Печатать книгуПечатать книгу

§ 4. ГЕАЭКАЛАГІЧНЫЯ АСАБЛІВАСЦІ АТМАСФЕРЫ

Павышаны ўзровень §4-1 Павышаны ўзровень §4-2

icon
Успамінаем. Што ўяўляе з сябе атмасфера? Якую будову мае атмасфера? Назавіце асноўныя метэаралагічныя элементы.
icon
Вывучаем, каб ведаць. Чаму важна ведаць, якія працэсы адбываюцца ў атмасферы? Як атмасфера ўплывае на іншыя геасферы? Як надвор’е і клімат уплываюць на гаспадарчую дзейнасць чалавека?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Геаграфія. 11 клас
Книга: § 4. ГЕАЭКАЛАГІЧНЫЯ АСАБЛІВАСЦІ АТМАСФЕРЫ
Напечатано:: Гость
Дата: Четверг, 2 Май 2024, 04:08

Агульныя геаэкалагічныя асаблівасці атмасферы. Атмасфера цесна ўзаемадзейнічае з усімі геасферамі (мал. 23). Дзякуючы геалагічным і геахімічным працэсам яна атрымлівае з літасферы значную частку газаў. У той жа час ваганні тэмпературы паветра, вецер, ападкі з’яўляюцца найважнейшымі фактарамі ўтварэння рэльефу.

Паміж атмасферай і гідрасферай адбываецца бесперапынны абмен цяплом і вільгаццю. Сусветны акіян, нароўні з зялёным покрывам сушы, выконвае функцыі «лёгкіх» нашай планеты. Ён з’яўляецца актыўным паглынальнікам дыяксіду вугляроду, які змяшчаецца ў паветры, месцам рассялення водарасцей, якія ўносяць вялікі ўклад у забеспячэнне атмасферы кіслародам.

img
Мал. 23. Кліматычная сістэма, знешнія ўздзеянні, працэсы і ўзаемадзеянні, якія фарміруюць клімат

Ахоўныя функцыі атмасферы. Атмасфера абараняе арганічны свет Зямлі ад уздзеяння ўльтрафіялетавай сонечнай радыяцыі, касмічных промняў рознага паходжання.

Аказвае спрыяльнае ўздзеянне на клімат Зямлі, засцерагаючы яе ад празмернага ахалоджвання і награвання. У атмасферы фарміруюцца ўмовы надвор’я, у якіх жыве і працуе чалавек (мал. 24).

img
Мал. 24. Геаэкалагічныя функцыі атмасферы

icon Клуб географаў-знаўцаў. На долю трапасферы прыпадае каля 80 % масы атмасферы, стратасферы — каля 20 %; маса мезасферы — не больш за 0,3 %, тэрмасферы — менш за 0,05 % ад агульнай масы атмасферы.

Значэнне атмасферы для чалавека і яго гаспадарчай дзейнасці. Атмасфера ўплывае на арганізм чалавека і ўсе сферы яго гаспадарчай дзейнасці. Змяненне фізічных і хімічных уласцівасцей атмасферы можа адмоўна адбіцца на здароўі людзей, іх працаздольнасці і працягласці жыцця.

Павышаны ўзровень П1

icon Клуб географаў-знаўцаў. Неспрыяльнае для чалавека надвор’е характарызуецца вельмі высокай ці вельмі нізкай тэмпературай, скорасцю ветру больш за 9 м/с, працягласцю туману і дажджу днём больш за 3 гадзіны, моцнымі навальніцамі, снегападамі, завірухамі і г. д. Ультрафіялетавая радыяцыя валодае вялікай біялагічнай актыўнасцю, моцным бактэрыцыдным уздзеяннем. Яна паляпшае склад крыві і павышае агульны тонус чалавека. Умераныя дозы ўльтрафіялетавай радыяцыі станоўча ўплываюць на чалавека, а празмерна малыя або вялікія дозы могуць прывесці да захворванняў.

Уздзеянне сонечнай радыяцыі, атмасфернага ціску, ветру, вільготнасці і тэмпературы паветра на чалавека. Здаровыя людзі звычайна не рэагуюць на змяненне ўмоў надвор’я дзякуючы добрым адаптацыйным магчымасцям. З’яўленне метэаадчувальнасці сведчыць пра аслабленне адаптацыйных працэсаў або пра наяўнасць у чалавека схаваных захворванняў.

Метэаадчувальнасць — схільнасць арганізма чалавека да ўзнікнення неспрыяльных рэакцый, звязаных са змяненнем умоў надвор’я. Прычыны метэаадчувальнасці абумоўлены празмернай распешчанасцю сучаснага чалавека, узростам і наяўнасцю розных фактараў рызыкі. Чым больш чалавек акружае сябе камфортнымі ўмовамі, тым больш ён залежны ад ваганняў надвор’я. У людзей, якія пражываюць у сельскай мясцовасці, метэаадчувальнасць ў 3 разы ніжэйшая, чым у жыхароў гарадоў. Фактары рызыкі павышэння метэаадчувальнасці: курэнне, залішняя вага, маларухомы лад жыцця і інш. З узростам арганізм не паспявае перабудавацца пры хуткіх змянах надвор’і, што прыводзіць да ўзнікнення метэатропных рэакцый.

Метэатропные рэакцыі — рэакцыі арганізма, якія ўзнікаюць у адказ на неспрыяльныя ўмовы надвор’я (мал. 24-1).

img
Мал. 24-1. Уплыў надвор’я і клімату на арганізм чалавека

icon Паразважаем. Ці ёсць у вас метэатропныя рэакцыі? Як вы разумееце выраз «здаровы лад жыцця»?

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Як адрозніваецца ўздзеянне метэаралагічных фактараў на арганізм чалавека ў розных прыродных зонах? Прывядзіце прыклады змены стану здароўя чалавека пад уздзеяннем метэаралагічных фактараў.

Ціск паветра. Чалавек не адчувае атмасфернага ціску і яго натуральных змяненняў таму, што ён ураўнаважваецца пругкасцю паверхні чалавечага цела, яго ўнутраных органаў і тканак. На падставе рознасці ціску ў арганізме пастаянна здзяйсняецца газаабмен.

Пры павышэнні атмасфернага ціску (у межах звычайных ваганняў) узрастае частата пульсу, а крывяны артэрыяльны ціск зніжаецца. Наадварот, пры паніжэнні атмасфернага ціску артэрыяльны (максімальны і мінімальны), як правіла, павышаецца.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Ва ўмераных шыротах перыядычныя сутачныя змены атмасфернага ціску, як правіла, не перавышаюць 2-3 гПа, неперыядычныя дасягаюць некалькіх гПа і рэдка бываюць больш за 10-15 гПа. Найбольш рэзкія змены ціску каля зямной паверхні ўзнікаюць пры перамяшчэнні трапічных цыклонаў, калі на працягу гадзіны ціск можа змяняцца на 15–20 гПа. Гадавая амплітуда ціску ва ўмераных і высокіх шыротах складае 10–20 гПа, або 10 % нормы.

Прычыны ўздзеяння зменлівага атмасфернага ціску на чалавека і іх біялагічныя наступствы пакуль яшчэ недастаткова вывучаны. Часам прыкметы гэтага ўздзеяння пачынаюць праяўляцца за некалькі гадзін да рэзкага змены ціску. Найбольш адчувальныя для чалавека міжсутачныя змены атмасфернага ціску больш за 10 гПа. Пра гэта сведчаць іх супадзенні з колькасцю выклікаў станцыі хуткай дапамогі па прычыне захворванняў з дыягназам «стэнакардыя і гіпертанія».

Уплыў ветру на чалавека разнастайны. Незалежна ад іншых метэаралагічных элементаў умовы надвор’я пры хуткасці ветру > 15 м/с залічваюцца да небяспечных і асабліва небяспечным з’яў надвор’я.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Адна з характэрных неспрыяльных праяў, звязаных з ветрам, — эфект «скразняку». Раздражненне холадам ва ўмовах знаходжання ў больш цёплай прасторы (асабліва ў памяшканні) можа прывесці да парушэння кровазабеспячэння мышц, слізістых абалонак, стварэння ўмоў для размнажэння патагенных мікраарганізмаў у насаглотке. Гэта можа выклікаць рэспіраторныя і рэўматычныя захворванні. У выпадку высокіх тэмператур і высокай вільготнасці скразняк (пры тэмпературы да +32 °С) у большасці выпадкаў з’яўляецца спрыяльным пагодным фактарам.

Вельмі моцны вецер і робіць цяжкім дыханне, пагаршае адмоўныя метэатропныя рэакцыі. Асабліва адчувальна неспрыяльнае ўздзеянне моцных вятроў (> 11 м/с), якія суправаджаюцца пыльнымі бурамі і імглой. Часцей за ўсё метэатропны стан выклікаецца мясцовымі вятрамі (фён, бора, містраль, харматан і г. д.).

icon Клуб географаў-знаўцаў. Дактары Швейцарыі і поўдня Германіі адкладаюць аперацыі, калі з Альпаў задзімае цёплы і сухі паўднёвы фён. Халодны паўночны вецер, што дзьме ўздоўж рачных далін Францыі (містраль), здаўна вінавацяць у зніжэнні ўважлівасці пешаходаў і аўтамабілістаў. У час харматану ў краінах на поўначы Афрыкі бальніцы хутка напаўняюцца раздражняльнымі і нават буянымі пацыентамі.

Вільготнасць паветра мае разнапланавае ўздзеянне на чалавечы арганізм. Яна ўплывае на дыханне і водна-салявы абмен у арганізме чалавека.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Для чалавека адносная вільготнасць паветра 30–60 % з’яўляецца гігіенічнай нормай. Паветра з адноснай вільготнасцю менш за 30 % ацэньваецца як сухое, ад 71 да 85 % — як умерана-вільготнае і больш за 85% — як моцна вільготнае.

У атмасферным паветры заўсёды змяшчаецца вадзяная пара. З вышынёй колькасць вадзяной пара хутка змяншаецца. Праз выпарэнне вільготнасць уплывае на інтэнсіўнасць выдзялення і хуткасць выдалення поту, удзельнічае ў фарміраванні цеплаабароту. Чым вышэйшая вільготнасць паветра, тым большае ўвільгатненне скуры.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Пры тэмпературы паветра 10–18 °С, адноснай вільготнасці менш за 50 % у стане спакою страты вільгаці чалавека выпарэннем поту складаюць у сярэднім 1 г за 1 хвіліну. У стане фізічнай нагрузкі яны ўзрастаюць у 7–8 разоў. Падчас прыёму сонечных ваннаў, пры знаходжанні ў пустыні страты вільгаці могуць дасягаць 1 л у гадзіну.

Часта адзначаюць павышаную адчувальнасць да змены вільготнасці паветра ў хворых з паражэннем верхніх дыхальных шляхоў. Яны скардзяцца на адчуванні драпання, сухасці, прысутнасці старонняга цела, палення, сціскання і г. д. Гэта звязана з хуткім памяншэннем вільготнасці паветра. Уздзеянне павышанай вільготнасці можа суправаджацца галаўнымі болямі, санлівасцю, зніжэннем настрою, болямі ў канечнасцях, тахікардыяй. Інтэнсіўнасць боляў знаходзіцца ў прамой залежнасці ад колькасці вільгаці ў паветры. Атмасферныя ападкі аказваюць станоўчы ўплыў на арганізм чалавека. Пры іх выпадзенні з атмасферы вымываюцца забруджвальныя прымешкі, аэразолі і пыл, на якіх пераносяцца хваробатворныя мікробы. Адмоўны ўплыў ападкаў на чалавека звязаны з кіслотнымі дажджамі.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Пры тэмпературах паветра ніжэй за 0 °С ападкі выпадаюць у выглядзе снегу. Снег, які толькі выпаў, адбівае ў навакольную прастору да 97 % ўльтрафіялетавых прамянёў, што выкарыстоўваюць на горных курортах для прымання зімой сонечных ваннаў.

Тэмпература паветра з’яўляецца актыўным эколага-метэаралагічнай фактарам. Пастаянства тэмпературы чалавека — аснова яго жыцця. У той жа час чалавек здольны пераносіць істотныя кантрасна-экстрэмальныя тэмпературныя нагрузкі.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Працягласць бяспечнага знаходжання цалкам аголенага здаровага чалавека пры тэмпературы +70 °С у камеры штучнага клімату не перавышае адной гадзіны, пры тэмпературы –70 °С — не больш за 10 хвілін. Бяспеку знаходжання можна павялічыць, падбіраючы адпаведную вопратку і побытавыя ўмовы. І ўсё ж тэрмін бесперапыннага пражывання пры такіх тэмпературах ва ўмовах Арктыкі і Антарктыкі не павінен перавышаць 2–3 гады.

Уплыў тэмпературы паветра на цеплавое адчуванне чалавека залежыць ад яго вільготнасці. Ва ўмераных шыротах для апранутага чалавека найбольш камфортныя спалучэнні тэмпературы 18–20 °С і адноснай вільготнасці паветра 40–50 %. Пры вільготнасці больш за 90 % і тэмпературы вышэй за +24 °С узнікае стан моцнай духаты.

iconПапрацуем з атласам. Знайдзіце на карце рэгіёны, дзе больш часта назіраецца высокая тэмпература і адносная вільготнасць паветра.

Пры тэмпературы паветра каля 35–40 °С і адноснай вільготнасці больш за 75 % часта здараецца цеплавы ўдар. Яму спадарожнічае цяжкая праца з доўгім знаходжаннем на сонцы. У чалавека, які атрымаў цеплавы ўдар, з’яўляюцца бледнасць, часам сутаргі. Можа наступіць смерць ад кровазліцця ў мозг або паралічу сэрца.

icon Клуб географаў-знаўцаў. У фізіялагічным адносінах з’ява цеплавога ўдару зводзіцца да наступнага. З-за моцнага потавыдзялення тканкі арганізма збядняюцца солямі і вадой, павялічваецца вязкасць крыві, ускладняецца кровазварот. З прычыны гэтага ўзнікае недастатковае забеспячэнне арганізма чалавека кіслародам, якое пераходзіць у асфіксію (кіслароднае галаданне), што суправаджаецца назапашваннем вуглекіслаты.

Таксама небяспечныя для чалавека адмоўныя тэмпературы паветра, асабліва ў спалучэнні з моцным ветрам і павышанай вільготнасцю паветра. Неспрыяльныя наступствы ўздзеяння холаду — прастудныя захворванні лёгкіх і верхніх дыхальных шляхоў.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Адна з праяў уплыву холаду — абмаражэнне. Першая стадыя абмаражэння — дрыжыкі. Яна характарызуецца сінюшнасцю, ацёчнасцю скуры, свербам і болямі. На другой стадыі назіраецца пашкоджанне паверхневага слоя скуры і развіццё пухіроў са светлым змесцівам. На трэцяй і чацвёртай стадыі адміраюць усе мяккія тканкі і косці. Непасрэдная прычына смерці пры замярзанні — спыненне дыхання і дзейнасці сэрца.

Кліматычныя рэсурсы. Іх выкарыстанне мае асаблівае значэнне для чалавека і розных відаў яго гаспадарчай дзейнасці.

icon Кліматычныя рэсурсы — элементы клімату, якія забяспечваюць якасць жыцця чалавека і выкарыстоўваюцца ў яго гаспадарчай дзейнасці.

Сонечная энергія — самая буйная энергетычная крыніца на Зямлі. Гадавая сонечная радыяцыя ў 20 тыс. разоў перавышае сучаснае сусветнае спажыванне энергіі. Значная частка сонечнай энергіі не даходзіць да зямной паверхні, а адбіваецца атмасферай. У выніку паверхні сушы і Сусветнага акіяна дасягае радыяцыя, якая вымяраецца ў 1014 кВт, ці 105 млрд кВт-г (0,16 кВт на 1 км2 паверхні сушы і Сусветнага акіяна). Але з-за нізкай канцэнтрацыі сонечнай энергіі толькі вельмі невялікая яе частка можа быць выкарыстана з практычнымі мэтамі (мал. 25).

Павышаны ўзровень П2

img
Мал. 25. Сонечная радыяцыя

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Як сонечная энергія ўплывае на фарміраванне рэльефу і вышыннай прыроднай занальнасці?

Паветра — гэта натуральная сумесь газаў, якія складаюць атмасферу Зямлі. З іх для жыццядзейнасці біёты найбольшае значэнне маюць кісларод, азот і вуглякіслы газ. З атмасфернага азоту вырабляюць мінеральныя азотныя ўгнаенні, азотную кіслату і яе солі. Аргон і азот прымяняюцца ў металургіі, хімічнай і нафтахімічнай прамысловасці (для ажыццяўлення шэрага тэхналагічных працэсаў). З атмасфернага паветра таксама атрымліваюць кісларод і вадарод.

Энергія ветру Зямлі складае каля 300 млрд кВт-г у год. Для тэхнічнага асваення прыдатны толькі каля 2 %. Галоўная перашкода — рассеянасць і зменлівасць энергіі ветру. Для ацэнкі эфектыўнасці яе засваення выкарыстоўваюць такія паказчыкі, як скорасць ветру, яго парывістасць, вертыкальны профіль, кірунак і інш.

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Як чалавек у сваёй гаспадарчай дзейнасці выкарыстоўвае энергію ветру?

Уздзеянне сонечнай радыяцыі шмат у чым вызначае радыяцыйны і цеплавы баланс арганізма чалавека. Дзеянні сонечных прамянёў залежаць ад вышыні сонца над гарызонтам, празрыстасці атмасферы, а таксама ад воблачнасці, вільготнасці і тэмпературы паветра, хуткасці ветру.

iconСвет і Беларусь. Якія асаблівасці паступлення і размеркавання сонечнай радыяцыі характэрныя для Беларусі?

icon Клуб географаў-знаўцаў. У адказ на раздражненне святлом з’яўляецца пігментацыя — так званы загар скуры. Ён развіваецца пад уплывам як ультрафіялетавых, так і інфрачырвоных і бачных прамянёў. Ахоўная функцыя пігменту выяўляецца ў засцярозе скуры ад перагравання. Паглынутая ім светлавая энергія ператвараецца ў цяпло, што вядзе да ўзмацнення потавыдзялення і тым самым да ўзмацнення цеплааддачы.

УФ-выпраменьванне сонца ў невялікіх дозах карысна для людзей і неабходна для выпрацоўкі вітаміну D. УФ-выпраменьванне таксама выкарыстоўваецца для лячэння некаторых хвароб: рахіт, псарыяз, экзэма і жаўтуха. У той жа час доўгае ўздзеянне сонечнага УФ-выпраменьвання можа прывесці да вострых і хранічных негатыўных наступстваў для скуры, вачэй і імуннай сістэмы чалавека.

Сельская гаспадарка ў значнай ступені залежыць ад надвор’я і кліматычных умоў. Агракліматычныя рэсурсы з’яўляюцца адной з разнавіднасцей кліматычных рэсурсаў. Да іх адносяцца кліматычныя параметры, што ўплываюць на сельскую гаспадарку. У гэтыя фактары звычайна ўваходзяць святло, цяпло, вільгаць.

Павышаны ўзровень П3

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Як кліматычныя ўмовы ўплываюць на забеспячэнне насельніцтва харчаваннем?

Для росту раслін неабходныя вуглякіслы газ, кісларод і фотасінтэтычна актыўная радыяцыя (ФАР). За кошт паглынання ФАР у працэсе фотасінтэзу ствараецца 90–95 % сухой масы раслін.

Развіццё раслін адбываецца пры пэўнай тэмпературы. Колькасць цяпла, неабходную раслінам для поўнага завяршэння вегетацыі, называюць сумай біялагічна актыўных тэмператур (БАТ). Яна разлічваецца як сума сярэднясутачных значэнняў тэмпературы паветра за тыя дні, калі паветра прагравалася вышэй за +5 або +10 °С.

Павышаны ўзровень П4

icon Клуб географаў-знаўцаў. Ведаючы БАТ свайго рэгіёна і мінімальную БАТ, неабходную для сельскагаспадарчай культуры, можна зрабіць высновы пра магчымасць яе вырошчвання.

Вільгаць — неабходная ўмова жыцця ўсіх жывых арганізмаў і сельскагаспадарчых культур. Для характарыстыкі забяспечанасці раслін вадой шырока выкарыстоўваецца гідратэрмічны каэфіцыент (ГТК) — адносіны сумы атмасферных ападкаў да сумы актыўных тэмператур за пэўны перыяд часу, памножаныя на 10 (мал. 26).

Павышаны ўзровень П5

img
Мал. 26. Характарыстыка забяспечанасці раслін вадой паводле ГТК

icon Клуб географаў-знаўцаў. Калі сабраць усю ваду, якая змяшчаецца ў атмасферы, то на паверхні Зямлі яна ўтворыць слой каля 2,0 см.

icon Папрацуем з атласам. Вызначыце з дапамогай карт атласа, як змяняецца ГТК у розных прыродных зонах.

Клімат уплывае на водную і рыбную гаспадарку праз змяненне гідралагічнага рэжыму рэк, узроўню падземных вод, вільготнасці глебы, колькасці лёду ў ледніках.

Уплыў кліматычных фактараў на энергетыку адбываецца ў выніку змены ўмоў вытворчасці і спажывання энергіі, эксплуатацыі і ўтрымання энергетычных сістэм. Найбольш адчувальныя да кліматычных фактараў гідраэнергетыка, таксама альтэрнатыўная энергетыка, заснаваная на выкарыстанні энергіі сонца і ветру.

Павышаны ўзровень П6

Клімат — адзін з важных фактараў у будаўніцтве. Кліматычныя ўмовы вызначаюць асноўныя архітэктурныя, планіровачныя, гігіенічныя падыходы да праектавання, будаўніцтва і эксплуатацыі збудаванняў. Яны аказваюць істотны ўплыў на даўгавечнасць будынкаў, рэжым іх эксплуатацыі.

Умовы надвор’я ўплываюць на эксплуатацыю наземнага транспарту. Дажджы, снегапады, галалёд, тэмпературны рэжым вызначаюць бяспеку дарожнага руху.

icon Свет і Беларусь. Прывядзіце прыклады станоўчага і адмоўнага ўплыву ўмоў надвор’я Беларусі на эксплуатацыю наземнага транспарту і бяспеку дарожнага руху.

Занальна-рэгіянальныя асаблівасці кліматычных рэсурсаў.

Кліматычныя рэсурсы падзяляюцца на біялагічныя, энергетычныя, агракліматычныя і г. д. Сярод іх асаблівае месца займаюць агракліматычныя, гелія- і ветраэнергетычныя рэсурсы.

Агракліматычныя рэсурсы. Для вегетацыйнага перыяду сельскагаспадарчых культур найбольш часта разлічваюцца і аналізуюцца: 1) тэрмічныя і светлавыя рэсурсы; 2) рэсурсы ўвільгатнення, уключаючы ападкі і вільготнасць глебы; 3) умовы перазімоўкі культур; 4) неспрыяльныя (небяспечныя і асабліва небяспечныя) з’явы.

iconПаразважаем. Як можна зменшыць уплыў кліматычных умоў на сельскую гаспадарку?

Ацэнка тэрмічных рэсурсаў. Сумы БАТ разлічаны для большасці культурных раслін. З іх дапамогай можна вызначаць працягласць актыўнай вегетацыі, сярэднія тэрміны наступлення фаз развіцця сельскагаспадарчых раслін і паспявання ўраджаю ў розных прыродна-кліматычных раёнах. Акрамя БАТ, для ацэнкі тэрмічных умоў вырошчвання сельскагаспадарчых культур улічваюць экстрэмальныя тэмпературы ў розныя перыяды вегетацыі, працягласць безмарознага перыяду і іншыя паказчыкі.

Ацэнка ўвільгатнення. Асноўнай характарыстыкай для ацэнкі ўвільгатнення раслін з’яўляюцца сумы ападкаў за ўвесь перыяд і міжфазавыя перыяды вегетацыі. Яны выражаюцца ў выглядзе сярэдніх шматгадовых і імавернасных значэнняў. Важны агракліматычны паказчык ўвільгатнення — запасы вільгаці ў глебе. Умовы ўвільгатнення вызначаюцца не толькі ападкамі, але і выпарэннем. Таму ў практыцы агракліматычных ацэнак ўвільгатнення шырока выкарыстоўваюцца комплексныя паказчыкі, якія ўлічваюць суадносіны паміж ападкамі і выпаральнасцю.

Паказчыкі патрэб раслін у цяпле і вільгаці з’яўляюцца асновай для размяшчэння сельскагаспадарчых культур і спецыялізацыі вытворчасці.

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Чаму для павышэння ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур неабходна ўлічваць уплыў на іх усяго комплексу кліматычных фактараў?

icon Клуб географаў-знаўцаў. Кожная культурная расліна расце пры строга вызначанай тэмпературы. Мінімальную колькасць цяпла патрабуюць ячмень, авёс, жыта. Больш патрабавальныя да цяпла кукуруза, пшаніца і рыс. Працяглае і цёплае лета патрабуецца для сланечніку. Катэгарычна не пераносяць замаразкаў цытрусавыя расліны.

Геліяэнергарэсурсы. Агульная колькасць сонечнай энергіі, якая дасягае паверхні Зямлі за год, у 50 разоў перавышае ўсю энергію, якую можна атрымаць з даказаных запасаў выкапнёвага паліва, і прыкладна ў 35 тыс. разоў сучаснае штогадовае спажыванне энергіі ў свеце.

Існуе дзве ўзаемадапаўняльныя стратэгіі выкарыстання сонечнай энергіі. У больш далёкай перспектыве — развіццё буйнамаштабных сістэм геліяэнергетыкі намаганнямі сусветнай супольнасці. У найбліжэйшай перспектыве — развіццё сістэм геліяэнергетыкі малой магутнасці ў развітых краінах і краінах, якія развіваюцца.

iconСвет і Беларусь. Ці магчыма ў Беларусі развіццё геліяэнергетыкі? Прывядзіце аргументы за і супраць. Які варыянт стратэгіі выкарыстання сонечнай энергіі вы выбралі б для Беларусі і чаму?

Адным з недахопаў энергіі Сонца з’яўляецца малая шчыльнасць на адзінку плошчы. Нягледзячы на гэта яна вельмі зручная тым, што яе можна прыстасаваць для гаспадарчых патрэб на мясцовым узроўні для ацяплення і ахаладжэння будынкаў, гарачага водазабеспячэння, апраснення, атрымання штучнага холаду, сушкі, забеспячэння сістэм сувязі, ірыгацыі, вытворчасці электраэнергіі, стварэння зварачных прылад, плавільных печаў і г. д.

Пагодна-кліматычныя фактары як стымулююць, так і накладаюць абмежаванні на выкарыстанне сонечнай энергіі. Велічыня і надзейнасць энергазабеспячэння ад сонечных электрычных станцый (СЭС), кошт іх электраэнергіі залежыць ад колькасці сонечнай радыяцыі, якая паступае. Будаўніцтва СЭС апраўдана ў мясцовасці, дзе шмат на год сонечных дзён. Найлепшыя тэрыторыі для будаўніцтва сонечных станцый — гэта засушлівыя і пустынныя зоны.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Калі выкарыстоўваць пад будаўніцтва сонечных электрастанцый усяго 1 % плошчы сусветных пустынь, то гэтага будзе дастаткова, каб забяспечыць усіх жыхароў Зямлі электрычнай энергіяй пры бягучым узроўні спажывання.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Больш за ўсё СЭС знаходзіцца ў Кітаі, ЗША і Індыі. У топ-5 самых буйных электрастанцый ўваходзяць: Парк Тэнгэр (Кітай) — займае тэрыторыю плошчай 43 км2, выпрацоўвае 1547 МВт электраэнергіі; Парк Бхадла (Індыя) — плошча аб’екта 40 км2, выпрацоўвае 1365 МВт электраэнергіі; СЭС Лун’янся (Кітай) — сонечныя панэлі размяшчаюцца на плошчы 30 км2, магутнасць станцыі 850 МВт; электрастанцыя Villanueva (Мексіка) — размешчана на плошчы 24 км2, штодня вырабляе 828 МВт электрычнай энергіі; СЭС Камуці (Індыя) — займае 10 км2, прадукцыйнасць 648 МВт.

iconПапрацуем з атласам. Знайдзіце на карце, дзе знаходзяцца самыя буйныя СЭС. Вызначце раёны, найбольш перспектыўныя для размяшчэння СЭС.

Ветраэнергетычныя рэсурсы. Ветраэнергетычная ўстаноўка (ВЭУ) выпрацоўвае энергію, калі вецер рухае яе лопасці. Чым большая хуткасць ветру і плошча лопасці, што круціцца, тым больш вырабляецца энергіі.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Пры хуткасці ветру 33 км/г, падаўжэнне лопасці ад 15 да 60 м павялічвае выпрацоўку энергіі ў 16 разоў. Пры даўжыні лопасці 30 м вецер з хуткасцю 50 км/г ВЭУ забяспечвае выпрацоўку энергіі ў 26 разоў большую, чым вецер з хуткасцю 17 км/г. Таму сучасныя праекты прадугледжваюць будаўніцтва ветрарухавікоў з доўгімі лопасцямі, здольнымі ўлоўліваць вецер на вялікіх вышынях, дзе яго хуткасць істотна ўзрастае.

Кліматычная інфармацыя выкарыстоўваецца для абгрунтавання схем праектавання і размяшчэння ВЭУ. Дзякуючы ўкараненню навукова-тэхнічных дасягненняў, павелічэнню магутнасці ветравых электрастанцый (ВЭС), у пачатку ХХІ ст. сабекошт электраэнергіі, што выпрацоўваецца ВЭС, знізіўся да 6-7 цэнтаў за кВт/г. Ён практычна зраўняўся з сабекоштам электраэнергіі ЦЭС.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Ветраэнергетычны патэнцыял планеты Зямля велізарны. Толькі для прыбярэжнай паласы кантынентаў ён складае больш за 4000 ТВТ г/год. У цяперашні час у свеце налічваецца каля за 20 000 вeтpаэлeктpаcтaнцый рознай магутнасці. Большасць з іх размешчана на ўзбярэжжы мораў і акіянаў, a таксама ў стэпавых або пустынных раёнах. Найбуйнейшай у свеце ВЭC, якая выпрацоўвае амаль 7,9 ГВт энергіі ў год, з’яўляецца кітайская «Гaньcy». Да 2020 г. быў запланаваны выхад яе магутнасці на 20 ГВт.

icon Падвядзём вынікі. Атмасфера цесна ўзаемадзейнічае з усімі … . Надвор’е і … ўплываюць на ўсе сферы дзейнасці чалавека. Якасць жыцця чалавека, вядзенне сельскай гаспадаркі і дзейнасць прамысловасці забяспечваюць … рэсурсы. На вядзенне сельскай гаспадаркі аказваюць уплыў кліматычныя параметры: …, …, … . Умовы надвор’я ўплываюць на эксплуатацыю наземнага … i бяспеку … руху.

icon Праверым свае веды. 1. Назавіце асноўныя геаэкалагічныя функцыі атмасферы. 2. Як кліматычныя рэсурсы ўплываюць на якасць жыцця чалавека? 3. Якія кліматычныя фактары неспрыяльна ўздзейнічаюць на арганізм чалавека?

icon Ад простага да складанага. 1. Як атмасфера ўзаемадзейнічае з іншымі геасферамі? Прывядзіце канкрэтныя прыклады. 2. Чаму для росту раслін неабходныя вуглякіслы газ, кісларод і пэўная сума БАТ? 3. Чаму неабходна ўзгодненасць дзеянняў метэаралагічнай службы і камунальнай гаспадаркі?

icon Ад тэорыі да практыкі. 1. Як у Рэспубліцы Беларусь выкарыстоўваецца энергія сонца і ветру? 2. Да якіх негатыўных наступстваў могуць прывесці празмерныя дозы ўльтрафіялетавай радыяцыі?

icon

Web-ресурсы.
Гідраметцэнтр Расіі. Займальная метэаралогія.

Інфармацыйна-аналітычны партал «GeoCenter.Info». Атмасфера.

Сайт Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі.

Інфармацыйна-аналітычны партал «GeoCenter.Info». Клімат вачыма сведак.