*§ 29—1. Паняцце размнажэння. Тыпы размнажэння
- Успомніце, з якімі тыпамі размнажэння вы пазнаёміліся пры вывучэнні расліннага і жывёльнага свету.
- Як вы думаеце? Чаму тыпы размнажэння называюць бясполым і палавым?
- Вы даведаецеся, чым адрозніваюцца бясполае і палавое размнажэнне арганізмаў, якія могуць быць наступствы, калі для віду характэрны толькі адзін з тыпаў размнажэння.
Паняцце размнажэння
Адной з асноўных уласцівасцей жывой матэрыі з’яўляецца размнажэнне — здольнасць жывых арганізмаў узнаўляць падобных да сябе. Дзякуючы гэтай уласцівасці забяспечваецца бесперапыннасць жыцця на Зямлі.
Размнажэнне арганізмаў пэўнага віду дае магчымасць узнаўлення прымет не толькі бацькоўскіх асобін, але і віду ў цэлым. А павелічэнне колькасці асобін у выніку размнажэння спрыяе рассяленню віду і пашырэнню яго арэала. Такім чынам, дзякуючы размнажэнню забяспечваецца бесперапыннасць і пераемнасць у перадачы спадчыннай інфармацыі ад бацькоў да патомства ў шэрагу пакаленняў і падтрымліваецца працяглае існаванне віду.
У аснове размнажэння ляжыць дзяленне клетак. Як вы ўжо ведаеце, спадчынная інфармацыя захоўваецца ў храмасомах. Пры размнажэнні арганізмаў перадача спадчыннай інфармацыі адбываецца з дапамогай храмасом. У саматычных клетках (клетках цела) храмасомы парныя. У кожнай пары адна храмасома бацькаўская, іншая — мацярынская, такім чынам, у саматычных клетках знаходзіцца двайны набор храмасом. Саматычныя клеткі змяшчаюць спадчынную інфармацыю абодвух бацькоў. У палавых клетках (гаметах) храмасомы няпарныя, паколькі пры ўтварэнні гамет парныя храмасомы расходзяцца і трапляюць у розныя клеткі. Такім чынам, гаметы змяшчаюць адзін набор (адзінарны набор) храмасом, якія нясуць спадчынную інфармацыю толькі аднаго з бацькоў.