Печатать эту главуПечатать эту главу

Ніл Гілевіч

Біяграфія

Мой верш вызначаўся б настроем узнёслым
І нават святочна-парадным, магчыма,
Калі б не намёртва быў звязаны лёсам
З паэзіяй Янкі, Якуба, Максіма.

Н. Гілевіч.

Ніл Гілевіч — вядомы беларускі паэт, перакладчык, празаік, драматург, літаратуразнавец, фалькларыст, апошні народны паэт Беларусі, якому на дадзены момант афіцыйна было прысвоена гэта ганаровае званне. На думку В. Рагойшы, «нават у тым выпадку, калі б Н. Гілевіч быў вядомы сёння толькі як паэт альбо перакладчык, публіцыст, даследчык, урэшце, як грамадскі дзеяч, каб выявіўся толькі ў адным кірунку сваёй шматвектарнай творчасці, то і тады заслужыў бы ўдзячнасць сучаснікаў і нашчадкаў».

Ніл Сымонавіч Гілевіч нарадзіўся 30 верасня 1931 года ў вёсцы Слабада Лагойскага раёна Мінскай вобласці. «Мая малая радзіма, — сцвярджаў пісьменнік, — гэта заходне-паўночны куток Лагойшчыны, самы, бадай, прыгожы на тэрыторыі ўсяго раёна. Самы «гарысты», з рэзкімі перападамі паверхні, парэзанай равамі і лагчынамі, атулены лясамі і пералескамі. У краязнаўчай кніжачцы “Лагойскі раён”, выдадзенай у 1928 годзе, напісана, што гэта “наша беларуская Швейцарыя”».

Бацька будучага пісьменніка, Сымон Пятровіч, вельмі рана асірацеў, падлеткам пакаштаваў парабкоўскага хлеба, таму са шчырасцю і самаадданасцюўключыўся ў разбурэнне старога ладу жыцця і пабудову новага, працаваў старшынёй сельсавета, сакратаром РВК. Заняты службовымі клопатамі, бацька бываў дома рэдка. Турботамі пра выхаванне трох дачок і пяці сыноў жыла маці — Кацярына Мікалаеўна. Думаецца, што менавіта яна перадала ў спадчыну свайму сыну Нілу тую выключную працавітасць, якой здзіўляюцца даследчыкі яго творчасці. Праз гады Ніл Сымонавіч пранёс захапленне жыццястойкасцю сваёй матулі: «Як спраўлялася мама?.. Колькі ўспамінаю — столькі і здзіўляюся. Яе хапала на ўсё: і на тое, каб трымаць і даглядаць гаспадарку (60 сотак зямлі, карова, свінні, авечкі, куры, гусі), і каб накарміць, абмыць і абшыць васьмярых дзяцей, і кожнаму з нас дапамагчы, калі хто захварэў... Любові да сваіх дзяцей было ў яе душы і сэрцы нямерана! Дадам: прала і затым ткала на кроснах кужэльныя палотны, абрусы і капы, посцілкі зрэбныя і посцілкі-рызаўкі — сама, авечак стрыгла нажніцамі — сама, валёнкі для ўсіх нас валіла — сама, вязала рукавіцы і шкарпэткі для нас — сама, кроіла і затым шыла на ўласнай ручной машынцы “Зінгер” кашулькі, сукенкі і штаны — сама, і не толькі для нас, але і для суседзяў. І навучыла мяне ў першую ваенную зіму віць пяньковыя аборкі і плесці вераўчаныя лапці. І паспявала (у перадваенныя гады) схадзіць разам з намі летнім вечарам у ваенны гарадок “на кіно”, меншага ці меншую несучы назад на руках... Мамачка мілая, і адкуль у цябе браліся сілы, і як ты вытрымлівала гэту няспынную кругаверць неадкладных клопатаў, гэту неймаверную штодзённую напругу?..»

З чаго пачынаецца пісьменнік? Як у звычайным хлапчуку зараджаецца мастак? Янка Брыль адзначыў два этапы гэтага працэсу: спачатку — захапленне прыгажосцю жыцця, затым — радаснае і адначасова пакутлівае жаданне выказаць свае пачуцці, перадаць сваё іншым. Напэўна, не абмінуў гэтай схемы і Н. Гілевіч. На пытанне карэспандэнта, зададзенае ўжо сталаму майстру, калі б з’явілася магчымасць вярнуцца на момант у дзяцінства, якое б месца выбралі: сад, хату, вуліцу або лес, Ніл Сымонавіч з упэўненасцю адказаў: «Не сад, не хату, не вуліцу, не лес, а — поле! Навакольнае поле — з пагоркамі і лагчынамі, з гаямі і сасоннікамі, з кустоўем на касагорах, з крушнямі камення на ўзмежках, з жоўтымі нівамі жыта і бялёсымі гонамі аўса, з блакітнымі разлівамі лёну, з белымі азярынамі грэчкі, з укрытымі ружовым і бэзавым цветам, прасцягамі бульбы... Перад заходам сонца я стаяў, як заварожаны, на гумне і слухаў шырокі тужлівы спеў, што далятаў у вёску з поля, з-пад Краснай Горкі. Гэта, канчаючы цяжкі прыпарны дзень, спявалі жнеі, нашы слабодскія жанчыны. Спявалі старажытныя жніўныя песні. 

Незабыўныя і непаўторныя хвіліны! О, каб можна было туды — у той адвячорак, у тое сугалоссе цішыні і напеву вярнуцца хоць на імгненне! Як гэта кажуць — дорага заплаціў бы. Ну, але дзякаваць Богу і за тое, што яны былі, тыя хвіліны. Можа, і ў астатні свой дзень прыгадаю менавіта іх, і ўбачу тое жніво на полі, пад Краснай Горкай, і пачую тыя несмяротныя песні».

 Сам Н. Гілевіч быў перакананы: «Усё самае галоўнае, самае істотнае і важнае, што ёсць у кожным дарослым чалавеку, — усё адтуль, з гадоў дзяцінства.

Там — незабыўныя радасці адкрыцця і пазнання свету, першаснага яднання душы і сэрца з ім, першых сустрэч з векавечнымі і заўсёды новымі цудамі прыроды, першага, яшчэ не ўсвядомленага ўспрымання ласкі, дабрыні і спагады, даверлівасці і ўдзячнасці». Хлопчык рос актыўным, а часам і задзірлівым. Да вайны скончыў пачатковую школу. Летам любіў збіраць ягады і грыбы, хадзіць на рэчку Гайну купацца, зімой коўзаўся на самаробных каньках, бегаў на лыжах.

У верасні 1938 года ён пайшоў у пачатковую школу, ужо досыць бегла чытаючы. Навучыўся гэтаму сам, з дапамогай старэйшай сястры Ліны, чые чытанкі і прынесеныя ёю з бібліятэкі кнігі любіў гартаць. Да пачатку вайны, па ўспамінах пісьменніка, ён прачытаў не толькі безліч твораў, прызначаных для малодшых школьнікаў, але і многія кнігі, на малых дзяцей не разлічаныя. Пры адборы кніг у бібліятэцы хлапчук кіраваўся перш за ўсё тым, каб кніга была на беларускай мове: вясковаму дзіцяці на мове роднай хаты і роднай вуліцы было чытаць і лягчэй, і мілей для душы і сэрца.

Як адзначаў пісьменнік, «паэтычны сверб» прачнуўся ў ім вельмі рана, яшчэ ў пачатковай школе. «...Самы першы свой верш у дзяцінстве я напісаў у перайманне лірычнага шэдэўра геніяльнага Кабзара1 “Садок вішнёвы каля хаты”. <…> Верш так уразіў мяне сваім паэтычным хараством, што прымусіў самога паспрабаваць скласці нешта сваё».

Карэктывы ў станаўленне светабачання будучага пісьменніка ўнесла вайна. Ваеннае дзяцінства, пра якое пазней пісьменнік раскажа ў паэмах «Сто вузлоў памяці», «Гарыць, гарыць мая Лагойшчына», «Недзяленя», сюжэтных вершах і баладах, аўтабіяграфічнай аповесці «Перажыўшы вайну», фарміравала Н. Гілевіча — паэта і чалавека. Жыццё пад акупацыяй, у партызанскай зоне было няспынным пераадоленнем страху за ўласнае жыццё і жыццё блізкіх. У час адной з аблаў Ніл Сымонавіч трапіў да фашыстаў і ацалеў цудам. Можа, менавіта тады дзесьці ў падсвядомасці падлетка з’явілася думка, што пра ўсё гэта патрэбна абавязкова расказаць тым, хто не зведаў жахаў вайны. Н. Гілевіч адзначаў: «Самы першы мой апублікаваны верш быў аб перамозе ў вайне і радасці ўваскрэслага на руінах і папялішчах жыцця... гэта тэма стала адной з галоўных ва ўсіх маіх кнігах лірыкі, баладах і паэмах».

Першы верш Н. Гілевіча — «Яблынька» — быў надрукаваны ў 1946 годзе ў часопісе «Бярозка». Пятнаццацігадовы аўтар расказваў пра салдата, які перад самай вайной пасадзіў дзічку, прышчапіў яе і праз усё ваеннае ліхалецце пранёс надзею на сустрэчу з ёй.

У 1947 годзе маладога паэта, вершы якога сталі рэгулярна з’яўляцца на старонках газет, запрасілі на Першую рэспубліканскую нараду маладых пісьменнікаў. У гэтым жа годзе Н. Гілевіч паступіў у Мінскае педагагічнае вучылішча, на апошнім курсе якога стаў членам літаратурнага аб’яднання пры газеце «Чырвоная змена». Педвучылішча скончыў на выдатна і без экзаменаў быў прыняты на філалагічны факультэт БДУ. У 1954 годзе Н. Гілевіча, студэнта трэцяга курса, прынялі ў Саюз пісьменнікаў БССР. Пасля заканчэння вучобы ва ўніверсітэце (1956) таленавітаму студэнту была прапанавана вучоба ў аспірантуры. Малады вучоны даследаваў спадчыну маладнякоўцаў. Пасля абароны дысертацыі Н. Гілевіч працяглы час працаваў на кафедры беларускай літаратуры БДУ. З захапленнем і майстэрствам выкладаў курс вуснай народнай творчасці, які па волі лёсу быў даручаны маладому выкладчыку. Вобразна-эстэтычны змест і філасофская глыбіня фальклору аказалі вялізнае ўражанне на Н. Гілевіча, які з цягам часу адзначыць, што «гэта быў шчаслівы выбар лёсу, ці, скажу іначай, — жыццядайны падарунак Усявышняга, Яго неацэнная ўзнагарода авансам, у прадбачанні (на тое і Бог!), што гэты аванс я пастараюся, колькі хопіць сілы, адрабіць».

У 1957 годзе выйшаў першы зборнік вершаў Н. Гілевіча — «Песня ў дарогу». Крытыкі ахарактарызавалі гэту кнігу як паэтычны маніфест студэнтаў-рамантыкаў 1950-х гадоў, пераважна вясковых хлопцаў і дзяўчат.

Неўзабаве ў светапоглядзе Н. Гілевіча адбыліся змены. Два новыя зборнікі вершаў паэта — «Прадвесне ідзе па зямлі» і «Неспакой» — завяршылі мажорна-аптымістычны этап яго творчасці. У іх ужо акрэсліліся матывы, якія стануць асноўнымі ў творчасці пісьменніка: вернасць маці і роднай матчынай мове, любоў да малой радзімы, адданасць маці-Беларусі, беларускай народнай песні, што сімвалізавала душу нацыі, яе самабытную культуру. Ужо на першым этапе сваёй творчасці Н. Гілевіч змог выразна акрэсліць аўтарскую пазіцыю.

Адразу ж пасля першых трох лірычных зборнікаў Н. Гілевіча выйшлі ў свет кніжкі сатыры і гумару «Званковы валет» (1961), «Да новых венікаў» (1963). І пазней кнігі вершаў чаргаваліся са зборнікамі гратэскава-камічных твораў. У 1972 годзе Н. Гілевіч задумаў стварыць раман у вершах. Гэта было рэалізавана праз 12 гадоў, у выніку чаго з’явіліся «Родныя дзеці».

Дакладна акрэсліў вызначальныя якасці лірыкі пісьменніка крытык В. Каваленка, які адзначыў, што «як ні пра каго іншага з беларускіх паэтаў, пра Н. Гілевіча можна сказаць, што яго паэзіяпаэзія на кожны дзень, у якой філасофія так блізка змыкаецца з мараллю, урэшце, з парадай, а таму становіцца нейкай дамашняй, па-асабліваму цёплай і чалавечнай».

Клопатам пра тое, каб беларускае слова годна гучала ў свеце, абумоўлена педагагічная, навуковая, пісьменніцкая дзейнасць Н. Гілевіча ў 1970—1980-я гады. Ніл Сымонавіч быў перакананы, што паэт пачынаецца са слова, з адчування слова як сродку выказвання сябе і сваіх адносін да навакольнага свету. У публіцыстычных артыкулах гэтага часу пісьменнік раскрываў значэнне фальклору для паўнавартаснага развіцця нацыянальнай літаратуры, выступаў у абарону неацэнных скарбаў вуснай паэзіі. У ёй пісьменнік бачыў сродак ад пустаслоўя, якім грашыла пэўная частка тагачаснай літаратуры. З’явіліся манаграфіі «Паэтыка беларускай народнай лірыкі» (1975), «Паэтыка беларускіх загадак» (1976), у якіх асэнсоўваўся моватворчы вопыт народа.

Дзейсным сродкам развіцця нацыянальнай літаратуры Н. Гілевіч лічыў мастацкія пераклады. У часы, калі ў некаторых школах выкладанне беларускай літаратуры вялося па-руску, ён адстойваў права землякоў чытаць лепшыя творы сусветнай літаратуры на роднай мове. Без мастацкага перакладу, лічыў паэт, нельга засвоіць творчыя дасягненні лепшых пісьменнікаў свету, выпрацоўваць і развіваць разнастайныя літаратурныя стылі. У 1970—1980-я гады Н. Гілевіч шмат перакладаў. Гэта давала яму магчымасць адкрыта гаварыць пра актуальныя праблемы Бацькаўшчыны.

Перакладчыцкі талент Н. Гілевіча ацэнены вельмі высока: паэт узнагароджаны балгарскім ордэнам Кірыла і Мяфодзія I ступені і ордэнам Югаслаўскай зоркі са стужкай. У 1980 годзе быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Янкі Купалы. А ў 1986 годзе ён стаў лаўрэатам самай высокай у Балгарыі Міжнароднай прэміі імя Х. Боцева.

З 1980 па 1989 год Н. Гілевіч з’яўляўся першым сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. У 1990 годзе ён быў абраны народным дэпутатам Беларусі, у тым жа годзе стаў старшынёй Пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны. У 1991 годзе Н. Гілевічу прысвоена ганаровае званне народнага паэта Беларусі.

Як слушна адзначыла Т. Нуждзіна, «быць у цэнтры вялікай палітыкі творчаму чалавеку няпроста, а паэту купалаўскай школы служэння нацыянальнай ідэі — архіскладана: абвастраюцца паэтычны зрок і слых, узнікае іншы ўзровень мастацкага мыслення, мяняецца стылістычная фактура пісьма». Творчасць Н. Гілевіча гэтага перыяду вызначаецца палемічнасцю і публіцыстычнасцю. Гэтым і абумоўлена разнастайнасць форм лірыкі паэта 1990-х гадоў: верш-зварот, пасланне, малітва, споведзь, балада, прыпавесць, сказ, кліч, санет і інш. У 2003 годзе з-пад пяра майстра слова выходзіць лірычны раман «…І плямы на табе няма», прысвечаны жонцы, якая была вернай спадарожніцай жыцця паэта, самым аўтарытэтным дарадцам і крытыкам яго твораў. Памяці жонкі прысвечаны лірычныя творы, напоўненыя болем, запозненым разуменнем незваротнасці страты:  

І зноў сыходзіць ноч. І зноў світае.
І зноў душу мне працінае боль.
Як позна зразумеў ты, што Святая,
Святая несла крыж пакут з табой!

У размове з журналістам на пытанне аб тым, які грэх нельга дараваць нават сябру, паэт адказваў, што цяжэй за ўсё дараваць здраду: «Калі ты ў яго верыў, а здарылася цяжкая крутая хвіліна ў тваім жыцці — ты замест падтрымкі атрымліваеш, як кажуць, нож у спіну». Жыццястойкасць народнага паэта выяўляецца ў здольнасці надзвычай інтэнсіўна тварыць, нягледзячы на расчараванні і страты, аб чым сведчыць з’яўленне новых паэтычных зборнікаў: «Паланэз Агінскага» (2002), «На флейце самоты» (2004), «Сказ пра залатое пёрка» (2005), «У ноч на Пакровы» (2008), «Замова ад страху» (2009), «Дзверы ў гісторыю» (2010), «Пацеркі Божай Маці» (2011), «З Божай ласкі — дасеўкі» (2014) і інш. 

З таго часу, калі 12-гадовы падлетак з Лагойшчыны надрукаваў першы верш, і да самых апошніх публікацый на старонках перыядычных выданняў Н. Гілевіч старанна і плённа працаваў. Ён падрыхтаваў і выдаў на ўласныя сродкі 23-томны збор сваіх твораў, здзівіў чытачоў не толькі каласальным аб’ёмам работы, якую выканаў адзін чалавек, але і яго перакананасцю, што «праўда эпохі, пададзеная выспеленым народным словам, павінна працаваць як на сённяшнюю рэальнасць, так і на беларускае заўтра».

 

Усё сваё жыццё пісьменнік, вучоны, педагог прысвяціў служэнню беларускасці. Сучаснікі называюць яго апосталам нацыі. Памёр Ніл Сымонавіч 29 сакавіка 2016 года.

__________

1 Украінскі паэт Тарас Шаўчэнка.