на іх разнастайных фактараў і інш.
Інстытуцыяналізм (XIX−XX стст.) Торстэйн Веблен Інстытуцыяналісты адстойвалі вырашальную ролю пазаэканамічных фактараў, у першую чаргу сацыяльных інстытутаў, у эканамічных паводзінах, гаспадарчай дзейнасці, эканамічных працэсах наогул
Кейнсіянства (XX−XXI стст.) Джон Кейнс Рынак не здольны справіцца з такімі негатыўнымі, унутрана ўласцівымі яму з’явамі, як крызісы, інфляцыя, беспрацоўе, манапалізацыя, ад якіх страты грамадства такія вялікія, што неабходна дзяржаўнае ўмяшанне. Кейнс абгрунтаваў неабходнасць, формы, метады дзяржаўнага рэгулявання рыначнай эканомікі
Манетарызм (XX−XI стст.) Мілтан Фрыдман Адстойваюць свабоду прадпрымальніцтва і мэтазгоднасць істотна абмежаваць сферу і змяніць формы дзяржаўнага ўмяшання ў эканоміку. Манетарысты лічаць, што грошы ў сучасным грамадстве адыгрываюць надзвычай важную ролю і што шляхам рэгулявання аб’ёму грашовай масы можна аказваць уплыў на эканоміку

Такім чынам, эканамічная тэорыя ўвесь час развівалася ў адпаведнасці з патрабаваннямі гаспадарчай практыкі. Шэраг напрамкаў і школ аказаў вырашальны ўплыў на эканамічны прагрэс і развіццё грамадства (марксізм, кейнсіянства, манетарызм). Сучасная эканамічная тэорыя прадстаўлена разнастайнымі ідэямі, канцэпцыямі, школамі і напрамкамі. Асноўная плынь эканамічнай думкі ўключае ў сябе школы і напрамкі, якія ў той ці іншай ступені падзяляюць ідэі неакласічнай школы.

icon-search
Выкарыстоўваючы інтэрнэт-рэсурсы, знайдзіце інфармацыю пра лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі па эканоміцы за апошнія тры гады. Прадстаўнікі якіх краін сталі лаўрэатамі? Якім тэмам прысвечаны даследаванні гэтых вучоных?