§ 19. ГЕАГРАФІЯ ЖЫВЁЛАГАДОЎЛІ

Успамінаем. Якія галіны вылучаюць у сельскай гаспадарцы? Якія падгаліны ўваходзяць у жывёлагадоўлю? Чаму развядзенне буйной рагатай жывёлы займае вядучае месца ў жывёлагадоўлі?

Для чаго мы гэта вывучаем? Чаму жывёлагадоўля па кошце мае перавагу над раслінаводствам? Якія праблемы, на ваш погляд, сёння актуальныя для жывёлагадоўлі?

Міжнародны гандаль прадукцыяй жывёлагадоўлі. Развітыя краіны значна апярэджваюць краіны, якія развіваюцца, па паказчыках вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі. Гэта прычына тлумачыць становішча ў міжнародным гандлі. Па большасці артыкулаў экспарту лідзіруюць развітыя краіны. Вядучымі экспарцёрамі ялавічыны і цяляціны з’яўляюцца Аўстралія, Германія, Нідэрланды, ЗША; свініны — Нідэрланды, Бельгія, Данія; бараніны — Новая Зеландыя, Аўстралія і Вялікабрытанія; мяса птушкі — Францыя, ЗША, Нідэрланды; воўны — Аўстралія, Новая Зеландыя, Аргенціна. Артыкулам экспарту, у якім лідзіруюць краіны, што развіваюцца, з’яўляецца буйная рагатая жывёла. У групе вядучых краін знаходзяцца Бразілія, Аргенціна і Мексіка. Па экспарце авечак і коз вылучаецца Турцыя.