*§ 30-1. ГЕАГРАФІЯ СФЕРЫ НДВКП СВЕТУ

Успамінаем. У чым падабенства і адрозненні паміж навукова-тэхнічным прагрэсам і навукова-тэхнічнай рэвалюцыяй? Якія асноўныя напрамкі навукова-тэхнічнага прагрэсу? Для якіх галін сусветнай гаспадаркі характэрныя найбольшыя выдаткі на навуковыя даследаванні? У якіх краінах атрымалі найбольшае развіццё галіны высокіх тэхналогій? Чым гэта можна растлумачыць?

Для чаго мы гэта вывучаем? Якія найстарэйшыя ўніверсітэты свету вы ведаеце? Што такое тэхнапарк? На якіх напрамках навуковых даследаванняў яны спецыялізуюцца? З чым гэта звязана?

Рэгіёны сучаснай навукі і іх міжнародная спецыялізацыя. У навуковай прасторы свету ў ХХI ст. сфарміраваліся тры рэгіёны НДВКП: паўночнаамерыканскі, еўрапейскі і ўсходнеазіяцкі. Адметнай тэндэнцыяй геаграфіі галіны з’яўляецца высокая ступень прасторавай канцэнтрацыі. Тры дзяржавы — ЗША, Японія, Кітай — і ЕС засяроджваюць каля 80 % сусветных выдаткаў на НДВКП і аб’ёму экспарту высокіх тэхналогій, на іх долю прыпадае больш за 80 % навуковых публікацый і каля 70 % навуковых даследчыкаў свету.

ЗША валодаюць самым магутным у свеце патэнцыялам для развіцця навукі і тэхналогій і характарызуюцца найбольшымі аб’ёмамі выдаткаў на НДВКП (31,1 % сусветных). У краіне сканцэнтраваная пятая частка сусветнага рынку даследчыкаў, якімі выконваецца каля 30 % навуковых публікацый свету. Па выдатках на НДВКП у структуры ВУП (2,85 %) ЗША саступаюць у чацвёрцы лідараў толькі Японіі. Адносна высокай у параўнанні з іншымі дзяржавамі з’яўляецца доля экспарту высокіх тэхналогій у агульнай структуры экспарту — 20 %.

Еўрапейскі рэгіён з’яўляецца таксама адным з найважнейшых у сферы навукі і тэхналогій, аднак у параўнанні з ЗША мае больш глыбокія гістарычныя карані і традыцыі. Дзякуючы гэтаму фактару на долю Еўрапейскага саюза прыходзіцца 36,5 % сусветнага экспарту высокіх тэхналогій і 36,5 % навуковых публікацый. Тут таксама, як і ў ЗША, канцэнтруецца прыкладна пятая частка сусветнага рынку даследчыкаў, аднак па агульных выдатках на НДВКП ЕС займае другое месца ў сусветнай структуры (24,1 %). Для рэгіёна характэрная адносна высокая ў параўнанні з ЗША і Японіяй сярэдняя доля выдаткаў на НДВКП у структуры ВУП — 2,1 %, хоць гістарычна ў шэрагу дзяржаў (Фінляндыя, Швецыя, Данія і інш.) яны значна перавышаюць сярэднесусветныя паказчыкі. Доля экспарту высокіх тэхналогій у агульным аб’ёме экспарту рэгіёна невысокая ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі навукі і складае 15,3 %.

Усходнеазіяцкі рэгіён у сучасным свеце найбольш дынамічна развіваецца. У Японіі гістарычна надавалася большае значэнне сферы НДВКП, нягледзячы на тое што, у адрозненне ад Еўропы, гэтая галіна адносна маладая і яе найбольш інтэнсіўнае развіццё пачалося пасля Другой сусветнай вайны. Доля дзяржавы ў сусветнай структуры выдаткаў на НДВКП складае 11,2 %. Асаблівасць навукі Японіі — гэта дбайны адбор прыярытэтных напрамкаў у навукова-тэхнічнай палітыцы, эфектыўная арганізацыя і кіраванне даследаваннямі дзяржавы. Таму краіна характарызуецца высокай у свеце колькасцю даследчыкаў, якія прыходзяцца на 1 млн жыхароў, — 5230 чал., а таксама самымі высокімі значэннямі выдаткаў на НДВКП сярод чацвёркі — 3,4 %. Доля экспарту высокіх тэхналогій у агульнай структуры экспарту ў Японіі супастаўная з ЗША — 16 %. Аднак у сусветнай структуры навуковых публікацый, даследчыкаў і экспарту высокіх тэхналогій краіна саступае ЕС, ЗША і Кітаю.