*§ 30-1. ГЕАГРАФІЯ СФЕРЫ НДВКП СВЕТУ

Успамінаем. У чым падабенства і адрозненні паміж навукова-тэхнічным прагрэсам і навукова-тэхнічнай рэвалюцыяй? Якія асноўныя напрамкі навукова-тэхнічнага прагрэсу? Для якіх галін сусветнай гаспадаркі характэрныя найбольшыя выдаткі на навуковыя даследаванні? У якіх краінах атрымалі найбольшае развіццё галіны высокіх тэхналогій? Чым гэта можна растлумачыць?

Для чаго мы гэта вывучаем? Якія найстарэйшыя ўніверсітэты свету вы ведаеце? Што такое тэхнапарк? На якіх напрамках навуковых даследаванняў яны спецыялізуюцца? З чым гэта звязана?

Тэндэнцыі развіцця навукі ў сусветнай гаспадарцы ў ХХI стагоддзі. Сучасны сусветны рынак даследчыкаў у сферы НДВКП (навукова-даследчыя і вопытна-канструктарскія працы) налічвае 7209,7 тыс. чал., колькасць якіх пастаянна расце за кошт дзяржаў Азіі, якія развіваюцца. На эканамічна развітыя дзяржавы прыходзіцца 62,1 %, якія развіваюцца — 37,9 % даследчыкаў свету. Азіяцкі рэгіён характарызуецца найбольшай колькасцю навуковага персаналу — каля 3 млн чал., ці 40,9 % сусветнага рынку. Няўхільна ўзрастае доля Кітая. Другое месца належыць Еўропе — 29,5 %. Амерыканскі рэгіён займае трэцяе месца — 25,4 %.

Колькасць даследчыкаў на 1 млн жыхароў у свеце складае 1277 чал. У развітых краінах гэты паказчык у тры разы вышэй, чым у краінах, якія развіваюцца.

Найбольшая колькасць даследчыкаў у разліку на 1 млн чал. характэрная для Даніі (7483 чал.), Рэспублікі Карэя (7087 чал.) і Швецыі (7021 чал.) (мал. 211-2). Больш за ўсё інжынераў у свеце на 1 млн чал. працуе ў Люксембургу, Славеніі і Ісландыі.

Мал.
Мал. 211-2. Колькасць даследчыкаў на 1 млн чал. (па даных ЮНЕСКА, 2015 г.)

Доля выдаткаў на НДВКП у структуры ВУП складае ў свеце 2,27 % пры двухразовым разрыве паміж эканамічна развітымі краінамі і краінамі, якія развіваюцца.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Да катэгорыі высокатэхналагічнай прадукцыі ў цяперашні час прынята адносіць такую прадукцыю, пры вытворчасці якой узровень навукаёмістасці (доля выдаткаў на даследаванні і распрацоўкі, аднесеная да вынікаў вытворчасці) складае не менш за 3,5 %. У выпадку, калі доля выдаткаў на навуку больш за 8,5 %, дадзеная вытворчасць у краіне з’яўляецца вядучай навукаёмістай тэхналогіяй. Узровень навукаёмістых тэхналогій сярэдняга ўзроўню складае 2,5 %, нізкага ўзроўню — 0,5 %. Крытычнай кропкай развіцця навуковай сферы ў краіне з’яўляецца паказчык долі выдаткаў на ўзроўні 0,33 %.

У апошнія гады назіраецца тэндэнцыя росту выдаткаў у краінах, якія развіваюцца, і зніжэнне — у эканамічна развітых.

Па долі выдаткаў на НДВКП вылучаюць тры групы краін: 1) з высокімі выдаткамі, больш за 3 %; 2) сярэднімі — 1–3 %; 3) нізкімі — менш за 1 %. У першую групу ўваходзяць такія дзяржавы, як Ізраіль і Рэспубліка Карэя (па 4,3 %), Японія (3,4 %), Швецыя (3,3 %), Фінляндыя (3,2 %) (мал. 211-3). У большасці эканамічна развітых краін гэты паказчык вагаецца ад 2,5 да 3 %, у краінах з пераходнай эканомікай — 1,5 %. Цікава, што за 2000–2015 гг. доля выдаткаў у Кітаі ўзрасла амаль у тры разы — з 0,7 % да 2,0 %.

Мал.
Мал. 211-3. Доля выдаткаў на НДВКП, % ад ВУП (па даных ЮНЕСКА, 2015 г.)

Ва ўмовах постындустрыяльнага развіцця ў міжнародным гандлі прыкметна ўзрастае роля экспарту высокіх тэхналогій. Сусветны паказчык складае 17,9 %. У рэгіянальнай структуры вядучае месца належыць дзяржавам Усходняй Азіі і Ціхаакіянскага рэгіёна — 24,5 %. У Філіпінах доля экспарту перавышае 50 %, у Кітаі перавысіла 25 %. Да краін з высокай доляй экспарту адносяцца таксама Сінгапур (49 %), Малайзія (43 %), Казахстан (30 %), Ірландыя (29 %), Швейцарыя, Францыя і Рэспубліка Карэя (па 27 %) (мал. 211-4).

Мал.
Мал. 211-4. Глабальныя цэнтры экспарту высокіх тэхналогій (па даных ЮНЕСКА, 2015 г.)

Адным з паказчыкаў рэзультатыўнасці навукі з’яўляецца публікацыйная актыўнасць. У 2016 г. у свеце было апублікавана 2296 тыс. артыкулаў, з іх у развітых краінах — 75,3 %, краінах, якія развіваюцца, — 24,7 %. Адметнай асаблівасцю дынамікі за 2000–2016 гг. з’яўляецца двухразовы рост колькасці артыкулаў у краінах, якія развіваюцца. Еўропа характарызуецца ў рэгіянальнай структуры найбольшай доляй публікацый — 42,5 %, Амерыка займае другую пазіцыю (35,3 %), Азія — трэцюю (30,7 %). Сярод еўрапейскіх краін першыя пазіцыі на сусветным рынку навуковых публікацый займаюць Германія і Францыя. У Азіі вылучаецца найстарэйшы цэнтр — Японія (7,6 % сусветнага рынку). Новым лідарам становіцца Кітай. За 2000–2016 гг. колькасць артыкулаў павялічылася больш чым на 30 %, і ў цяперашні час гэтая краіна займае першае месца. Другое месца ў свеце па колькасці публікацый займае Індыя.

Свет і Беларусь. Якія буйныя ўніверсітэты ў Беларусі вы ведаеце? Спецыялістаў у якіх сферах яны рыхтуюць? Выкарыстоўваючы дадатковую літаратуру, зрабіце міні-паведамленне на тэму, якія напрамкі навуковых даследаванняў у нашай краіне маюць міжнароднае прызнанне.