§ 18. Амерыка і Афрыка ў Сярэднявеччы

У чым унікальнасць гістарычнага развіцця сярэднявечных цывілізацый Амерыкі і Афрыкі?
Якія цывілізацыі склаліся ў Сярэднявеччы ў Амерыцы? Якія дасягненні амерыканскіх цывілізацый былі пераняты еўрапейцамі? Якія дзяржавы існавалі ў Трапічнай Афрыцы? Якімі былі сувязі гэтых дзяржаў з еўрапейцамі і арабамі? (Гісторыя Сярэдніх вякоў, 6 клас)
1. Геаграфічнае становішча і заняткі насельніцтва амерыканскага кантынента ў Сярэднія вякі
Цывілізацыі Амерыкі і некаторыя цывілізацыі Афрыкі, плямёны якіх знаходзіліся яшчэ на ўзроўні першабытнага грамадства, былі практычна поўнасцю ізаляваныя ад кантактаў з іншымі цывілізацыямі.
Амерыка — вялікі кантынент, які займае прастору ад самай поўначы да самага поўдня, адпаведна, там змяняюцца ўсе вядомыя геаграфічныя зоны. Народы крайняй поўначы Амерыкі займаліся паляваннем і рыбалоўствам. Вялізныя лясныя і стэпавыя прасторы Паўночнай Амерыкі ў той час былі населены пераважна паляўнічымі і жывёлаводамі. Земляробства звычайна адыгрывала другарадную ролю, даючы магчымасць атрымліваць дадатковыя прадукты. Рэдкія плямёны ў гэтай зоне вялі гаспадарку з пераважаннем земляробства.
Поўнач Цэнтральнай Амерыкі ўяўляе сабой засушлівыя тэрыторыі, якія пераходзяць у густыя трапічныя лясы. Горныя раёны выходзяць да прыморскіх раўнін. Народы, якія тут жылі, найбольш рана перайшлі да цывілізацыі і складання дзяржаўных утварэнняў. Земляробства ў розных формах здаўна з’яўлялася тут асновай гаспадарчага жыцця.
На астравах Карыбскага мора і ў джунглях басейна Амазонкі людзі займаліся паляваннем і рыбалоўствам, роля земляробства была другараднай, у той час як на захадзе Паўднёвай Амерыкі ў адносна вузкай паласе паміж акіянам і Андскімі гарамі мясцовае насельніцтва даўно перайшло да земляробчай гаспадаркі. Высокага ўзроўню развіцця дасягнулі і земляробчыя абшчыны на андскіх пласкагор’ях і ў далінах. У Сярэднія вякі тут утвараліся шматлікія дзяржавы.