*§ 9-1. Прававая дзяржава і грамадзянскае грамадства
Грамадзянскае грамадства. У Новы час пачынае складвацца і канцэпцыя грамадзянскага грамадства. У сваёй аснове яна мела вывад аб тым, што ў кожнай дзяржаве суіснуюць у непарыўным адзінстве дзяржава як апарат улады і грамадзянскае грамадства як сукупнасць грамадзян дзяржавы, якія маюць свае ўласныя, адрозныя ад дзяржавы, мэты і інтарэсы. Сфера рэалізацыі прыватных індывідуальных і групавых інтарэсаў і патрэб людзей ахоплівае вытворчае і прыватнае жыццё людзей, іх традыцыі, норавы, звычаі, адукацыю, навуку, культуру. Грамадзянскае грамадства стала паступова разглядацца як такая сфера грамадства, у якой пераважаюць асабістыя, індывідуальныя інтарэсы чалавека, і яны замацоўваюцца ў законе як асабістыя правы і свабоды.
Многія мысліцелі Новага часу гаварылі і пісалі пра тое, што грамадзянскае грамадства павінна быць свабодным ад умяшання дзяржавы, інакш кажучы, яно павінна быць аўтаномным. Але інтарэсы і патрэбы розных людзей і сацыяльных груп часта ўступаюць у супярэчнасць, канфліктуюць, таму дзяржаву немагчыма зусім выключыць з тых адносін, якія складваюцца ўнутры грамадзянскага грамадства. Бо менавіта дзяржава стварае законы, на падставе якіх людзі будуюць свае адносіны адзін з адным, менавіта дзяржава вырашае канфлікты ўнутры грамадзянскага грамадства. Паколькі адносіны ўнутры грамадзянскага грамадства рэгулююцца законамі дзяржавы, можна гаварыць толькі пра адносную незалежнасць грамадзянскага грамадства ад дзяржавы. Грамадзянскае грамадства валодае пэўнай аўтаномнасцю і незалежнасцю ад дзяржавы, але гэтая незалежнасць не з’яўляецца абсалютнай.
Грамадзянскае грамадства (крытэрыі сфарміраванасці) для паўнавартаснага выканання сваіх функцый павінна мець наступныя ўмовы:
• наяўнасць сродкаў і цэнтраў камунікацыі (СМІ, месцаў публічных сходаў), вынікам чаго з’яўляецца фарміраванне сферы грамадскага жыцця і грамадскай думкі;
• грамадскае жыццё свабодных і роўных асоб, чые правы абаронены Канстытуцыяй і законамі;
• незалежныя ад дзяржавы добраахвотныя аб’яднанні, асацыяцыі, саюзы і палітычныя партыі;
• дзейнасць, арыентаваная на грамадскія інтарэсы і публічную палітыку, наступствамі якой з’яўляюцца супрацоўніцтва і салідарнасць паміж людзьмі, зносіны на падставе ўзаемадаверу.
Грамадзянскае грамадства мае складаную структуру. Яно ўключае ў сябе не толькі эканамічныя, духоўныя, этнічныя, сямейныя і іншыя інтарэсы грамадзян і адносіны паміж імі, але і шматлікія арганізацыі, закліканыя абараняць правы грамадзян і рэалізоўваць іх разнастайныя інтарэсы. Такія арганізацыі, як палітычныя партыі, прафесійныя, творчыя аб’яднанні, царква, сацыяльныя рухі, органы грамадзянскай самадзейнасці і інш., з’яўляюцца найважнейшымі інстытутамі грамадзянскага грамадства.
Узаемаадносіны паміж грамадзянскім грамадствам і дзяржавай носяць складаны, часта канфліктны характар. Грамадзянскае грамадства пастаянна адчувае ціск з боку дзяржавы, якая імкнецца абмежаваць яго свабоду. Грамадзянскае грамадства, у сваю чаргу, імкнецца максімальна вызваліцца ад умяшання дзяржавы ў сваё жыццё, што часам прыводзіць да парушэння інтарэсаў дзяржавы.