П’еса «Раскіданае гняздо»

Вобразная сістэма

Вобразны свет драмы, па вызначэнні Яўхіма Карскага, уяўляе сабой не канкрэтных людзей, узятых з натуры, а «вынашаныя ў глыбіні душы паэтавай персанажы». Янка Купала прадстаўляе своеасаблівыя тыпы людзей — носьбітаў пэўных ідэй і ўстановак.

Адным з самых загадкавых з’яўляецца вобраз Старца. Даволі часта яго разглядалі як увасабленне прымірэння з бядой і на гэтай аснове праводзілі паралелі з вобразам Лукі ў п’есе Максіма Горкага «На дне». Але паміж гэтымі двума персанажамі назіраецца істотная розніца.

Першая фраза, якую мы чуем з вуснаў Старца, супярэчыць ідэі прымірэння: «Так, так, пані гаспадыня! Заўсёды бяда бяду вядзе, але ніколі не трэба здавацца. Ліха перамелецца, і ўсё добра будзе». І амаль у фінале: «Ох, вялікі свет, мой сынку! Куды я толькі ні хадзіў, нідзе канца яму не знайшоў, не бачыў і не чуў. <...> Цэлы свет — хата мая, усе людзі — радня мая, уся зямелька — поле маё роднае. <...> Ганьба таму чалавеку, што рукі апусціць, як перавяслы, і чакае, пакуль сама доля к яму прыйдзе ў хату і папросіцца, каб прыняў яе з ласкі свае!» Гэтыя словы сведчаць пра асаблівы тып светаўспрымання: задавальненне малым і ўхваленне пазітыўных змен. Старац выступае носьбітам народнай маралі, скіраванай на ўменне слухаць і спачуваць іншым.

Незнаёмы таксама заклікае да змен і паказвае мадэль пошукаў лепшай долі праз згуртаваную барацьбу: «Склікаецца сход вялікі, і ўсе браты і сёстры павінны на гэны сход з’явіцца. <...> Хто самаходзь не пойдзе, над тым пракляцце завісне, бо на сходзе жыццё мільёнаў будзе важыцца, а ў такіх вялікіх справах і адзін чалавек можа сабой сюды ці туды перацягнуць».

Гэты персанаж мае схематычны характар. У пэўнай ступені ён выконвае функцыянальную ролю вестуна. Разам з тым ён не проста паведамляе пра смока-ўпыра, сход, а падштурхоўвае, матывуе людзей на актыўныя дзеянні, падказвае Сымону новы выхад са становішча. 

У сям’і Зяблікаў старэйшае пакаленне — Лявон і Марыля — разыходзіцца ў шляхах вырашэння праблем. Лявон упарта змагаецца за кавалак зямлі. Калі разумее бессэнсоўнасць сваіх высілкаў, накладвае на сябе рукі. Пры гэтым пакідае старэйшаму сыну наказ — «праўды шукаць не тапаром, а розумам».

Марыля займае пасіўную пазіцыю — чакае. Яна цяжка хварэе ў самым пачатку драмы і не можа падняцца з ложка, але, калі гіне Лявон, вымушана ўстаць. Даследчыца Ванда Бароўка адзначала: «Марыля цярплівая, міласэрная, пабожная, самаахвярная, прадбачлівая... належыць да тыпу людзей, якія звыкліся з выпрабаваннямі і стаічна іх пераносяць, якім наканаваны гераізм цярплівасці». Сымону Марыля раіць клапаціцца пра штодзённае існаванне, а не пра перамогу праўды: «Усё ж такі, як бы там сабе ні было, а нам трэба думаць, як далей жыць. Паняволі мусім сабе даваць якую раду. Гэтага, сынок, мала, што ты загадаў перацягнуць сюды ламаццё з поля. Грызці яго не будзем».

Сымон жа, які разам з Зоськай і Данілкам увасабляе маладое пакаленне, не можа прымірыцца з маці. Гэта бунтар, спачатку стыхійны, а потым ідэйны. На папрок маці, што можа нарабіць бяды, бо ідзе супраць закону, ён адказвае: «Не проці закону, а проці нашых згубіцеляў — крывапрысяжных сведак і проці тых, што гэтых сведак падкупілі іх жа крывавымі медзякамі. Вось такім проці хачу ісці!»  

Сымон здольны на адчайныя ўчынкі: спачатку імкнецца выйграць судовую справу з панічом, потым хоча пабудаваць будку і там перазімаваць з сям’ёй, бо вясной можа ўсё перамяніцца. Але ўсе яго пачынанні марныя. Урэшце Сымон падпальвае двор паніча — і ідзе на Вялікі сход. Словы Незнаёмага пра гэты сход, пра чаканне яго дзеянняў з боку соцень, тысяч, мільёнаў людзей ляглі ва ўрадлівую  глебу. Сымон гатовы не толькі кінуць сваё раскіданае гняздо, але і цягнуць «па Бацькаўшчыну» за сабой Зоську. І гэта яму ўдаецца.

Хоць Зоська і падпарадкоўваецца старэйшаму брату, але яна абсалютна іншая натура. Гэты вобраз пададзены ў псіхалагічным развіцці. Зоська — рамантычная асоба, здольная заўважаць прыгожае ў свеце і захапляцца ім. Спачатку мы бачым, што ў адносінах з панічом, роднымі яна праяўляе паганскае светабачанне, калі верыць, што душа чалавека, незалежна ад здзейсненага на зямлі, пераселіцца ў рай. Менавіта таму спрабуе паўтарыць учынак бацькі. На шчасце, да яе своечасова прыходзіць разуменне іншага.

Літаратуразнавец Алесь Макарэвіч адзначаў: «Кахаючы паніча, Зоська аказваецца паміж вогненнымі берагамі бурлівай ракі. Імкнучыся наблізіцца то да аднаго, то да другога з гэтых берагоў, яна заўважае, што іх полымя настолькі моцна яе абпальвае, што яна, каб усё ж узысці на гэтыя берагі, вымушана ўбрацца ў «вопратку»-абарону. <...> Зоська выкарыстоўвае самае прыдатнае, як ёй здаецца, адзенне: блюзнерства1, гульні перад роднымі. <...> Першапачаткова яна адчувае сябе ў ім калі не няўтульна, то не надта дыскамфортна. Але тут пачынаецца самае небяспечнае для Зоські: раздваенне асобы, якое падводзіць яе да двурушніцтва, усвядомленага і прыгожа аформленага ў кантэксце яе высокіх поглядаў на свет». Урэшце гэта вядзе да краху яе ўзвышаных надзей і памкненняў.

Бадай, самы неадназначны вобраз «Раскіданага гнязда» — чатырнаццацігадовы падлетак Данілка. Гэта тыповы для нашаніўскай літаратуры вобраз адоранага самародка, здольнага да мастацтва. Яго любімы занятак — змайстраваць скрыпку, каб сваёй музыкай уздзейнічаць на людзей. Данілка ў пэўнай ступені супрацьпастаўлены Сымону, бо не здольны вырашаць праблемы, не гатовы рызыкаваць, як старэйшы брат: «І што гэты Сымон думае з сваёй рызыкай? Ужо аж мяне пачынае злосць на яго разбіраць». Данілка — дваістая асоба. Ён хоча ісці разам з маці жабраваць, каб быць вольным, але адначасова гатовы пакланіцца пану, бо мае да яго «важны інтарэс».

Максім Гарэцкі, характарызуючы «Раскіданае гняздо», адзначаў: «...дзейныя асобы ў драме гавораць не простаю, звычайнаю моваю, а паэтычнаю, сімволіка-вобразнаю, часам нават музыкальна-размеранаю і заўсёды ахопленаю купалаўскім лірызмам. Усё гэта складае  вялікія мастацкія вартасці твора, але разам з тым вымагае ад паэта такой жа высокай ідэйнай стараны, такой жа сілы ў паказанні і з’ясненні духовага (духоўнага. — Аўт.) замыслу драмы, бо йначай усё паэтычнае хараство будзе безгрунтоўным і малацэнным».

Слоўнік мовы Янкі Купалы складаецца з 8 тамоў і ўтрымлівае больш за 21 тысячу слоў.

________________________
1 Блюзне´рства — богаадступніцтва, бязбожжа.