§ 13. Палітычнае развіццё славянскага свету ў Сярэднявеччы

Якім чынам адбывалася станаўленне дзяржаў у славян?
Пералічыце групы славянскіх народаў. Калі яны з’явіліся ў Цэнтральнай і Паўднёвай Еўропе? Назавіце прыкметы дзяржавы. У чым былі прычыны і значэнне Вялікага перасялення народаў у сусветнай гісторыі? (Гісторыя Старажытнага свету, 5 клас; гісторыя Сярэдніх вякоў, 6 клас)
1. З’яўленне славян і пачатак славянскай дзяржаўнасці
Вучоныя адносяць з’яўленне славян да першай паловы І тысячагоддзя і адзначаюць, што яны насялялі Цэнтральную і Усходнюю Еўропу. Больш дакладна вызначыць тэрыторыю першапачатковага пражывання славян пакуль складана. Часцей за ўсё лічыцца, што славяне пражывалі паміж рэкамі Лабай (сучасная Эльба) і Віслай, Дняпром і Днястром, на поўнач ад Карпат. Аднак пытанне аб іх прарадзіме застаецца адкрытым. Адна з апошніх тэорый сцвярджае, што найстарэйшая археалагічная культура, якая суадносіцца са славянамі, знойдзена ў беларускім Палессі і датуецца IV ст.

Славяне сталі хутка рассяляцца ў Еўропе. У пачатку VІ ст. яны з’явіліся на Дунаі, адкуль прайшлі на Балканы. Славяне засялілі і тэрыторыю сучасных Чэхіі і Польшчы. Некаторыя плямёны пасяліліся на Дняпры і далей на поўнач. У ходзе Вялікага перасялення народаў адбываўся працэс этнічнай дыферэнцыяцыі, у выніку якога выдзеліліся ўсходнія, паўднёвыя і заходнія славяне. Дагэтуль славяне, якія размаўляюць на блізкіх мовах, застаюцца самай шматлікай моўнай групай Еўропы. Менавіта блізкасць мовы дала магчымасць аўтару «Аповесці мінулых гадоў» вылучыць славян сярод іншых плямёнаў.
У ходзе рассялення славянам давялося не толькі заваёўваць новыя землі, але і адбіваць напады непрыяцеля. Паступова праз войны адбывалася накапленне багаццяў асобнымі плямёнамі. Гэта прывяло да з’яўлення маёмаснай і сацыяльнай няроўнасці, вылучэння ваеннага лідара племені (князя) і яго дружыны.
