§ 2. Сацыяльная структура грамадства
Паняцце сацыяльнай структуры. Грамадства — гэта сістэма, якая самаарганізуецца і складаецца з мноства ўзаемазвязаных сацыяльных груп. Прадстаўнікоў кожнай з груп характарызуюць агульныя інтарэсы і каштоўнасці, падобныя правілы паводзінаў і ўстойлівыя адносіны паміж членамі. Размеркаванне сацыяльных груп, сукупнасць сувязей і спосабы ўзаемадзеяння паміж імі вызначаюць сацыяльную структуру грамадства.
Сацыёлагі разглядаюць гарызантальную і вертыкальную структуру грамадства. У гарызантальнай структуры грамадства вылучаюць наступныя сацыяльныя групы: дэмаграфічныя (вылучаюцца паводле полу і ўзросту), этнічныя (па нацыянальнасці), канфесійныя (па рэлігійнай прыналежнасці), пасяленчыя (па месцы жыхарства), прафесійныя (паводле роду заняткаў) і інш.
Кожны чалавек адначасова з’яўляецца членам розных сацыяльных груп. Напрыклад: жанчына, беларуска, жыхарка аграгарадка, па прафесіі ветэрынар.
У вертыкальнай структуры грамадства адрозніваюць сацыяльныя групы ў залежнасці ад наяўнасці ў людзей уласнасці і даходу, валодання ўладай, узроўню адукацыі, прэстыжнасці пазіцыі, якую яны займаюць. Калі кажуць пра сацыяльную структуру таго ці іншага грамадства, перш за ўсё маюць на ўвазе сацыяльна-класавую структуру.