§ 11. Навука, літаратура і мастацтва ў XIX ст.

Ключавая ідэя: XIX ст. стала часам з’яўлення абсалютна новых абласцей навуковых ведаў, якія хутка ўкараняліся ў штодзённае жыццё людзей. Рэакцыяй на грамадскія змены стала з’яўленне ў літаратуры і мастацтве новых кірункаў і жанраў.

Тэхнічны прагрэс стымуляваў развіццё навукі, якая, у сваю чаргу, садзейнічала ўдасканаленню прамысловай вытворчасці і мяняла звыклыя веды людзей пра навакольны свет. Біблейскія ўяўленні аб паходжанні чалавека і Сусвету падпалі пад скрышальную крытыку.

1. Уплыў прыродазнаўчых навук на развіццё грамадства

XIX ст. стала часам узнікнення новых навук, сярод якіх асаблівае месца занялі навука аб электрычнасці і мікрабіялогія. Адкрыццё М. Фарадэем электрамагнітнай індукцыі дазволіла прыступіць да стварэння электрарухавіка. Л. Пастэр заклаў асновы мікрабіялогіі (навука аб мікраарганізмах) і імуналогіі (навука аб ахоўных уласцівасцях арганізма). Ён распрацаваў спосабы стэрылізацыі і пастэрызацыі прадуктаў, прапанаваў метад засцерагальных прышчэпак супраць многіх хвароб і ажыццявіў першую прышчэпку чалавеку.

Сапраўдны пераварот у навуцы зрабілі работы англійскага вучонага-натураліста Ч. Дарвіна «Паходжанне відаў шляхам натуральнага адбору» і «Паходжанне чалавека і палавы адбор». Навуковец прыйшоў да высновы, што ўся жывая прырода не была створана аднаактова, а паступова сфарміравалася ў працэсе працяглай эвалюцыі, і што далёкімі продкамі людзей былі малпападобныя істоты.

Дарвінаўскі прынцып натуральнага адбору і барацьбы відаў за выжыванне моцна паўплываў не толькі на біялогію, але і на навукі аб грамадстве. Гісторыкі, філосафы, эканамісты звярталіся да гэтага прынцыпу як да ўніверсальнага закону, згодна з якім перамагаюць самыя моцныя, карысныя і здольныя. Так узнік сацыял-дарвінізм, які распаўсюдзіў метады эвалюцыйнай тэорыі на працэсы грамадскага развіцця. Аднак многім даследчыкам некаторыя яе палажэнні ўяўляюцца гіпатэтычнымі і недастаткова даказанымі.

На рубяжы XIX—XX стст. незвычайна пашырыліся ўяўленні чалавека пра Сусвет. Менавіта тады былі закладзены асновы будучай навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, звязаныя з адкрыццём электрамагнітных хваляў і з’явы радыеактыўнасці, а таксама з распрацоўкай тэорыі будовы атама. Вялізны ўнёсак у гэтыя галіны навукі зрабілі нямецкія, рускія, англійскія і французскія навукоўцы. Тэорыя адноснасці А. Эйнштэйна пашырыла класічныя ўяўленні аб будове свету, заснаваныя на законах механікі Ньютана.